Грамадства33

«Патрыятычны» фонд Мікалая Карпянкова для школьнікаў, падобна, фінансуецца «Інтэгралам»

Фонд «Маладая гвардыя» працуе крыху больш за год і займаецца «патрыятычным выхаваннем» школьнікаў у клубах на базе Унутраных войскаў МУС. Выданне «Люстэрка» пры дапамозе Belpol атрымала дакумент, падпісаны камандуючым унутранымі войскамі Мікалаем Карпянковым. Ён раскрывае некаторыя дэталі фінансавання гэтай арганізацыі.

Намеснік міністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў на прысязе ў часці 3214. Мінск, 17 мая 2025 года. Скрыншот: відэа СТВ

«Прашу разгледзець магчымасць аказання дапамогі»

Ліст, які аказаўся ў распараджэнні «Люстэрка», датаваны 12 сакавіка 2025 года. У ім Мікалай Карпянкоў звяртаецца асабіста да міністра прамысловасці Беларусі Аляксандра Яфімава.

У пачатку ён выказвае «вялікую ўдзячнасць за падтрымку і практычную працу, накіраваную на развіццё ўнутраных войскаў і ўмацаванне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Пасля апісвае працу патрыятычных клубаў і фонду «Маладая гвардыя», які гэтыя клубы падтрымлівае:

«Арганізуюцца і праводзяцца мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці ў навучальных установах краіны і сумесныя мерапрыемствы з клубамі і кадэцкімі школамі Расійскай Федэрацыі, рэалізуюцца меры па падтрымцы сем'яў вайскоўцаў і выхаванцаў клубаў, а таксама грамадзян, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, у тым ліку аказанне ім сацыяльнай дапамогі».

Таксама фонд «суправаджае» выпускнікоў клубаў да паступлення ў ВНУ або пачатку працы.

Скрыншот ліста намесніка кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова міністру прамысловасці Аляксандру Яфімаву. Дакумент атрыманы «Люстэркам» пры дапамозе Belpol

«У сувязі з гэтым, паважаны Аляксандр Уладзіміравіч, ведаючы вас як чалавека дзяржаўнага мыслення, прашу разгледзець магчымасць аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі фонду «Маладая гвардыя», — звяртаецца Карпянкоў да міністра прамысловасці.

Аўтар ліста не называе дакладную суму, якую чакае атрымаць ад прадпрыемстваў, падпарадкаваных Мінпраму. Але адзначае, што сродкі патрэбныя «на сістэмнай аснове ў выглядзе грашовых сродкаў».

Карпянкоў прапануе міністру самому вызначыць, якія прадпрыемствы будуць плаціць. Аднак пытанне ўжо «папярэдне ўзгодненае» з дырэктарам ААТ «Інтэграл» Андрэем Буйневічам.

«Пастаянны памочнік у справе патрыятычнага выхавання»

Адказу на гэты ліст у «Люстэрка» няма, аднак не выключана, што міністр даў згоду і ўзгадніў спонсарскую дапамогу «Маладой гвардыі» ад «Інтэграла».

З 15 сакавіка 2025 года ў сацсетках фонду сталі з'яўляцца фотасправаздачы з экскурсіямі школьнікаў у форме на прадпрыемства (да гэтага моманту прайшло тры такія экскурсіі).

Выхаванцы вайскова-патрыятычнага клуба «Рысь» прыйшлі на экскурсію на прадпрыемства «Інтэграл». Мінск, 15 сакавіка 2025 года. Фота: тэлеграм-канал «Молодая гвардия ВВ МВД»

16 сакавіка дырэктар «Інтэграла» Андрэй Буйневіч і два ягоныя намеснікі наведалі вайскова-патрыятычны клуб «Рысь» у вайсковай часці 3214. Цяпер жа аўтары публікацый у сацсетках «Маладой гвардыі» не скупяцца на эпітэты: называюць «Інтэграл» «гонарам краіны» і «пастаянным памочнікам дабрачыннага фонду ў справе патрыятычнага выхавання і навучання». А яго кіраўнікоў — «ганаровымі гасцямі». Хоць да сакавіка 2025 года ні разу не згадвалі гэтае прадпрыемства.

12 красавіка ў Беларусі праходзіў рэспубліканскі суботнік. На ім камандаванне ўнутраных войскаў МУС, дзеці з вайскова-патрыятычных клубаў і супрацоўнікі «Інтэграла» працавалі разам — «у адзіным парыве» прыбіралі тэрыторыю сквера Марата Казея ў Мінску.

Што за «Маладая гвардыя»?

Фонд «Маладая гвардыя» з'явіўся ў маі 2024 года. Ён аб'яднаў усе вайскова-патрыятычныя клубы на базе структур унутраных войскаў МУС, цяпер іх ужо 22.

Дырэктар — памочнік камандуючага ўнутранымі войскамі Сяргей Грабеннікаў. Да яго арганізацыю ўзначальвала аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Ганна Веруш. Яна таксама «член Праблемнага савета Акадэміі кіравання па грамадска-палітычных навуках» і прафесарка Расійскай акадэміі вайсковых навук.

Заснавальнік фонду — «Беларускае таварыства «Веды», напісана ў рэкламнай улётцы, прыкладзенай да ліста Карпянкова. Пры гэтым у некаторых пастах тэлеграм-канала арганізацыі яе заснавальнікам называюць кіраўніка арганізацыі «Веды» Вадзіма Гігіна. Афіцыйны адрас «патрыятычнай» арганізацыі супадае з адрасам Нацыянальнай бібліятэкі, якой таксама кіруе Гігін.

Фармальна фонд не мае ведамаснай падпарадкаванасці, гаворыцца ў даных арганізацыі з Адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб.

Мікалай Карпянкоў выступае на мерапрыемстве ў гонар гадавіны фонду «Маладая гвардыя». Мінск, 25 мая 2025 года. Фота з тэлеграм-канала «Внутренние войска МВД»

У склад апякунчай рады «Маладой гвардыі» ўвайшлі «прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, палітыкі, работнікі СМІ і прадпрымальнікі» — усяго 13 чалавек. Іх імёны не паведамлялі, але ў момант адкрыцця фонду сярод гасцей былі, напрыклад, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.

Якая роля Карпянкова ў гэтай арганізацыі — з даступных даных незразумела. Аднак менавіта ён аб'яўляў пра стварэнне «Маладой гвардыі» і віншаваў арганізацыю з гадавінай. Таксама Карпянкоў рэгулярна прысутнічае на яе мерапрыемствах.

Каментары3

  • H
    06.06.2025
    Дзяцей пасля на ўлік па справах непаўнагадовых, іх бацькоў, 99% іх бацькоў зразумела хто, там і так спраў крымінальных за терор будзе хапаць
  • даведка
    06.06.2025
    Белорусское телевидение уже открыто называет их на российский лад юнармейцы.
  • Барадзед
    07.06.2025
    Это тоталитарная секта имени Карпенкова. Они готовы умереть.

Цяпер чытаюць

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў28

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў

Усе навіны →
Усе навіны

«Пачаў крычаць, кінуў мыліцы на зямлю». Пасадка ў таксі ў Мінску скончылася канфліктам2

Беларуска адправіла сына на летнія канікулы ў Чалябінск. А бабуля вырашыла не вяртаць дзіця23

Туск: Расія рыхтуецца да эскалацыі ў рэгіёне. Гэтая зіма будзе вырашальнай20

Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка17

Вяртанне Кашча, адмена русалак, наўе з Полацка, копша і вегелмоф. Што прапануе першы беларускі дапаможнік для перакладчыкаў фэнтэзі3

Беларускa прывяла дачку з сіняком у польскі садок. Неўзабаве дзіця забралі з сям'і6

Веданне чатырох моў можа амаладзіць мозг на 13 гадоў13

Зяленскі заявіў, што паставіў задачу запускаць па Расіі тысячу дронаў за дзень1

Рабаўнікі сярод белага дня выкралі з музея ў Вене калье з 600 дыяментамі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў28

«Астравок Паўночнай Карэі». Баранавіцкая школа выкаціла спіс патрабаванняў да выгляду вучняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць