Вайна44

«Вось гляджу на тэрмометр — дома +13». Беларуска з Кіева расказала, як яе сям'я перажывае гэту цяжкую зіму

З-за расійскіх удараў па ўкраінскай энергасістэме вялікая частка Кіева і Кіеўскай вобласці жывуць ва ўмовах амаль поўнага блэкаўту. З 9 студзеня жыхары сталіцы засталіся без пастаяннага святла, ацяплення і вады. Беларуска, якая жыве ў Кіеве, падрабязна расказала «Салідарнасці», з якімі бытавымі праблемамі цяпер сутыкаецца і як гэта ўплывае на штодзённае жыццё і эмацыйны стан.

Кіеў, 15 студзеня 2026 года. Фота: Roman Pilipey / AFP / Getty Images

«Каб сагрэцца, пастаянна п’ём гарачыя напоі: гарбату, каву, ваду з цытрынай»

— Учора (мы размаўляем 22 студзеня — «Салідарнасць») у нас не было святла да самай раніцы. Дзесьці каля трэцяй ночы далі — я ўстала, каб паставіць усе гаджэты на зарадку, а ўжо раніцай святла зноў не было, — расказвае Інга (імя зменена па просьбе гераіні — «Салідарнасць»). Разам з тым не было і сувязі — амаль не прыходзілі паведамленні. Святло з’явілася толькі позна ўвечары.

Самае прыкрае, што не ведаеш, калі будзе святло і ці будзе ўвогуле, бо раней былі графікі — можна было планаваць працу і хатнія справы. Цяпер гэта немагчыма.

Што тычыцца ацяплення, то тут нам пашанцавала — цалкам яно адсутнічала толькі адзін дзень. Але зараз батарэі ледзь цёплыя. У адным пакоі яшчэ больш-менш, а ў другім вельмі холадна. Вось гляджу на тэрмометр — дома +13. На мне цяпер тры пласты адзення, дзве пары шкарпэтак (адна з якіх ваўняная) і яшчэ тапкі з футрам, з якіх звычайна смяяліся, але цяпер гэта трэнд 2026 года ў Кіеве.

Зараз уся сям’я перабралася ў адзін пакой, бо так лягчэй зберагчы цяпло. Каты таксама з намі спяць. Накрываемся некалькімі коўдрамі, пледамі. У іншыя пакоі зачыняем дзверы, каб не страчваць цяпло.

Таксама купілі партатыўныя зарадкі, павесілі гірлянды на батарэйках. Робім выгляд, што ў нас такая рамантычная атмасфера, а не блэкаўт. Гэтыя гірлянды сапраўды дапамагаюць і ствараюць настрой.

Таксама ў нас ёсць розныя лямпы — тут дзякуй AliExpress. Яшчэ адзін лайфхак — хімічныя грэлкі або пляшкі з гарачай вадой, якія можна пакласці пад плед. Да таго ж нам пашанцавала — ёсць вада і газавая пліта, таму гатаваць можна без праблем. Каб сагрэцца, пастаянна п’ём гарачыя напоі: гарбату, каву, ваду з цытрынай.

«Не магу сабе дазволіць памыць галаву»

Інга расказвае, што яе арганізм ужо прывык да паветраных трывог уначы, таму, калі гучыць сірэна, яна не прачынаецца:

— Але калі ўначы даюць святло і ўключаецца халадзільнік, я чую гэты гук. Магчыма, таму, што псіхіка яшчэ не прывыкла да такога гуку ўначы. Таму я прачынаюся і бягу ставіць усё на зарадку. Потым не магу заснуць гадзіну або дзве. Увогуле сон вельмі перарывісты. Днём гэта адчуваецца, ёсць стомленасць. Але такія цяпер умовы.

З бытавых праблем — яшчэ і немагчымасць памыць галаву. У мяне доўгія валасы, патрэбна каля 2,5 гадзін, каб яны высахлі. Але зараз вельмі холадна ў кватэры, таму не магу гэтага сабе дазволіць, бо змерзну. Таму чакаем святла, вельмі хуценька мыем галаву і сушым фенам.

Цяжка таксама хварэць. Дачцэ нядаўна трэба было рабіць інгаляцыі па 4‑5 разоў на дзень. Але ў нас інгалятар працуе ад электрычнасці. Хадзіць у пункт нязломнасці, дзе ёсць электрычнасць, — такі сабе варыянт для хворага дзіцяці.

Таму я знайшла і купіла спецыяльны провад, які падключыла да інгалятара і паўэрбанка. Дзякуючы гэтаму дачка паправілася. Потым гэты провад падышоў да роўтара, і калі яго падключыць да партатыўнай зарадкі, на нейкі час можна атрымаць Wi-Fi.

«Людзі кажуць, што ў такія часы хочацца парадаваць сябе чымсьці прыгожым»

Дачка жанчыны зараз не ходзіць у школу — вучням працягнулі канікулы да 1 лютага за кошт вясновых канікул. Акрамя таго, навучальны год у Кіеве скончыцца на тыдзень пазней.

Інга тым часам не працуе поўны дзень. У жанчыны ўласны вінтажны магазін, дзе з-за холаду немагчыма доўга знаходзіцца.

— Зараз у краме вельмі складаная сітуацыя, бо там ацяпленне на электрычнасці. Калі святла няма (а яго няма большую частку дня), там вельмі холадна. Таму зараз працуем па скарочаным графіку — прыкладна з 13 да 17, калі ёсць дзённае святло. Спадзяемся, што хутка вернемся да звычайнага графіку, але цяпер хаця б так намагаемся падтрымліваць працу крамы.

Але, ведаеце, гэта ж крама не тавараў першай неабходнасці — не прадукты і не аптэка, але людзі ўсё роўна штосьці купляюць. Шукаюць для сябе або для блізкіх у падарунак. І гэта вельмі матывуе працаваць далей. Людзі кажуць, што ў такія часы хочацца парадаваць сябе чымсьці прыгожым.

«Жыць, спадзявацца на вясну, сонца, перамогу»

— Вядома, адчуваецца, што ўсе вельмі стаміліся. Але ж гэта не азначае, што мы тут у паніцы і істэрыцы. Наадварот, людзі больш сканцэнтраваныя, шукаюць лайфхакі: што рабіць, як сагрэцца, як дапамагчы.

Няма адчування катастрофы, хаця сітуацыя амаль катастрафічная для такога вялікага горада, як Кіеў, у якім зараз настолькі цяжкія ўмовы жыцця. Нават не жыцця, а выжывання, за якім кожны, хто тут не жыве, можа сачыць анлайн.

Мы кожны дзень жывём у стрэсе. Дадайце сюды яшчэ пастаянныя атакі. Я цяпер з вамі размаўляю, а за акном гучыць сірэна. І так штодня. Але гэта наш выбар — заставацца тут, штосьці рабіць. Жыць, спадзявацца на вясну, сонца, перамогу. Мы трымаемся.

У маім коле, у коле маёй сям’і няма ніводнага, хто б сказаў нешта кшталту таго, што няма магчымасці гэта ўсё цярпець і трэба капітуляваць, і хай ужо, маўляў, прыйдзе Расія. Нават не разумею, хто так можа сказаць, калі Расія робіць такое з людзьмі, якіх яна быццам «вызваляе». Вызваляе ад чаго — нармальнага жыцця, цяпла, вады, каналізацыі?

Гэтыя дзеянні з боку Расіі працуюць наадварот, і ніякай панікі сярод людзей няма. А Кіеў увогуле не той горад, які спыняецца. Працуюць кавярні, крамы, на паліцах ёсць тавары, медыкаменты ў аптэках. Гэта жывы горад у шырокім сэнсе гэтага слова.

Каментары4

  • Каб перамагчы
    24.01.2026
    Каб перамагчы трэба працаваць на заводах па вырабе зброі.
  • Ірына Фарыён
    24.01.2026
    Ще не вийшовши з пастки московського суржика, одразу зайшли в «блекаут».

    Па-беларуску: абясточванне, спыненне электразабеспячэння, адключэнне электраэнергіі
  • Героям Слава
    25.01.2026
    Надо смотреть не термометр а телевизор! Телемарафон с паном Зеленским.Он бы ей рассказал что перемога на русней уже близка как никогда.

Цяпер чытаюць

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Усе навіны →
Усе навіны

УСУ ўдарылі па Крымскім мосце. Рух транспарту спынены15

Турысты накідалі ў фантан Трэві амаль на 200 тысяч еўра менш пасля таго, як падыход да яго зрабілі платным4

Кітайскі маркетплэйс Temu сам прапанаваў беларусцы супрацоўніцтва, але зліўся, калі даведаўся яе грамадзянства13

Мінабароны расказала, як над Беларуссю збіваюць заблукалыя дроны2

З Янам Памедорам Рэуцкім развіталіся ў Варшаве

Канкурэнт Starlink страціў 40 спадарожнікаў: ракета не даляцела да арбіты

Сабаленка адкацілася на трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу

Сэрца — амаль адзіны орган, які не хварэе на рак. Навукоўцы пачынаюць разумець чаму1

Грэцкі агонь, антыкітэрскі механізм, сільфій ды іншыя страчаныя вынаходніцтвы. Чаму чалавецтва іх забыла?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны85

На канцэрт Кадышавай у Мінску ў какошніках прыйшлі нават мужчыны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць