Свет11

Дзяржсакратар Рубіа: ЗША працягнуць аказваць дапамогу іншым краінам, аднак сістэма патрабуе рэарганізацыі

Марка Рубіа заявіў, што ЗША працягнуць аказваць замежную дапамогу, бо правільна арганізаваная дапамога прыносіць карысць краіне.

Марка Рубіа. Фота: AP Photo/Mark Schiefelbein

Злучаныя Штаты не адмаўляюцца ад аказання дапамогі замежным дзяржавам, аднак структура і працэс гэтай дапамогі павінны быць рэарганізаваныя з улікам нацыянальных інтарэсаў ЗША. Пра гэта дзяржаўны сакратар Марка Рубіа заявіў у панядзелак у інтэрв’ю вядучаму падкаста Patriot на SiriusXM Скоту Джэнінгсу, паведамляе «Голас Амерыкі».

Адказваючы на пытанне аб сур’ёзных зменах у працы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID), ініцыяваных адміністрацыяй Дональда Трампа, і аб магчымасці поўнага спынення замежнай дапамогі, Рубіа сказаў:

«Па-першае, мы не адмаўляемся ад замежнай дапамогі. Мы будзем працягваць аказваць дапамогу, таму што я лічу, што правільна арганізаваная дапамога прыносіць карысць краіне. Але яна павінна быць арганізаваная правільна. Цяпер уяўленне пра тое, што мы павінны выдаткоўваць ад 40 да 60 мільярдаў долараў на замежную дапамогу і што ўсе гэтыя грошы выкарыстоўваюцца разумна, абсурдна. Частка гэтых сродкаў траціцца неэфектыўна.

Наша задача простая: перагледзець усю нашу замежную дапамогу — значная частка праходзіць праз USAID, частка праз Дзярждэпартамент — вызначыць праекты, якія сапраўды падтрымліваюць нашы нацыянальныя інтарэсы, і працягваць іх фінансаванне, а таксама пазбавіцца ад тых, якія з’яўляюцца пустой тратай грошай або нават супярэчаць нашым інтарэсам у свеце».

«Цяпер мы прыпынілі ўсю замежную дапамогу і аналізуем яе праект за праектам. Тыя, якія не маюць сэнсу, будуць выключаныя, а тыя, якія прыносяць карысць, будуць захаваныя ці нават узмоцненыя», — дадаў дзяржсакратар.

Каментуючы сваю нядаўнюю паездку ў краіны Цэнтральнай Амерыкі — Рубіа наведаў Панаму, Сальвадор, Коста-Рыку, Гватэмалу і Дамініканскую Рэспубліку — дзяржсакратар адзначыў «вельмі пазітыўнае» стаўленне ўлад гэтых краін да ЗША.

«Гэтыя краіны хочуць супрацоўнічаць з Злучанымі Штатамі. Акрамя таго, яны знаходзяцца на маршрутах нелегальнай міграцыі і наркатрафіку і сутыкаюцца з велізарнымі праблемамі праз гэта», — сказаў Рубіа.

З 14 па 16 лютага дзяржсакратар будзе ўдзельнічаць у працы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая адбудзецца ў Германіі.

«У Мюнхене галоўная мэта — пацвердзіць нашу пазіцыю. Хоць канферэнцыя праходзіць у Еўропе, яна тычыцца не толькі Еўропы. Там збіраюцца лідары з усяго свету. Але, безумоўна, галоўным пытаннем для ўсіх будзе вайна ва Украіне. Прэзідэнт Трамп ясна даў зразумець, што гэтая вайна павінна скончыцца. Ён пачынае выбудоўваць шырокі план для рэалізацыі гэтай ідэі, таму што спыненне канфлікту адпавядае інтарэсам усіх бакоў. Відавочна, мы будзем абмяркоўваць гэтае пытанне з міністрамі замежных спраў і іншымі сусветнымі лідарамі», — сказаў Рубіа.

Пасля гэтага дзяржсакратар наведае некалькі краін Блізкага Усходу, уключаючы Ізраіль, ААЭ, Катар і Саудаўскую Аравію.

«Акрамя наступстваў падзей 7 кастрычніка, цяпер ёсць патэнцыйна цікавыя магчымасці для змены рэгіянальнай дынамікі, і мы хочам гэта вывучыць. У Ліване сфарміраваны новы ўрад, і «Хезбала»… Уявіце сабе рэгіён, дзе стабільны ўрад Лівана кантралюе поўдзень краіны, а «Хезбала» больш не пагражае Ізраілю штодзённа», — сказаў Рубіа.

«Уявіце сабе патэнцыйную сітуацыю — нам яшчэ трэба гэта ўбачыць, але ўсё магчыма — пры якой Сірыя больш не знаходзіцца пад уладай Асада, не залежыць ад Ірана і Расіі, не падвяргаецца ўплыву ІДІЛ і не ўяўляе пагрозу бяспецы Ізраіля».

«Уявіце сабе рэгіён, у якім Ізраіль адчувае сябе ў бяспецы дзякуючы зменам у Ліване і Сірыі і гатовы заключыць мірнае пагадненне з Саудаўскай Аравіяй і іншымі краінамі Персідскага заліва — нешта накшталт Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў з Егіптам або мірнага дагавора з Іарданіяй. У такім выпадку рэгіён становіцца зусім іншым, і магчымасці, якія раней здаваліся немагчымымі, становяцца рэальнымі», — дадаў Рубіа.

«Гэта той шанец, які мы павінны вывучыць. У нас ёсць абавязак паспрабаваць гэта зрабіць. Прэзідэнт Трамп ясна даў зразумець, што адной з яго мэтаў з'яўляецца садзейнічанне міру ва ўсім свеце. Калі ў нас ёсць шанец стварыць умовы для міру, мы павінны зрабіць усё магчымае, каб гэтаму садзейнічаць».

Каментары1

  • Клоўны
    11.02.2025
    "Мы будзем працягваць аказваць дапамогу, таму што я лічу...". Нічога гэтая беспрынцыпная марыянетка не лічыць.

Цяпер чытаюць

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй27

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Усе навіны →
Усе навіны

88‑гадовы кіроўца справакаваў аварыю ў цэнтры Мінска1

Мінчук зняў ролік пра чаргу ў паліклініцы, дзе было больш за 150 чалавек. За гэта на яго напісалі заяву ў міліцыю21

«Альтэрнатыва для Германіі» папярэдне выйграе выбары ў другім рэгіёне46

Памёр бард і пісьменнік Анатоль Кудласевіч4

Тры найбуйнейшыя металургічныя заводы Украіны спынілі працу пасля расійскіх атак. Цэлая галіна прамысловасці аказалася пад пагрозай 10

Юліяна Шаметавец з «Кіберпартызанаў» стала маці — расказвае пра дэкрэтны адпачынак у ЗША і тое, ці сапраўды можна сумяшчаць працу з мацярынствам18

Каверын выбачыўся за прапанову эратычнай фотасесіі для Ціханоўскай66

Дрон ці балістыка? Што гэта за «Пелікан», якім сёння ўкраінцы атакавалі Маскву6

Першая ў гісторыі горада. У Баранавічах дзяўчынку назвалі вельмі рэдкім старажытнагрэчаскім іменем 8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй27

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць