Мужчына ў Кітаі застрахаваў жонку на вялікую суму і забіў яе, каб атрымаць кампенсацыю і разлічыцца з прастытуткамі
Жудасная гісторыя, якая актыўна абмяркоўвалася ў кітайскіх сацсетках, адбылася яшчэ ў 2021 годзе, і толькі цяпер суд раскрыў дэталі справы і вынес канчатковы вердыкт злачынцу.
У Кітаі завяршыўся рэзанансны суд над мужчынам, пазначаным у дакументах следства пад прозвішчам Лі, які на пароме ўдарыў жонку па галаве, а затым скінуў яе ў мора. Ён зрабіў гэта, каб атрымаць страхавую кампенсацыю і выкарыстаць грошы для пагашэння даўгоў і аплаты паслуг прастытутак, паведамляе выданне South China Morning Post.
Інцыдэнт адбыўся 5 мая 2021 года, калі пара падарожнічала на марскім пароме з правінцыі Ляанін у правінцыю Шаньдун. Жонка, таксама з прозвішчам Лі, выпала за парэнчы ў мора. Праз 45 хвілін паліцыя знайшла яе цела, а муж выглядаў паралізаваным ад шоку, сцвярджаючы, што гэта быў няшчасны выпадак.
Аднак паліцыя западозрыла забойства, бо месца падзення было ў сляпой зоне сістэмы назірання карабля, якая ўключала больш за 200 камер. Эксперты-крыміналісты таксама выявілі след ад удара на галаве жанчыны.
У дадатак да гэтага, мужчына падазрона настойваў на хуткім атрыманні пасведчання пра смерць жонкі, спасылаючыся на мясцовыя традыцыі, якія нібыта патрабуюць крэмацыі на працягу трох дзён пасля смерці.
Дадатковае расследаванне выявіла, што Лі на момант смерці жонкі меў каля $140 тысяч даўгоў (частка з іх — аплата паслуг прастытутак), а праз два месяцы шлюбу купіў на жыццё жонкі чатыры страхавыя полісы, у якіх быў пазначаны як адзіны выгадаатрымальнік пры пэўных здарэннях. Так у выпадку смерці жонкі «ў транспартным інцыдэнце» сумарная кампенсацыя з усіх полісаў магла скласці $1,6 мільёна.
Ключавыя доказы непасрэднай віны мужчыны потым атрымалі з запісаў камер назірання, размешчаных крыху далей ад месца падзення. Эксперты вызначылі, што траекторыя падзення цела жанчыны ўказвае на тое, што яе штурхнулі. Акрамя таго, у кадры былі заўважаны рукі пад чорным адзеннем — а ў дзень трагедыі Лі насіў менавіта чорны касцюм.
Падчас следства паліцыя таксама выявіла, што Лі ўжо праз паўмесяца пасля смерці жонкі хутка вярнуўся да ранейшых паводзін, скарыстаўшыся паслугамі прастытуткі ў гасцініцы. Аднак на гэты раз прастытутка аказалася падасланая паліцыяй. Пасля гэтага мужчыну затрымалі.
Як вынікае з судовых дакументаў, Лі валодаў рэстаранам у Шанхаі і часта меў даўгі перад персаналам і пастаўшчыкамі тавараў. Забітая ім жонка была супрацоўніцай гэтага рэстарана з 2016 года, а ў 2020-ым за шэсць месяцаў да сваёй гібелі выйшла за Лі замуж. Пры гэтым, паводле следства, пра шлюб не ведаў ніхто, у тым ліку супрацоўнікі рэстарана, а суседзі сцвярджалі, што пара не выглядала як сям'я.
У выніку суд прызнаў Лі вінаватым у наўмысным забойстве, і ў ліпені 2022 года ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Апеляцыйны суд у канцы лістапада 2024 года пацвердзіў гэты прысуд. Невядома, ці было пакаранне ўжо прыведзена ў выкананне.
Каментары