Музыка3535

«Не вайне!» Як Макс Корж разрываў Варшаву і пра што казаў на сваім канцэрце? РЭПАРТАЖ

9 жніўня ў Варшаве даў канцэрт Макс Корж. Квіткі на стадыён, які змяшчае 80 тысяч чалавек і дзе выступалі Тэйлар Свіфт і Metallica, разабралі за тыдзень. Некаторыя выказвалі здагадку, што дзень, які супадае з датай з выбараў-2020, быў абраны артыстам невыпадкова. Праўды мы не даведаемся, бо Корж, як і яго атачэнне, не дае інтэрв’ю ўжо гадоў дзесяць.

Падчас выступу Корж быў традыцыйна вельмі асцярожным і абцякальным у выказваннях, мякка прасоўваючы дыпламатычныя і міратворчыя лозунгі — «мы ўсе людзі», «не вайне», «стварэнне, а не разбурэнне», «цэлая краіна ў закладніках». Праўда, хто канкрэтна маецца на ўвазе — здагадайцеся самі.

Расказваем, чым яшчэ запомніцца гэты канцэрт і чаму поўныя еўрапейскія стадыёны, якія танчаць пад хлопца з Лунінца, ведаючы на памяць усе яго тэксты — гістарычная па сваім маштабе з’ява для музычнай старонкі Беларусі пры любым раскладзе.

Макс Корж, 9 жніўня 2025 года. Варшава

Адданыя фанаты Каржа дакладна згадаюць апошні яго канцэрт у Мінску на стадыёне Дынама — у жніўні 2019 года. Ён сам будзе не адзін раз згадваць 2019-ты з настальгіяй, як час, калі ён быў суцэльна шчаслівым, як і многія беларусы — наступны год, што пачаўся з пандэміі і працягнуўся рэпрэсіямі ў Беларусі і вайной ва Украіне падзяліў жыццёвую лінію на «да» і «пасля». Макс Корж у гэтым «пасля» пакінуў Беларусь восенню 2024-га пасля званка з органаў з запрашэннем на размову. Вядома, што ГУБАЗіК быў незадаволены тым, што на выступах спевака людзі ўздымаюць бчб-сцягі, а самога Каржа абвінаваціў у падтрымцы Украіны ў вайне.

Канцэрт Каржа — для фізічна трывалых. Спачатку — прастаяць некалькі гадзін у чэргах на ўваход, пасля — дачакацца пачатку імпрэзы, які пасунуўся на дзве гадзіны (многія правялі гэты час у амаль бесперапынным слэме пад «мінусы» трэкаў Каржа ў выкананні жывога аркестра). І нарэшце — тры гадзіны танцаў ужо з вакалам Максіма, якімі ён прафесійна дырыжаваў: «10 крокаў улева, 10 управа! Дзелімся на дзве часткі, робім вялікае кола!» Пад такой нагрузкай многія сцягнулі з сябе майкі ўжо ў самым пачатку, паліваючы галовы і торсы вадой наўпрост у руху.

Канцэрт быў затрыманы праз праблемы са сканаваннем на ўваходзе, але ў нейкі момант ён увогуле нібыта апынуўся пад пагрозай адмены — прынамсі арганізатары некалькі разоў застрашвалі, што калі публіка, якая пераскоквала з трыбун на танцпол, не вернецца назад, мерапрыемства так і не пачнецца. Некаторых асабліва буйных парушальнікаў правіл польскія сілавікі вывелі з пляцоўкі.

Фанаты Каржа нарабілі справаў і перад канцэртам і пасля — жыхары Варшавы паведамлялі ў паліцыю пра моцны шум, масавае парушэнне правілаў паркоўкі, запуск феерверкаў і піратэхнікі, адсутнасць месцаў для аўто, смецце і непрыстойныя паводзіны ўдзельнікаў у публічнай прасторы. Многія былі абураныя паводзінамі прыезджых.

«У мяне суцэльныя беларускія флэшбэкі з лета-2020. Сілавікі заломліваюць людзей, вакол шмат шмат беларусаў у белым, сцягі, дрэнна цягне інтэрнэт, натоўпы на дарогах і чэргі…», — дзялілася адна беларуска.

Датычна сцягоў — іх, як і любыя торбы, на канцэрт афіцыйна праносіць забаранілі. Калі нехта дрэнна хаваў, сцягі забіралі на ўваходзе, але ўсё ж з некалькі дзясяткаў палотнаў апынулася ўнутры, больш за ўсё — украінскіх і беларускіх. Усе крычалкі і прамовы Каржа гучалі па-руску, акрамя часткі, дзе ён выказаў свае думкі наконт вайны — «Stop war!» ён прадубляваў некалькі разоў у хоры з гледачамі і па-англійску.

«Прайшоў год з таго моманту, калі нам падавалася, што ўсё скончыцца, вайна скончыцца. Да гэтага быў яшчэ год, калі падавалася, што вайна скончыцца і яшчэ год… Вось хутка, кажуць, робім нешта там, вось-вось, пачакайце — і не могуць яе скончыць. Вы яе не можаце скончыць і я не магу. Нехта нават не хоча, каб яна заканчвалася. І самыя эрудзіраваныя, разумныя людзі не дадуць адказу, як спыніць тое, калі ў закладніках вялікая колькасць людзей, цэлая краіна ў закладніках. Калі людзі, якія не падпісваліся на гэта, ідуць паміраць у акопах. Але менавіта ў гэтую хвіліну, я ведаю, што зраблю, — заінтрыгаваў Корж і пачаў шмат разоў крычаць: «Спыні вайну!».

@belarusnovosti2 Макс Корж 09.08.2025 в Варшаве на концерте призвал остановить войну на русском и английском языках #макскорж #беларусь #новостибеларуси #беларусьновости #белорусы ♬ Mystery / Suspense Investigation / Investigation / Thinking(1179817) - DaikixCousin

У разважаннях, што можа рабіць кожны, каб спыніць зло, ён прыйшоў да закліку «ствараць, а не разбураць». 

«Ёсць месца, дзе прайграць немагчыма — культура, ай-ці. Слаўце сваю краіну, не толькі беларусы, а ўсе. Стварайце, пакуль дыхаеце. Радуйцеся кожнай хвіліне, мы жывем — гэта сапраўдны дар!»

Прагучала са сцэны і польская мова, дзеля якой на сцэну паклікалі перакладчыка, з якім Корж завёў дыпламатычную, суседскую тэму.

«Беларусі і палякі нічым не адрозніваюцца, як і іншыя народы. Адрозніваюцца толькі мовай. Я ведаю, часы нялёгкія, але вы павінны запомніць: палітыка — гэта палітыка, а простыя людзі — гэта простыя людзі. У нас добрыя, працавітыя людзі, у вас — гэтак жа. Не дай божа вам некалі скажуць — гэта вораг ці той вораг. Запомніце: самы галоўны вораг кожнага народа — простая маніпуляцыя. Я жадаю ўсім толькі міру», — гэты спіч атрымаў найбольшую падтрымку апладысментамі. Хаця было бачна, што прыхільнікам хацелася ад Макса больш — больш яснасці, больш жорсткасці ў сваіх ацэнках рэчаіснасці.

Найбольш гэта было бачна, калі публіка пачынала скандаваць радыкальнае «Пуцін — х**йло», але сустракалася толькі з жаданнем змяніць тэму і заглушыць такое праяўленне эмоцый новымі разважаннямі — пра карысць здаровага сну, напрыклад. Ці пра тое, што час зараз бяжыць хутка, не так як у школе і ўніверсітэце. Ці рамантычнымі байкамі пра ўтвораныя дзякуючы канцэртам Каржа сем’і.

Глабальна гэта быў усё той жа стары-добры Корж, з моцнымі бітамі і зразумелымі кожнаму тэкстамі, якія дасканала ведаюць на памяць (нават трэк Wake Up, які ён выпусціў напярэдадні канцэрта, ужо быў вывучаны). І ў такім фанатычным следаванні за артыстам — галоўная магія адносін Корж — слухачы. Яны не толькі гатовыя вывучыць усе тэксты, адслэміцца пяць гадзін, але і аб’ядноўваюцца па-за канцэртамі ў рух «Варушняк», жывучы сваімі бандамі ў кемпінгах (гэтым разам намётавы гарадок у Варшаве разбілі 8-12 жніўня), выязджаючы кампаніямі на гастролі, пікнікі і ладзячы after-party на валанцёрскіх пачатках.

За такую аддачу Корж шчыра дзякуе. Часам — сумеснымі здымкамі ў кліпах ці пастаяннай прысутнасцю гледачоў на экранах на сцэне, дзякуючы камерам, якія выхопліваюць з натоўпу асобныя твары.

У гэтым кантэксце найбольш натуральна артыст глядзеўся, калі ўзяў у рукі гітару, нацягнуў на лонгсліў з лічбай «9» на спіне байку з капюшонам і пачаў спяваць пад акустыку з фонам з вогнішча і лесу за спінай. Атрымліваліся сапраўдныя пацанскія пасядушкі.

Місія аб’ядноўваць людзей па-за сістэмай нацый і канфліктаў у Каржа атрымліваецца. Вядома, многім хацелася б, каб ён называў рэчы сваімі імёнамі, быў больш выразным і адназначным у сваёй пазіцыі, не размазваючы думкі і сэнсы — усё ж лідар меркаванняў. Але на гэтым этапе ён абраў быць за ўсіх добрых, за ўсіх сваіх пацаноў замест супраць канкрэтных злых. Дарэчы, нават за гэта здолеў адгрэбці, і толькі сям’я Каржа ведае ў дэталях, наколькі жорсткім быў працэс з ціскам на яго. На гэтым этапе ён, як ні круці, самы вялікі беларускі артыст, здольны збіраць стадыёны. Ён пазіцыянуе сябе як беларус, хоць і не размаўляе публічна па-беларуску. Беларус з Палесся і з Грушаўкі, які любіць лясы і Мінск адначасова. Беларус, які любіць беларусаў — і гэта, насамрэч, нямала.

«Гэты стадзік аддзяляе нас ад жывёльнага свету, свету, дзе нас робяць лічбамі, рабамі, целамі. Сардэчна запрашаю ў свой свет, за сценамі ён іншы. Тут можна быць шчаслівым і потым падзяліцца гэтым шчасцем з тымі, хто не змог трапіць на канцэрт. А такіх, я ведаю, шмат». Тыя, хто прыйшоў на яго канцэрт, шчыра выглядалі шчаслівымі.

Каментары35

  • Такого не скажут политики а война это всегда грязь
    10.08.2025
    Макс, красава. Подкинул пищу для размышлений пацанчикам.
  • Мда, за попытку спасибо
    10.08.2025
    Но не хватает Хоменко, Жбанова или Замировской (если кто-то еще их помнит), чтобы рассказать, что за явление такое - Макс Корж.

    И которого ни я, ни мои дети (ни даже внуки)) слушать не будут.
  • Жыгуль
    10.08.2025
    Дзіўна чакаць ад Каржа абгрунтаванай пазіцыі па вайне і наогул па ўсім што адбываецца. Чалавек поўнасцю галавой у музыцы, у сваім сусвеце, думае аб тым як паехаць на гастролі ў РБ, рф і ў перспектыве ва Украіну, бо там найбуйнейшая яго аудыторыя, таму выказваецца максімальна размыта, таму за ўсё харошае і супраць усяго благога. Не трэба надзяляць артыстаў якасцямі, якімі яны не валодаюць, часта гэта проста спевакі ротам, абсалютна звычайныя людзі, якія не разбіраюцца ў сітуацыі і не маюць канкрэтнай маральнай пазіцыі. Корж са сваім іміджам пацана з раёну хутчэй за ўсё нават не іграе гэтую ролю, а насамрэч такім з'яўляецца. Калі спытаць пацана ў адзідасах за вайну - прыкладна такі адказ і атрымаецца.
    Мяне персанальна засмучае толькі адно - што такой колькасці маладых людзей падабаецца яго творчасць. Так мы ніколі не выйдзем з "паўзучай" русіфікацыі.

Цяпер чытаюць

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Усе навіны →
Усе навіны

Біл Клінтан, Майкл Джэксан і Мік Джагер. Каго можна знайсці ў новых дакументах са справы Джэфры Эпштэйна10

У Светлагорскім раёне мужчына трапіў пад крыміналку за жаданне бачыць з дома раку8

Падчас пажару ў Століне пацярпелі 7 дзяцей

Стала вядома, хто стане хэдлайнерам канцэрта каля мінскага Палаца спорту 1 студзеня11

Агент, які зламаў сістэму. Гісторыя жыцця і перамогі Леха Валэнсы29

«Бабуліна крынка» зрабіла чырвона-зялёны тварожны сырок вагой амаль 10 пудоў ФОТАФАКТ11

У Беларусі прадаюць незвычайную даляравую банкноту па цане ў 40 раз большай за курс

Amazon выпускае дакументальны фільм пра Меланію Трамп. Выканаўчы прадзюсар — сама Меланія

Экс-фігурыст зборнай Беларусі пажыццёва дыскваліфікаваны праз справу аб сэксуальным гвалце8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў23

Раптоўна памёр папулярны блогер Мікіта Мелказёраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць