Грамадства99

«Гэта была мара ўсяго майго жыцця». Беларуска паляцела на Мальдывы і не можа вярнуцца дадому

Вольга адпачывае на Мальдывах з 25 лютага і таксама сутыкнулася з адменай рэйса. Тур быў з вылетам з Масквы авіякампаніяй Air Arabia праз Шарджу, назад — па той жа схеме.

«Тур скончыўся 5 сакавіка, самалёт не вылецеў (хоць тураператар абяцаў адваротнае), і мяне выселілі з гатэля ў нікуды», — запэўнівае Вольга. Пазней ёй перанеслі вылет спачатку на 12-е, а пасля — на 15 сакавіка, але жыллё, як запэўнівае чытачка, прапанавалі шукаць самастойна. Што кажуць арганізатары тура і як у выніку нечакана развязалася сітуацыя Вольгі, піша Onliner.by.

— Гэта была мара ўсяго майго жыцця, — кажа Вольга пра паездку на Мальдывы. — Тур з вылетам з Масквы праз Шарджу (адзін з эміратаў ААЭ) быў разлічаны да 5 сакавіка. Адпачывала я на лакальным востраве Маафушы. І калі 28 лютага неба пачалі закрываць і пайшлі навіны пра адмены рэйсаў, я адразу напісала ў турфірму: прасіла вярнуць грошы ці шукаць варыянты вылету. Мяне супакоілі: маўляў, да 5 сакавіка сітуацыя стабілізуецца і вы паляціце.

Астатнія дні Вольга правяла як на іголках, баючыся застацца без грошай у чужой краіне і прапусціць працу. Асцярогі пацвердзіліся: у аўторак, 3 сакавіка, рэйс канчаткова адмянілі, а вылет арганізатары прапанавалі перанесці спачатку на 12-е, а затым на 15 сакавіка. Быў таксама варыянт вяртання сродкаў крэдытным ваўчарам, ім можна скарыстацца на працягу пэўнага тэрміну на куплю білетаў Air Arabia.

— Пры гэтым аператар напісаў: «Турысту трэба браніраваць жыллё самастойна». А за якія грошы?

Па словах Вольгі, калі б арганізатары тура зрэагавалі своечасова, яна была б ужо дома: былі варыянты білетаў з вылетам раней і танней, але з-за адмены рэйсаў і ажыятажу яны хутка сыходзілі.

— Калі пісала з просьбай дапамагчы, тураператар Anex (з якім заключаны дагавор) адпраўляў мяне да турагента, а па пытаннях пражывання — у авіякампанію. Дырэктар турагенцтва «360 Трэвел» дапамог скласці звароты ў авіякампанію і Anex, але патлумачыў: яго паўнамоцтвы на гэтым заканчваюцца, усе ключавыя пытанні павінен вырашаць буйны аператар. У чацвер, 5 сакавіка, мяне выселілі з гатэля. Праз Threads мне ўдалося знайсці дзяўчыну з Прагі, якая апынулася ў падобнай сітуацыі. Яна зняла кватэру ў Мале і пусціла мяне пажыць да сябе да 7 сакавіка.

Можна было б парадавацца магчымасці дадатковага адпачынку на Мальдывах, але дзяўчына запэўнівае, што зараз у яе сітуацыі мала добрага:

— Зараз тут Рамадан, жанчыны ўсе ходзяць пакрытыя, таму мы асабліва і на вуліцу не выходзім.

Калі гісторыя Вольгі стала вядомая сябрам і знаёмым з яе роднага Дзяржынска, яны сабралі дзяўчыне грошай на зваротны білет — усяго каля 2 тысяч даляраў.

— Я сама спрабавала «вылавіць» білеты, але ў гэтых табліцах і стыкоўках без досведу разабрацца немагчыма. Агент проста скідвала скрыны сайтаў, але мне было складана зразумець, што да чаго. Тыя варыянты, што былі даступныя на найбліжэйшыя даты, каштавалі ад 4 тысяч даляраў і вышэй.

У выніку з падборам білета дадому Вользе дапамог яшчэ адзін зямляк — дырэктар турфірмы «Роял Тур» з Дзяржынска.

— Максім Андрэевіч кругласутачна са мной на сувязі. Ён дапамог знайсці варыянт у «Аэрафлота». Да 7‑га пажыву ў знаёмай, а потым, відаць, паеду ў аэрапорт. Кажуць, там хаця б выдаюць ваду і падушкі.

Паколькі беларускай амбасады на Мальдывах няма, Вольга звярталася па дапамогу ў вырашэнні сітуацыі ў амбасаду Беларусі ў Індыі. Там ёй прапанавалі варыянт ляцець транзітам праз Індыю, патлумачыўшы, што эвакуацыйных рэйсаў у блізкім часе не будзе.

Што кажуць турфірма і аператар?

У кампаніі Anex Onliner пацвердзілі, што ведаюць пра турыстку, якая засталася на Мальдывах, але ад афіцыйных каментарыяў адмовіліся.

Дырэктар турагенцтва «360 Трэвел» Дзяніс Сямашка паведаміў праз месенджар, што Вольга — іх адзіная турыстка, якая засталася на Маафушы (самы папулярны лакальны востраў-курорт на Мальдывах). Ён таксама распавёў, што дапамог скласці звароты ў авіякампанію і Anex, але патлумачыў: усе ключавыя пытанні павінен вырашаць буйны аператар — Anex.

Увечары 5 сакавіка Вольга атрымала афіцыйнае паведамленне аператара: «У сувязі са сітуацыяй, якая склалася, будзе ажыццяўляцца пражыванне госця з 06.03.2026 да даты вылету ў Guest house у Мале за кошт аператара. Просім праінфармаваць турыста».

Навіна прынесла Вользе палёгку:

— Мару хутчэй вярнуцца дадому і абняць усіх, хто мяне падтрымліваў і чакаў, — кажа дзяўчына. — Вядома, хацелася б запомніць адпачынак толькі ў яркіх пазітыўных карцінках: бірузовае мора, пальмы, акулы і чарапашкі, з якімі я ўсё-такі паспела паплаваць (мара збылася!). Але пакуль у галаве толькі адна думка: як страшна лётаць так далёка. Бо цяпер я ведаю, што можна проста не вярнуцца.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, аператар даслаў дзяўчыне яшчэ адно паведамленне, і там зноў гаворыцца пра змены. Сёння Вользе прапануюць правесці адну ноч у гатэлі Noomoo Huhumale, а з 7 сакавіка — дзве ночы ў гатэлі Amber Sea Side. «Інфармацыя пра іншыя даты пражывання будзе прадастаўлена па меры паступлення ад партнёраў».

Вольга пакуль не ведае, калі зможа вылецець назад.

— Вызначанасці няма ніякай: пастаянна нешта мяняецца. Па вяртанні дадому я планую звярнуцца да юрыста для ацэнкі сітуацыі з Anex Tour.

Каментары9

  • Бгг
    06.03.2026
    «Турысту трэба браніраваць жыллё самастойна». А за якія грошы? - бинго! На Мальдивы - на последние! Кайф, наши люди!
  • Отец Засандалин
    06.03.2026
    Прилетит Трамп в голубом вертолёте и бесплатно подкинет домой.
  • Vv
    06.03.2026
    За 50$ у дзень, трохі дорага, але можна і пераехаць на другую выспу.

Цяпер чытаюць

«Свінні зарохкалі. Без вады даўно не сядзелі, я б ім адключыў». Азаронак абрынуўся на жыхароў раёна Лебядзіны24

«Свінні зарохкалі. Без вады даўно не сядзелі, я б ім адключыў». Азаронак абрынуўся на жыхароў раёна Лебядзіны

Усе навіны →
Усе навіны

Кляшчы — іх улюбёная ежа. Навукоўцы пацвердзілі эфектыўнасць гэтых птушак у змаганні з небяспечнымі насякомымі7

Беларускія ўдзельнікі прайшлі на адкрыцці Паралімпіяды пад чырвона-зялёным сцягам ФОТАФАКТ32

На польскім аўкцыёне за 700 еўра прадаюць старадаўнюю кнігу з беларускай парафіі. Як такія рарытэты могуць вывозіць за мяжу?10

«У савецкі час амаль зарабіў на «Жыгулі». Пенсіянер расказаў пра свой кветкавы бізнэс

«Белавія» і ГУМ прэзентавалі «самалётныя» вітрыны ФОТЫ10

У Японіі ўхвалілі першы ў свеце клеткавы прэпарат ад хваробы Паркінсона1

Расія можа дзяліцца з Іранам разведвальнай інфармацыяй са спадарожнікаў12

Суднаходства ў Армузскім праліве амаль спынілася, але кітайцы спрабуюць дамовіцца

Украінку, якую асудзілі ў Беларусі па крымінальнай справе, абмянялі на дзвюх грамадзянак Расіі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Свінні зарохкалі. Без вады даўно не сядзелі, я б ім адключыў». Азаронак абрынуўся на жыхароў раёна Лебядзіны24

«Свінні зарохкалі. Без вады даўно не сядзелі, я б ім адключыў». Азаронак абрынуўся на жыхароў раёна Лебядзіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць