Грамадства2323

Беспілотнік, які ўпаў у Мінску, прыляцеў з боку Барысава — шматлікія сведчанні

БПЛА ляцеў да сталіцы Беларусі з паўночнага ўсходу. Людзі пішуць, што беспілотнік назіралі над Магілёўскай вобласцю каля 0:00—01:00 і над Барысавам прыкладна ў 01:30—01:40.

Момант падзення абломкаў беспілотніка ў двары дома па вуліцы Матусевіча, 72 у Мінску. Скрыншот з відэа

29 ліпеня ў мінскім мікрараёне Дамброўка разбіўся беспілотнік. Ён урэзаўся ў жылы дом, але не выбухнуў, хоць, як сцвярджае Следчы камітэт, ён быў аснашчаны выбуховай прыладай на аснове тратылу. Навіна пра тое, што баявы беспілотнік даляцеў да Мінску, актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках.

З расказаў людзей робіцца ясным маршрут палёту баявой машыны.

Дрон спачатку праляцеў над Магілёўскай вобласцю. Мяркуючы па ўсім, ён заляцеў у яе каля 12 ночы і ляцеў над Магілёўшчынай прыкладна гадзіну.

«У Магілёўскай вобласці ў 12 гадзін ночы прыкладна пралятаў над домам», — піша адзін з каментатараў. Другі пацвярджае, што чуў шум.

«У гадзіну ночы над Магілёўскай вобласцю ляцеў. Я на гп (галасавое паведамленне. — НН) сяброўцы запісала шум», — сцвярджае іншая.

«Так-так. Ноччу. Гук, быццам бы на матацыкле так нехта гнаў ці на мапедзе… Адразу падумала, што падалося, што нешта ў небе. У выніку не падалося», — дзеліцца яшчэ адна відавочца.

А прыкладна а палове на другую гадзіну ночы гук, падобны да гуку мапеда, чулі ўжо жыхары Барысава.

«Сёння ноччу ў 1.30 гэты цуд пралятаў над Барысавам, я нават выйшаў на двор і бачыў, як ён ляцеў у бок Мінска».

Больш інфармацыі прыводзіць жанчына, якая ў момант пралёту знаходзілася ў мясцовай бальніцы:

«Сёння ноччу было два такія гукі перад самай навальніцай. Прыблізна ў гадзіну сорак. Наша бальніца ў Барысаве каля лесу, і дакладна пад вокнамі не можа ехаць мапед. Гук быў адзін раз вельмі моцны хуткасны, другі праз хвілін 7 і менш быў чуваць. У нашай палаце чула не адна я. «Крылаты мапед, ці што?» — так мы падумалі».

Пра дзіўны гук, які ў Барысаве было чуваць у 1.40 ночы, піша яшчэ адна мясцовая жыхарка:

«Жыву ў Барысаве. У 1.40 чула тое ж самае. І моцна спужалася. Пачала пісаць сябрам, ці чулі яны нешта. Тыя сказалі, што так. Але запэўнівалі мяне, што гэта пітбайк ці матацыкл. У выніку расказваю ім сёння, і яны не вераць».

«Я таксама чуў два разы», — пагаджаецца іншы.

«1.40 чула. Барысаў» — пацвярджае час адна жанчына.

«Каля Першай Савецкай таксама быў чуваць» — дадае яшчэ адзін каментатар.

Што тычыцца падзення беспілотніка ў Мінску, то, па словах відавочцаў, яно адбылося «дастаткова ціха», ён не выбухнуў.

«Я жыву ў гэтым доме. Нават чула яго. Дакладней, як машыны пачалі раўці. Сам беспілотнік урэзаўся дастаткова ціха».

«Ён урэзаўся ў дом і ўпаў пасля гэтага. Узрыву не было. Там літаральна пару шыбаў разбіла. Ляжаў проста ў мяне пад падзікам».

«Я каля гэтага месца жыву і я нічога не чуў. Нават не прачнуўся».

Нагадаем, што СК апублікаваў відэазапіс моманту падзення беспілотніка ў Мінску. На абломках паказалі ўкраінскія надпісы.

СК сцвярджае, што ў беспілотніка была баявая частка, запоўненая трацілам і вялікай колькасцю паражальных элементаў.

У паведамленні СК гаворыцца: «На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Следчымі з прыцягненнем спецыялістаў ГКСЭ і сапёраў праведзены агляд, зафіксавана следчая карціна. Вынятыя фрагменты корпуса і крылаў БПЛА, рухавік, прыборы навігацыі і баявая частка, аснашчаная тратылам і вялікай колькасцю паражальных элементаў у выглядзе металічных шарыкаў», — гаворыцца ў паведамленні СК.

«У выніку здарэння пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не праводзілася».

На відэа СК бачныя ўкраінскія надпісы, у прыватнасці, лагатып завода Uavionix.

Інцыдэнт адбыўся 29 ліпеня каля 2:00. Беспілотнік, як сцвярджаюць відавочцы, урэзаўся ў дом, пасля чаго ўпаў на прыпаркаваны аўтамабіль і выбухнуў.

На відэа, якое ёсць у рэдакцыі «Люстэрка», можна заўважыць начны двор дома № 72 па вуліцы Матусевіча. У роліку чуваць шум, падобны да гуку мапеда, пасля чаго чуваць моцны выбух. Пасля гэтага на зямлю падаюць абломкі, а побач з прыпаркаванымі аўто ззяюць іскры пад серыю гукаў удараў і выбухаў.

«Міліцыя прыехала толькі праз 25 хвілін, пасля чаго ўсіх разагналі, — распавялі відавочцы. — Усе прачнуліся ад гэтага пранізлівага гуку, ноч атрымалася жахлівай».

У двары гэтага дома знаходзіцца дзіцячы сад № 12.

Пасля публікацый у незалежных медыя адрэагавала і Міністэрства абароны. Яно заявіла, што беспілотнік быў падаўлены сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

«Дзяжурнымі сіламі СПА каля 2 гадзін ночы 29 ліпеня ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь быў знойдзены і спынены палёт неапазнанай паветранай цэлі — парушальніка парадку выкарыстання паветранай прасторы, ідэнтыфікаванай як БЛА. У выніку ўздзеяння на яго сродкаў радыёэлектроннай барацьбы 02.33 БЛА ўпаў у раёне дома 72 па вул. Матусевіча г. Мінска».

Пацярпелых няма.

Тэарэтычна ўкраінскія беспілотнікі, як і расійскія, могуць збівацца з курсу і залятаць у Беларусь. Але на практыцы раней гэта здаралася пераважна з расійскімі БПЛА пад уздзеяннем украінскіх сістэм радыёэлектроннай барацьбы.

Магчымыя і спланаваныя правакацыі, калі адзін з бакоў выкарыстоўвае беспілотнікі, падробленыя пад чужыя вырабы.

Сапраўднасць абломкаў беспілотніка, відэа якіх апублікаваў Следчы камітэт Беларусі, незалежна праверыць немагчыма, бо на гэты момант няма іншых відэа ці фота з месца падзеі. Магчыма, іх і не будзе. «Люстэрка» паведамляла, што міліцыя ноччу ачапіла месца падзення. А днём праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што АМАП праводзіць затрыманні каля дома, дзе беспілотнік упаў. 

Каментары23

  • Казус бэллі
    30.07.2025
    Разанскі цукар пачалі экспарціраваць у Беларусь?
  • Вася
    30.07.2025
    OSINT по комментарий баб-срак из тиктока – вот это уровень!
  • Ці не
    30.07.2025
    Indrid Cold, а у іх і не было аніякай версіі, таму і не вінавацілі нікога, бо ведалі адкуль ляцеў.

Цяпер чытаюць

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе9

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Усе навіны →
Усе навіны

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 14

Які вінаград больш карысны: цёмны ці зялёны, з костачкай ці без?5

За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці3

Брэсцкі губернатар прапанаваў перастаць імпартаваць замежныя яблыкі8

Каб перамагчы сацыяфобію, гомельская дзяўчына наважылася на незвычайны крок2

Коўл не падымаў з Лукашэнкам пытанне дэмакратызацыі. «Можа, калі-небудзь падыму»12

Джон Коўл зоймецца выцягваннем з турмаў расійскіх палітзняволеных1

Трамп не баіцца, што калійная здзелка з Беларуссю можа ўзмацніць пазіцыі Расіі6

Зяленскі ў Нью-Ёрку 40 хвілін гаварыў з Трампам3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе9

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць