Грамадства1616

У Мінску смяротнасць ад каранавіруса заніжалі больш чым у 4 разы

Улады Беларусі ў разы заніжалі статыстыку захворвання і смяротнасці ад COVID-19. Арганізацыя BELPOL перадала «Белсату» некалькі злітых дакументаў, звязаных з нараджальнасцю і смяротнасцю ў Беларусі, а таксама колькасцю зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 і смерцяў ад каранавіруса. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo / Jean-Francois Badias

З кавідам непасрэдна звязаныя два дакументы. Першы — рэальная колькасць зарэгістраваных выпадкаў COVID-19 у Беларусі з разбіўкай па абласцях, звесткі з пачатку 2020 года па 25 студзеня 2023 года. Другі — спіс памерлых з прычынамі смерці ад мінскага патолагаанатамічнага бюро з 25 сакавіка 2020 года па 2 лістапада 2021-га.

У колькі разоў занізілі статыстыку па кавідзе? 

Статыстыка захворванняў, якую здабыў BELPOL, істотна адрозніваецца ад той, што публікавала Міністэрства аховы здароўя.

Не супадае нават форма графікаў захворванняў: агульнае між афіцыйнай і рэальнай статыстыкай хіба тое, што пік захворванняў прыпаў на люты 2022 года. 

Новыя выпадкі COVID-19, выяўленыя ў Беларусі на дзень. Зялёным — што паведамляла Міністэрства аховы здароўя. Чырвоным — што было ў здабытай BELPOL рэальнай статыстыцы. Графік: «Белсат»

Рэальнай статыстыкі зарэгістраванай смяротнасці ад кавіду па ўсёй краіне даведацца пакуль не ўдалося. Ды BELPOL падзяліўся з «Белсатам» звесткамі пра смяротнасць у Мінску. Выходзіць такая статыстыка колькасці смерцяў з пазнакай прычыны «B 97.2» — «Каранавірусы як прычына хваробаў».

Смерцяў у Мінску з пазнакай прычыны «B 97.2» — «Каранавірусы як прычына хваробаў». Графік: «Белсат»

Сумарна ад 25 сакавіка 2020 года па 2 лістапада 2021-га ў Мінску зарэгістравалі 5605 смерцяў ад каранавіруса. У той жа час зарэгістравалі (па-сапраўднаму, не ў афіцыйнай статыстыцы, якую публікавала Мінздароўя) 380 801 выпадак COVID-19 у Мінску і 1 348 435 выпадак па ўсёй Беларусі. 

Можна прыблізна падлічыць, колькі было смерцяў агулам па Беларусі. Калі ў Мінску было 28,24% ад усіх выпадкаў кавіду па Беларусі і калі суадносіны смерцяў ад кавіду былі такімі ж, то выходзіць, што па ўсёй Беларусі на 2 лістапада 2021 года каранавірус быў запісаны прычынай смерці ў прыблізна 19 848 чалавек.

«Лечаць пад капірку, пра кавід не гавораць» — беларусы пра сітуацыю з сезоннымі захворваннямі

Статыстыка смяротнасці ў Мінску сканчаецца перад самым вялікім пікам зарэгістраваных захворванняў і смяротнасці ад кавіду: як у Беларусі, так і ў свеце ён прыпаў на люты 2022 года — імаверна, праз пашырэнне вакцынацыі і імунітэту, а таксама распаўсюд менш летальных штамаў каранавірусу.

Ды можна падлічыць скажэнне статыстыкі Міністэрствам аховы здароўя і прыблізна даведацца, якой была б нескажоная статыстыка. 

На 2 лістапада 2021 года (апошняя дата ў дасяжных звестках мінскага патолагаанатамічнага бюро) Мінздароўя заяўляла, што ў Беларусі агулам зарэгістравалі 604 037 выпадкаў COVID-19 і смерці 4662 інфікаваных.

Зарэгістраваныя захворванні заніжаныя ў 2,23 раза ў параўнанні з сапраўднай статыстыкай, якую здабыў BELPOL, а зарэгістраваная смяротнасць па краіне, імаверна (калі ў Мінску і рэшце краіны суадносіны хваробаў і смерцяў былі аднолькавымі), заніжаная ў 4,26 раза. 

5 ліпеня 2022 года Мінздароўя апошні раз паведаміла сваю версію кавіднай статыстыкі: зарэгістравана 994 037 выпадкаў COVID-19 і 7118 смерцяў інфікаваных. У параўнанні з сапраўднай статыстыкай захворванні заніжаныя ў 2,09 раза — амаль у столькі ж, у колькі занізілі на 2 лістапада 2021 года. Калі лічыць, што смяротнасць занізілі, як і раней, у 4,26 раза, то выходзіць, што зарэгістраваных смерцяў інфікаваных было каля 30,3 тысячы.

Імаверна, у Беларусі зарэгістравалі каля 30 тысяч смерцяў ад кавіду за першыя два з паловай гады пандэміі.

На 25 студзеня 2023 года — апошнюю дату ў здабытай «BELPOL» статыстыцы захворванняў — па Беларусі было зарэгістравана 2 185 065 выпадкаў кавіду. На той дзень Мінздароўя ўжо паўгода не публікавала сваёй статыстыкі, а зарэгістраваная смяротнасць ад кавіду істотна знізілася ў Беларусі і ва ўсім свеце. Ды ключавое слова — «зарэгістраваныя».

Зарэгістраваныя прычыны смерці не маюць значэння. Глядзець трэба на надмерную смяротнасць — і з ёй жах

«Кіберпартызаны» атрымалі базу звестак пра прычыны смерці па ўсёй Беларусі — не толькі па Мінску. Прадстаўнік «Кіберпартызанаў» сказаў «Белсату», што гэтыя звесткі апрацоўваюць і неўзабаве зробяць публікацыю наконт гэтага. 

Ды прадстаўнік «Кіберпартызанаў» адзначыў, што колькасць памерлых з пазнакай прычыны «B 97.2» на самой справе не мае значэння: гэтую прычыну смерці пісалі «вельмі абмежавана», лекарам проста забаранялі пісаць сапраўдную прычыну — і ў памерлых ад кавіду прычынай смерці можа быць запісаная хвароба сэрца, дыябет ці штосьці іншае. Гэта ўскосна пацвярджаецца дакументам Мінздароўя, якім з «Белсатам» падзяліўся BELPOL: у параўнанні з 2015 годам, у 2022 годзе ў структуры прычынаў смерці ў Беларусі стала на 5,3 адсоткавага пункта больш хваробаў сістэмы кровазвароту (да якіх кавід не адносіцца), а долі смерцяў ад рэшты прычынаў знізіліся.

Глядзець варта на надмерную смяротнасць, то бок перавышэнне звычайнага «дакавіднага» ўзроўню смяротнасці, кажуць «Кіберпартызаны». Здабытыя звесткі яны яшчэ апрацоўваюць. 

Але маштабы можна ўявіць з ранейшых ацэнак: у 2022 годзе ў навуковым часопісе «Lancet» група навукоўцаў апублікавала ацэнкі надмернай смяротнасці ў розных краінах за 2020—21 гады. Паводле гэтых падлікаў, за два першыя гады пандэміі ў Беларусі надмерная смяротнасць склала каля 85,6 тысячы чалавек (дыяпазон — ад 81,6 да 93,4 тысячы). Гэта ў 15,35 раза больш за колькасць смерцяў ад кавіду, якую прызнала на 31 снежня 2021 года Міністэрства аховы здароўя Беларусі. І калі лічыць на душу насельніцтва, гэта адзін з найгоршых паказчыкаў у Еўропе: каля 483,1 смерці на 100 тысяч насельніцтва. Горш толькі ў Паўночнай Македоніі (583,6) і Балгарыі (647,3). Паказчык Беларусі — між Перу і Ліванам, у 4 разы большы за сярэдні па свеце.

Пасля гэтага каранавірус не перастаў забіваць. На пачатак 2022 года ў свеце зарэгістравалі 5,5 млн смерцяў ад кавіду, на сёння вядома пра 7 млн зарэгістраваных смерцяў ад кавіду па ўсім свеце. Калі надмерная смяротнасць у Беларусі мянялася прыблізна так жа, як колькасць зарэгістраваных смерцяў ад кавіду па свеце, то за 2020—24 гады надмерная смяротнасць у Беларусі можа дасягаць 109 тысяч чалавек. Калі яшчэ не больш. 

109 тысяч памерлых — страты, параўнальныя са стратамі Расіі ў вайне супраць Украіны.

Афіцыйна Расія не раскрывае свае страты, Украіна ж паведамляе пра страты Расіі разам забітымі і цяжка параненымі (на сёння гэта больш за 800 тысяч чалавек). Ды журналісты «Медиазоны» і «BBC» сабралі імёны 84 761 загінулага расейскага вайскоўца, а на падставе колькасці справаў аб спадчыне лічаць, што на вайне ва Украіне агулам загінула не менш як 120 тысяч расейскіх вайскоўцаў (разлікі на чэрвень 2024 года). То бок, два з паловай гады нападу на Украіну прынеслі Расеі прыблізна столькі ж смерцяў, колькі прынеслі Беларусі чатыры гады кавіду. 

У Беларусі не толькі надзвычайная смяротнасць, але і надзвычай нізкая нараджальнасць

Беларусь губляе насельніцтва не толькі ад каранавірусу, але і ад эміграцыі, і ад нізкай нараджальнасці. Яшчэ нядаўна насельніцтва Беларусі было як у Аўстрыі ці Швейцарыі, але ўжо меншае, чым у Сьера-Леонэ: Камітэт дзяржаўнага кантролю ў адным са здабытых BELPOL дакументаў называў статыстыку, з якой вынікае, што ў Беларусі ў лістападзе 2024 года заставалася каля 8,78 млн чалавек.

Улады ведаюць, што з дэмаграфіяй у Беларусі бяда. BELPOL здабыў і перадаў «Белсату» аналітыку Мінздароўя аб дэмаграфіі ў 2015—2022 гадах, з якой вынікае, што ў Беларусі з 2017 года няспынна падае нараджальнасць — і што кавід прынёс скачок смяротнасці. У раней здабытай BELPOL справаздачы Мінздароўя за 2023 год пісалі, што нараджальнасць у тым годзе ўпала да рэкордна нізкіх 6,96 народжаных дзяцей на 1000 чалавек. Нават у 1990-я, якімі пужае беларусаў Аляксандр Лукашэнка, гэты паказнік не апускаўся ніжэй за 8,7. 

Зялёным: нараджальнасць на 1000 чалавек. Чырвоным: смяротнасць на 1000 чалавек. Чорным: натуральныя страты насельніцтва на 1000 чалавек. Выява: «Белсат»

Каментары16

  • ####
    13.01.2025
    Вось гэта і ёсць сапраўдны генацыд беларускага народа.
  • Облздрав
    13.01.2025
    Пик в феврале случился 2022 года у тех, кто сделал прививку в конце 2021, а прививали массово китайской и российской недовакцинами.
  • Аліна
    13.01.2025
    А на свеце у гэтулькі ж разоў завышалі. Баланс на карысць Беларусі.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года41

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрасаюз запусціў праграму падтрымкі адукацыі беларусаў, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій6

На станцыі метро «Маскоўская» спыніўся цягнік

Telegram заблакаваў расійскі інсайдарскі канал з мільёнам падпісчыкаў па патрабаванні расійскіх уладаў13

Як выгадна купіць машыну на аўкцыёне ў Еўропе без пасярэднікаў — расказваем16

Маладыя бацькі ў 100 гадоў. У пары галапагоскіх чарапах упершыню нарадзіліся дзеці

Трамп пракаментаваў падзенне фондавага рынку з-за ўвядзення пошлін4

Еўрапейскі ўніверсітэт залічыў першага студэнта — штучны інтэлект

Мора на майскія: дзе адпачыць і колькі будзе каштаваць2

«Прыехала, каб шэсць гадзін паглядзець тэлевізар». Беларуску са статусам уцекача не пусцілі ва Украіну без візы9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года41

Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць