Будынак кармеліцкага манастыра ў Глыбокім, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, на працягу чатырох гадоў неаднаразова выстаўлялі на таргі, але безвынікова. Аднак цяпер нарэшце ў яго з’явіўся новы ўладальнік, паведамілі ў прэс-службе «БУТБ-Маёмасць».

Пакупніцай будынка стала мінская кампанія, што працуе ў сферы фінансавых паслуг. Паколькі яна была адзіным удзельнікам аўкцыёну, будынак ёй дасталіся за сімвалічную суму — 47 рублёў 25 капеек (пачатковая цана плюс 5%). Акрамя таго, новы ўласнік атрымае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 10 сотак тэрмінам на 40 гадоў.

Манастыр, пабудаваны ў 1735 годзе, знаходзіцца ў горадзе Глыбокае. Раней на яго тэрыторыі размяшчаліся жылыя карпусы, бібліятэка, шпіталь, аптэка і складскія памяшканні. Вядома, што ў 1812 годзе тут на некалькі дзён спыняўся Напалеон Банапарт. У 1865 годзе манастыр быў закрыты, а пазней на яго месцы ўзвялі праваслаўную царкву. Да нашых дзён захавалася толькі адно крыло з трох першапачатковых.
Пасля набыцця аб’екта новаму ўладальніку неабходна на працягу 12 месяцаў звярнуцца ў Міністэрства культуры, каб атрымаць дазвол на правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ.
Каментары