Свет22

Хто такая Дэлсі Радрыгес, што заняла месца Мадура. Марыянетка Трампа ці абаронца Венесуэлы?

Дэлсі Радрыгес заняла месца захопленага амерыканцамі прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадура і паабяцала даць адпор «імперыі». Аднак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упэўнены, што яна будзе выконваць прамыя ўказанні Вашынгтона і фактычна стане яго намесніцай у Каракасе, піша Бі-бі-сі.

Дэлсі Радрыгес падчас прынясення прысягі 5 студзеня. Фота: Jesus Vargas / Getty Images 

Яна была правай рукой Мадура і віцэ-прэзідэнтам краіны. Менавіта таму Вярхоўны суд перадаў ёй паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы на час «вымушанай адсутнасці» Мадура.

Радрыгес адразу з’явілася на публіцы ў атачэнні самых уплывовых функцыянераў і сілавікоў і пачала рабіць ястрабіныя заявы ў адрас ЗША, нібы дэманструючы, што выкраданне Мадура не прывяло ні да змены рэжыму, ні да змены курсу краіны, ні да расколу эліт.

«У Венесуэле ёсць толькі адзін прэзідэнт, і яго завуць Нікалас Мадура, — сказала Радрыгес і паабяцала адстойваць незалежнасць. — Наш народ не здаецца, не капітулюе і ніколі не стане калоніяй якой-небудзь імперыі — ні старой, ні новай, ні згасаючай».

У Дональда Трампа іншае меркаванне.

На пытанне, хто цяпер галоўны ў Венесуэле, Трамп проста адказаў: «Усім кіруем мы». Ён таксама прыгразіў, што Венесуэлу чакае новая ваенная аперацыя, а Радрыгес — будзе нешта «горшае за Мадура», калі яна не будзе выконваць волю Белага дома і не дасць ЗША «поўны доступ да ўсяго — і да нафты, і да ўсяго астатняга».

«Тыгрыца»

Бацька Дэлсі Радрыгес быў партызанам і памёр ад катаванняў у паліцыі ў 1976 годзе.

У пошуках справядлівасці яна пайшла вучыцца на юрыста — спачатку ў сябе на радзіме, потым у Францыі. А баліварыянская рэвалюцыя і прыход да ўлады Уга Чавеса, як яна сама прызнавалася, сталі для яе сям’і трыумфам «асабістай помсты» папярэдняй уладзе за бацьку. Старэйшы брат 56‑гадовай Дэлсі, Хорхе Радрыгес, таксама пайшоў у палітыку. Цяпер ён узначальвае Нацыянальную асамблею Венесуэлы.

Кар’ера Дэлсі Радрыгес пры Чавесе прывяла яе да міністэрскай пасады, аднак сапраўдны прарыў чакаў яе ўжо пасля яго смерці і прыходу да ўлады Нікаласа Мадура.

Пры ім яна ў розны час узначальвала міністэрствы сувязі, эканомікі і замежных спраў і ў выніку стала віцэ-прэзідэнтам, адказным таксама за нафтагазавую галіну — фактычна адзіную крыніцу даходаў збяднелай Венесуэлы.

Мадура празваў Радрыгес «тыгрыцай» за яе палкую адданасць ідэям чавізму. Яна была яго правай рукой як унутры краіны, так і за мяжой.

«Дэлсі працуе ў пары з братам. Яе роля хутчэй практычная, чым інтэлектуальная. Яны абодва — добра адукаваныя людзі, якія запоўнілі пустэчу, што ўтварылася ў выніку поўнага сыходу з урада кампетэнтных спецыялістаў», — казаў палітолаг Нікмер Эванс у інтэрв’ю BBC Mundo ў 2024 годзе.

Твар рэжыму

Дэлсі Радрыгес фактычна стала тварам рэжыму Мадура, які апынуўся пад заходнімі санкцыямі за падаўленне свабод і фальсіфікацыю выбараў у Венесуэле.

Сам Мадура ў апошні час амаль не выязджаў за мяжу, і Радрыгес грала ключавую ролю ў адносінах з саюзнымі краінамі — такімі як Турцыя, Кітай і Іран. Прабіўная і няўрымслівая Радрыгес не раз правакавала скандалы. Пасля таго як Венесуэлу выключылі з паўднёваамерыканскага гандлёвага блока МЕРКАСУР, яна спрабавала прарвацца на яго пасяджэнне ў Буэнас-Айрэсе. А ў 2020 годзе прыляцела на прыватным самалёце ў Іспанію, нягледзячы на забарону на ўезд у Шэнгенскую зону.

ЗША і Еўрасаюз увялі супраць Радрыгес санкцыі за парушэнне правоў чалавека і разбурэнне дэмакратыі ў Венесуэле.

Радрыгес заўсёды кляйміла ЗША ганьбай і люта абараняла права Мадура і яго атачэння будаваць сацыялізм паводле запаветаў Уга Чавеса і працягваць вечную барацьбу з амерыканскім імперыялізмам не на жыццё, а на смерць.

Цяпер яна апынулася ў сітуацыі, калі ёй давядзецца працаваць пад дыктатам Вашынгтона — і перад абліччам абяцанай Трампам ваеннай інтэрвенцыі ў выпадку, калі яна не будзе падпарадкоўвацца.

Радрыгес ужо праявіла гнуткасць. Пасля першых ваяўнічых заяў яна змякчыла тон.

«Мы запрашаем улады ЗША да сумеснай працы над парадкам дня двухбаковага супрацоўніцтва, — сказала яна і звярнулася да Трампа. — Прэзідэнт Дональд Трамп, нашы народы і наш рэгіён заслугоўваюць міру і дыялогу, а не вайны».

Каментары2

  • хай назначыць
    06.01.2026
    мільярд даляраў прэміі за галаву рудога.
    Можа і спрацуе.
  • Вертолет
    06.01.2026
    хай назначыць, у кубинцев нет столько денег!

Цяпер чытаюць

«Больш за 10 чалавек выехалі ў Еўропу — і гэта толькі з майго аддзялення». Рэаніматолаг з райцэнтра шчыра апісаў будні беларускай медыцыны

«Больш за 10 чалавек выехалі ў Еўропу — і гэта толькі з майго аддзялення». Рэаніматолаг з райцэнтра шчыра апісаў будні беларускай медыцыны

Усе навіны →
Усе навіны

Мост на «Ждановічах» ужо асфальтуюць. Што адбываецца на будоўлі?1

Расіяне сапраўды сталі часцей купляць нерухомасць у Беларусі? Вось што расказваюць рыэлтары24

Ціманоўская распавяла, што ейны бацька пад хатнім арыштам3

Вучоныя назвалі ўзрост, пасля якога мозг пачынае старэць значна хутчэй2

U2 адзначылі 50‑гадовы юбілей у дублінскай школе, у якой выраслі

Затрыманага ў Грузіі беларуса выслалі ў Арменію, дзе яго таксама затрымалі2

Чаму ў Японіі няма сметніц, але на вуліцах усё роўна чыста13

Па студэнцкіх інтэрнатах у Мінску правялі раптоўны рэйд з аўчаркай7

Хакеры атакавалі інфармацыйную сістэму МУС Літвы, у якой захоўваліся звесткі пра іншаземцаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Больш за 10 чалавек выехалі ў Еўропу — і гэта толькі з майго аддзялення». Рэаніматолаг з райцэнтра шчыра апісаў будні беларускай медыцыны

«Больш за 10 чалавек выехалі ў Еўропу — і гэта толькі з майго аддзялення». Рэаніматолаг з райцэнтра шчыра апісаў будні беларускай медыцыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць