Прэзідэнт Літвы працягвае выступаць за ўніфікацыю санкцый супраць беларусаў і расіян
Літоўскі Сейм галасуе за працягванне абмежавальных мер супраць грамадзян Беларусі і Расіі яшчэ на год. У законе санкцый супраць беларусаў па-ранейшаму менш, але ў адміністрацыі прэзідэнта Літвы іншае меркаванне.

Прэзідэнт Літвы працягвае выступаць за ўніфікацыю абмежаванняў супраць грамадзян Беларусі і Расіі.
Пра гэта расказаў галоўны дарадца прэзідэнта Гітанаса Наўседы Фрэдэрыкас Янсанас, піша LRT.
«Пазіцыя прэзідэнта не змянілася, геапалітычная сітуацыя таксама не змянілася. Больш за тое, за гэтыя два гады яна пагоршылася. З тых часоў, як у 2023 годзе мы ўпершыню пачалі гаварыць пра ўніфікацыю санкцый у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі, за гэтыя два гады Беларусь стала ядзернай дзяржавай, на тэрыторыі якой размешчаная расійская ядзерная зброя, гэта значыць яшчэ больш зблізілася з Расіяй, і адрозніваць іх робіцца ўсё складаней. Таму праблема нікуды не знікла, і пазіцыя прэзідэнта застаецца нязменнай», — заявіў Янсанас.
Сейм галасуе за працягванне санкцый супраць расіян і беларусаў яшчэ на год. Абмежаванні не ўніфікаваныя: напрыклад, расіянам без ДНЖ забаронена набываць у Літве нерухомасць, ім нельга ўяжджаць у краіну праз знешнія межы ЕС. Пры гэтым МЗС Літвы выступае супраць уніфікацыі абмежаванняў.
Адміністрацыя прэзідэнта Літвы не бачыць нічога кепскага ў тым, што МЗС прытрымліваецца іншага пункту гледжання, і прапануе проста працягванне абмежаванняў, не ўніфікуючы іх.
«Гэтыя пазіцыі не абавязкова павінны супадаць з пазіцыяй прэзідэнта», — адзначыў дарадца Наўседы.
Каментуючы пазіцыю некаторых членаў Сейма, якія прагаласавалі супраць працягвання санкцый, Янсанас заявіў, што частка з іх усвядоміла сваю памылку. Тым не менш, дарадца прэзідэнта Літвы адзначыў, што не разумее некаторых так званых эканамічных аргументаў, на падставе якіх было прынята рашэнне галасаваць супраць.
«Я разумею, калі пры экспарце ў цябе няма рынкаў збыту, і ты губляеш грошы — гэта лагічна. Але якім чынам можна нешта страціць з-за імпарту — гэта хай ужо эканамісты Nemuno aušros [»Зара над Нёманам» — папулісцкая партыя, якая ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю. — НН] растлумачаць больш дэталёва.
Але, думаю, у кожнага ёсць сваё меркаванне, свае сімпатыі ці антыпатыі да Расіі і Беларусі, аднак не думаю, што пазіцыя літоўскай дзяржавы зменіцца ў найбліжэйшы час», — сказаў Янсанас.
На мінулым тыдні Сейм пасля прадстаўлення ўхваліў прапанову пра працяг нацыянальных санкцый супраць грамадзян Расіі і Беларусі.
Цяпер закон аб нацыянальных санкцыях прадугледжвае, што гэтыя абмежавальныя меры дзейнічаюць да 2 мая 2025 года. Прапануецца падаўжэнне гэтага тэрміну яшчэ на год.
У рамках гэтага закона ўзмоцненыя правілы выдачы грамадзянам Расіі і Беларусі дазволаў на пастаяннае і часовае пражыванне ў краіне, візаў, а таксама электроннага статусу рэзідэнта. Таксама забаронена перасячэнне знешняй мяжы Еўрасаюза грамадзянамі Расіі, а тыя, што ўязджаюць, ацэньваюцца на прадмет дадатковых рызык.
Акрамя таго, заканадаўчы акт абмяжоўвае права грамадзян Расіі на набыццё нерухомасці ў Літве, увоз сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў расійскага і беларускага паходжання, а таксама ўкраінскіх грыўняў.
Каментары
Нашы людзі масава ўжо з'язджаюць адтуль. Таму ніякай значнасці для нас гэта ня мае!