Грамадства

Мінск рыхтуе новыя зоны для адпачынку: што з’явіцца ў кожным раёне сталіцы

У 2026 годзе ва ўсіх адміністрацыйных раёнах сталіцы адкрыюцца новыя лакацыі — ад «Парка медыцыны» і інклюзіўных пляцовак да экасцежкі ў балоцістай нізіне і інсталяцыі з верталётам — глядзіце, дзе менавіта мінчане змогуць бавіць вольны час у гэтым сезоне.

Якія новыя лакацыі абсталююць у гэтым годзе, пішуць «Мінск-Навіны».

Заводскі

Тут плануюць абсталяваць лакацыю ў раёне вул. Ванеева і Кашавога. Канцэпцыя прадугледжвае стварэнне пешаходных дарожак, спартыўных пляцовак, устаноўку малых архітэктурных формаў.

Мяркуецца таксама працяг зоны адпачынку «Жара» на беразе Чыжоўскага вадасховішча ў бок храма. Тут хочуць абсталяваць дзіцячую пляцоўку, паставіць дэкаратыўныя фігуры птушак, земнаводных і рыб, а таксама драўляныя скульптуры звяроў і малыя архітэктурныя формы.

Ленінскі

Новыя зоны адпачынку ўсталююць у Лошыцы. Першая з іх будзе знаходзіцца ў межах вул. Чыжэўскіх і Ігуменскага тракта. Азеляняльнікі прапануюць даць ёй назву «Усё пачынаецца з любові».

Ініцыятыва аб добраўпарадкаванні гэтай лакацыі зыходзіла ад мясцовых жыхароў. Ужо пракладзены пешаходныя дарожкі. Усталяваны галоўныя арт-аб’екты ў выглядзе аб’ёмнага каванага сэрца і «лаўкі кахання», а ў прагулачнай зоне — лаўкі з урнамі і шасцігранная апора з пяццю падвеснымі арэлямі. 

Другая зона адпачынку запланавана ў раёне вул. В. Турава, побач з мікрараёнамі Лошыца-5 і Лошыца-10, якія будуюцца. Яна атрымала назву «Любімыя казкі» і размесціцца насупраць 18‑й гарадской дзіцячай паліклінікі. Яе абсталююць з улікам інтарэсаў і патрэб дзяцей, у прыватнасці паставяць скульптуры казачных персанажаў з дрэва, металу, каменя.

Маскоўскі

У гэтым годзе плануюць пачаць 2‑ю чаргу будаўніцтва «Сада вершаў» у раёне вул. Л. Сапегі. Яго дапоўняць часткай, прысвечанай паэзіі, і павялічаць колькасць гульнявых месцаў для дзяцей. А таксама зробяць дзіцячую пляцоўку з інклюзіўным абсталяваннем, з’явяцца зона пікнікоў і лакацыя для назірання за птушкамі.

Яшчэ адна пляцоўка размесціцца ў паўднёва-заходняй частцы раёна. Гэта будзе «Сад фотаздымкаў» з малымі архітэктурнымі формамі, веладарожкай і велапаркоўкай, фотазонамі.

У перспектыве ў Маскоўскім добраўпарадкуюць зялёную зону ў раёне вул. Я. Брыля і Астрожскіх, Рафіева і Громава, а таксама праспекта Дзяржынскага і вул. А. Гедройца.

Кастрычніцкі

Цікавая зона адпачынку з’явіцца каля дома № 3а на вул. Аэрадромнай. У адпаведнасці з генпланам горада ўзводзіць тут нічога не плануюць, а пад зямлёй камунікацыі не праходзяць. Агульная плошча ўчастка складае каля 0,4 га. Тут зробяць дарожкі з устаноўкай урнаў і лавак, абсталяванне новых варкаўт– і дзіцячай пляцовак. Высадзяць кветкі і маладыя дрэвы.

Галоўнай асаблівасцю стане інсталяцыя сапраўднага савецкага шматмэтавага верталёта Мі-2, вытворчасць якога завяршылася ў 1990-х, а таксама іншай тэхнікі.

Акрамя таго, новую лакацыю плануюць абсталяваць уздоўж берагавой лініі Лошыцкага вадасховішча — ад вул. Брэсцкай у напрамку вул. Казінца.

Партызанскі

Працягнецца добраўпарадкаванне тэрыторыі ўздоўж Сляпянскай воднай сістэмы ў раёне Гарадской клінічнай бальніцы № 6 і 14‑й паліклінікі. Там размесціцца «Парк медыцыны».

У далейшым мяркуецца абсталяваць лакацыю для сямейнага адпачынку ў раёне вул. Сталетава.

Першамайскі

Тут з’явяцца Моладзевы сквер і экасцежка «Лясная». Апошнюю плануюць абсталяваць у лесапарку «Зялёны Луг». Паставяць інфармацыйныя стэнды, арганізуюць маршрут для скандынаўскай хады і птушыную сталовую.

Акрамя таго, прадугледжаны варкаўт-пляцоўка, спартыўны гарадок і пляцоўка для заняткаў фізкультурай на адкрытым паветры. Гэта звязана з тым, што непадалёк ад экасцежкі знаходзяцца некалькі ўстаноў адукацыі.

Савецкі

Адна з зон адпачынку будзе прысвечана сямейным каштоўнасцям. У прыватнасці, мяркуецца абсталяваць месца, дзе маладыя людзі змогуць рабіць прапанову шлюбу. Акрамя таго, адным з лейтматываў стане тэматыка шматдзетнасці. Першапачатковая назва — «Шлях да шчасця».

Яшчэ адну лакацыю мяркуюць абсталяваць у невялікім скверы на вул. Куйбышава — спартыўную і дзіцячую пляцоўкі, а таксама птушыную сталовую.

Фрунзенскі

Тут з’явяцца дзве зоны адпачынку. Першая запрацуе ў раёне скрыжавання вул. М. Лынькова і П. Глебкі. Другая — у скверы на вул. Брыкета, дзе пунктам прыцягнення гараджан стала сажалка.

Бліжэйшая тэрыторыя апошнім часам актыўна забудоўваецца шматпавярховымі дамамі. Акрамя таго, у перспектыве ў Фрунзенскім мяркуюць стварыць «Сад музычных інструментаў».

Цэнтральны

Новыя лакацыі размесцяцца ў паўночна-заходняй частцы каля ракі Свіслач. Яны будуць прадстаўлены ў фармаце экасцежак. Адну з іх мяркуюць абсталяваць у раёне парка Народнага адзінства. Другую — у раёне МКАД і вадасховішча Дразды, каля парк-атэля.

Экасцежка «Партал у свет балота» працягнецца на 500 м. Яна размесціцца ў балоцістай нізіне, у асноўным пакрытай лісцевым лесам. Тут разнастайныя флора і фаўна. На гэтай тэрыторыі перыядычна пасяляюцца бабры, паўсюдна сустракаюцца шматлікія грызуны, вожыкі і зайцы. З земнаводных і рэптылій — звычайныя вужы, яшчаркі, жабы, шэрыя рапухі. Рэгулярна можна сустрэць больш за паўсотні відаў птушак, многія з якіх гняздуюцца.

Каментары

Цяпер чытаюць

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся3

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся

Усе навіны →
Усе навіны

Магілёў, Віцебск і Гомель удалося далучыць да БССР толькі таму, што Масква такім чынам хацела спакусіць Заходнюю Беларусь — апублікаваныя дакументы56

«А дзе будзеце мыцца?» У Мінску знайшлі незвычайную кватэру за 450 рублёў у месяц2

Украінскія беспілотнікі атакавалі Ленінградскую вобласць. Паведамляецца пра пажар на НПЗ у Кірышах

Трамп: Пасля завяршэння здзелкі Украіна будзе мець крыху іншую форму29

Мая любілі не толькі золата, але і ртуць. Ці магло гэта загубіць іх цывілізацыю?2

Кіраўнік Nvidia Джэнсэн Хуанг прызнаўся, што здраджваў жонцы. Яго каханкай была меркаваная кітайская шпіёнка1

ШІ дапамог знайсці «натуральны Аземпік»4

Колькі кажаноў гіне ад ветракоў? Маштаб аказаўся значна большым, чым чакалі3

Грузія выдварыла 39 беларусаў за дзевяць месяцаў 2026 года6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся3

Кацярына Пытлева: Рак вярнуўся

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць