Украінская аперацыя «Павуцінне» магла сарвацца ў апошні момант — пільны дальнабойшчык знайшоў беспілотнікі ў корпусе
Але яго здолелі пераканаць, што ўсё так і трэба.

Аперацыя, якую каардынавала сямейная пара агентаў у Чалябінску, аказалася на мяжы зрыву ў апошнія дні падрыхтоўкі, калі кіроўца адной з фур, што перавозілі дроны, знайшоў беспілотнікі.
Як піша WSJ, усё пачалося восенню 2023 года, калі Уладзімір Зяленскі выклікаў кіраўніка СБУ Васіля Малюка. Расія тэрарызавала ўкраінскія гарады ракетамі з самалётаў, якія знаходзіліся па-за зонай дзеяння ўкраінскай СПА, а перахопнікаў катастрафічна не хапала. Было вырашана біць па самалётах на зямлі. Аднак звычайныя дальнабойныя дроны мелі абмежаваную магутнасць, таму СБУ распрацавала план запуску наўпрост з тэрыторыі Расіі.
Узнікла ідэя выкарыстаць у якасці пускавых пляцовак для дронаў зборныя модульныя домікі памерам з марскі грузавы кантэйнер, якія перавозяцца на грузавіках. Для дахаў, пад якімі хаваліся беспілотнікі, інжынеры стварылі ўнікальную сістэму замкоў. Механізм быў спраектаваны так, каб панэлі аўтаматычна адсоўваліся пры атрыманні дыстанцыйнага сігналу. Самі домікі былі абсталяваны акумулятарамі і сонечнымі панэлямі, каб падтрымліваць сувязь з Украінай і трымаць дроны зараджанымі.
Служба бяспекі Украіны першапачаткова планавала правесці аперацыю да Дня Перамогі, аднак яе прыйшлося адкласці праз нечаканыя праблемы. Некалькі кіроўцаў фур, задзейнічаных у перавозцы грузу, пра змесціва якога яны не ведалі, падчас працяглых свят — Вялікдзень, 1 мая і перад 9 мая напіліся. Гэты чалавечы фактар ледзь не сарваў планы, якія прадугледжвалі сінхранізаваную атаку.
У выніку пяць грузавікоў з беспілотнікамі адправіліся да вайсковых аэрадромаў у Разанскай, Іванаўскай, Мурманскай, Іркуцкай і Амурскай абласцях з Чалябінска пазней — з 23 па 26 мая.

Інцыдэнт на трасе і трагедыя з кіроўцам
На мяжы зрыву аперацыя аказалася, калі з адной з фур з’ехаў дах за 290 кіламетраў ад Чалябінска. Кіроўца, які нічога не падазраваў, спыніўся і знайшоў унутры «доміка» схаваныя дроны. Ён у паніцы патэлефанаваў уладальніку лагістычнай кампаніі Арцёму Цімафееву, які таемна ад дальнабойшчыкаў каардынаваў аперацыю пад кіраўніцтвам СБУ.
Супакоіўшы кіроўцу, Цімафееў звязаўся з супрацоўнікам СБУ, які параіўся з Малюком. У Кіеве ў гэты момант панавала напружанне: што, калі дальнабойшчык не здолее паставіць дах назад? Што, калі расійскія спецслужбы назіраюць за ім? Што, калі ён раскажа жонцы, а яна раскажа сябрам?
На руку ўкраінцам згуляла тое, што дальнабойшчык не мог бачыць схаваную разам з дронамі выбухоўку — яна была ўмантаваная ў корпусы апаратаў.
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк, які спланаваў атаку, прыдумаў больш-менш праўдападобнае тлумачэнне, якое Цімафееў перадаў кіроўцу: домік прызначаецца для паляўнічых, а дроны — для адсочвання жывёл. Дальнабойшчык паверыў у гэтую версію, з дапамогай мясцовага трактарыста паставіў дах на месца і даслаў фота з подпісам: «Закрыта». Аперацыя «Павуцінне» працягнулася.

Яшчэ адна праблема ўзнікла ўжо падчас аперацыі — сувязь з кабінай аднаго з грузавікоў аказалася нестабільнай. Гэта была машына, якую прыйшлося замяніць у апошні момант праз паломку асноўнай. Супрацоўнікі СБУ спрабавалі інструктаваць кіроўцу, як ліквідаваць няспраўнасць праводкі, але ён з нейкага моманту перастаў выходзіць на сувязь. Пазней у інтэрнэце з'явіліся фатаграфіі згарэлых кабіны і грузу. Як мяркуецца, адбылося кароткае замыканне, якое справакавала пажар і дэтанацыю грузу, у выніку чаго кіроўца загінуў.
Каардынатары: дыджэй і тату-майстрыха
Каардынатары аперацыі — украінцы Арцём Цімафееў і ягоная жонка Кацярына — жылі ў Чалябінску з 2018 года. Будучы каардынатар пераехаў туды на запрашэнне бацькі, які валодаў мукамольным заводам. Да гэтага Цімафеевы жылі ва Украіне, дзе Арцём выступаў як дыджэй у клубах Кіева, а Кацярына працавала тату-майстрыхай. У 2014 годзе пара ўдзельнічала ў пратэстах на Майдане. У Чалябінску Цімафееў заняўся бізнэсам разам з бацькам, а ягоная жонка працягнула рабіць тату.

Перад тым як даверыць пары каардынацыю такой маштабнай аперацыі, СБУ праверыла абаіх на дэтэктары хлусні ў Львове. Пераканаўшыся ў іх лаяльнасці, спецслужбы навучылі Цімафеевых зборцы дронаў і домікаў, у якіх іх планавалі перавозіць. Пры вяртанні ў Расію Цімафеевых тры гадзіны дапытвалі на мяжы супрацоўнікі ФСБ, бо ў іх расійскіх пашпартах месцам нараджэння значылася Украіна. Аднак у выніку пару прапусцілі.
Вярнуўшыся ў Чалябінск, Цімафееў зарэгістраваў лагістычную кампанію і арандаваў склад у прамысловай зоне горада, зусім недалёка ад мясцовага ўпраўлення ФСБ. Ён пачаў падбіраць кіроўцаў для перавозкі дронаў.
Як піша WSJ, ён правёў гутаркі прыкладна з 20 кандыдатамі. Кіроўцы павінны былі быць надзейнымі, але не цікаўнымі, прайсці не толькі праверку Цімафеева, але і, таемна, праверку СБУ, якая ацэньвала магчымыя сувязі кандыдатаў з расійскімі сілавікамі.
Тэхнічная падрыхтоўка
Калі ў Чалябінск паступіла абсталяванне (кантрабандай, пад выглядам запчастак), Цімафеевы на арандаваным складзе пад кіраўніцтвам СБУ (праз відэасувязь) за тыдзень сабралі 150 дронаў і 8 спецыяльных домікаў. З фургонамі аказалася больш складана праз тое, што дах аднаго з іх пастаянна саслізгваў з далікатных завесаў. Яны парамантавалі яго паводле інструкцыяў супрацоўнікаў СБУ.
Самі дроны былі вырабленыя ва Украіне — гэта былі квадракоптары памерам з вялікую талерку, здольныя несці каля 2 кг выбухоўкі. Сумесь была спецыяльна распрацаваная так, каб прапальваць абалонку самалётаў і падпальваць паліва ў баках. Пілоты ў Кіеве трэніраваліся кіраваць імі цэлымі днямі, напрацоўваючы маторную памяць, хоць да апошняга моманту не ведалі сваіх цэляў.

Уцёкі і вынік аперацыі
Цімафеевы з'ехалі з Расіі за пяць дзён да аперацыі. Раніцай яны на арандаваным мікрааўтобусе Toyota Hiace перасеклі мяжу з Казахстанам пад выглядам адпачынку. З сабой яны забралі самае каштоўнае, у тым ліку ката і сабаку.
Раніцай 1 чэрвеня ў штабе ў Кіеве Васіль Малюк нарэшце раскрыў пілотам цэлі: расійскі парк дальніх бамбардзіроўшчыкаў. Ён паказаў карты аэрадромаў і слабыя месцы самалётаў.
Чатыры грузавікі (акрамя таго, што згарэў) занялі пазіцыі каля аэрадромаў. Дахі домікаў адчыніліся, і ў неба падняліся 117 дронаў. Для пілотаў, якія знаходзіліся за сотні кіламетраў у Кіеве, безабаронныя самалёты былі лёгкай мішэнню.
Паводле ацэнкі СБУ, 41 расійскі самалёт быў пашкоджаны, як найменей дзесяць з іх — беззваротна. Некаторыя заходнія аналітыкі мяркуюць, што гэтыя лічбы могуць быць завышанымі, спасылаючыся на спадарожнікавыя здымкі.
Аднак СБУ настойвае на сваёй ацэнцы, заяўляючы, што Расія спрабавала падмануць аналітыкаў, аператыўна замяніўшы на атакаваных аэрадромах пашкоджаныя самалёты цэлымі. На наступны дзень пасля атакі расійскія ўлады абвясцілі Цімафеева ў вышук, але ён ужо быў у бяспецы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Мы планавалі да 9 мая гэта зрабіць, але кіроўцы пайшлі на Вялікдзень у запой». Кіраўнік СБУ расказаў падрабязнасці пра аперацыю «Павуцінне»
Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»
Кіроўцы фур з дронамі, што атакавалі расійскія аэрадромы, расказалі, хто і навошта іх наняў
Генсак НАТА аб аперацыі СБУ «Павуцінне»: Украіна нацэлілася на здольнасць Расіі атакаваць нявінных грамадзян
Каментары