Меркаванні11

Севярынец: У зале шум. Бачу, Волечка закрывае твар далонямі

Павел Севярынец у сваім фэйсбуку расказаў, чаго дамогся ўскрыццём на Акрэсціна.

«У першыя дні здавалася: абсалютна нічога. 

Усё той жа карцар без вады, усё той жа змрочны турэмны распарадак, толькі насмешлівае і выпрабавальнае чаканне з боку адміністрацыі: ну, ладна, парэзаўся, а далей што?

А далей было вось што.

Юрыдычна мяне трымалі на Акрэсціна на «сутках». Пасля акцыяў за незалежнасць канца 2019 года на мне «вісела» яшчэ некалькі пратаколаў, і, даючы па 15 сутак па кожным, рэжым проста ўтрымліваў мяне ў турме да «выбараў» 2020 года.

Але гэтыя «суткі» яшчэ трэба было даць. А вакол — пандэмія каранавіруса. Таму «судзілі» праз скайп. І вось праз некалькі дзён пасля таго ўскрыцця, 18 чэрвеня зранку, мяне вядуць у следчы кабінет, дзе стаіць кампутар — на той самы судовы скайп.

Завялі, пасадзілі перад кампом, падлучыліся, і вось мы ў судзе Фрунзенскага раёна Менска. Бачу, поўная заля людзей. Волечка, сябры, адвакатка Таццяна. І бачу сябе на экране ў залі. Ага, мы ў эфіры. Суддзя пачынае задаваць свае дзяжурныя пытанні, а я пачынаю распавядаць, у якіх умовах трымаюць мяне і Волю Мікалайчык. 

Міліцыянты пачынаюць гэкаць, кашляць, вырачаць вочы на мяне, але ж — суд, працэдура! А суддзя, відаць, у прастрацыі перад поўнай заляй, маўчыць сабе.

— Таму мне давялося на знак пратэсту рэзаць сабе руку, — бадзёра заканчваю я і суну проста ў экран камп'ютара парэзаны локаць. 

У залі шум. Бачу, Волечка закрывае твар далонямі. Супрацоўнікі са страшнымі вачыма моўчкі паказваюць: ну ўсё, табе хана. Суддзя ачомваецца, блытана даводзіць «адміністрацыйны працэс» да патрэбных 15‑ці сутак. Ляскае крышка кампа, і мяне вядуць назад у карцар.

Літаральна праз паўгадзіны пачалося. Чую, брохаюць па калідоры боты — бягуць, шум і тлум. Цэлая група захопу ўрываецца ў карцар, распранаюць, абмацваюць, у рацыях каманды — «Ведіте в кабінет начальніка, быстро!»

Забегалі, як прусакі, думаю. Во якія вы порсткія, калі падгарае!

Вядуць да начальства, а там суцэльны вэрхал. Натоўп людзей у пагонах. Палкоўнікі, малінавыя лампасы, Глаўнае упраўленне унутраных дзел па Мінску, тэлекамеры… 

І начальнік Акрэсціна, якога проста калоціць. 

— Рукі покажіте!

Паказваю.

— Вы знаете, что с вамі сейчас будет?!

— І што? — кажу на куражы. — Вы мне нарэшце акажаце медыцынскую дапамогу?

— Окажем, окажем тебе медіцінскую дапамогу! — выціскае скрозь зубы.

У выпадку ўскрыцця вязня паводле адмысловага пратаколу накіроўваюць на псіхіятрычную экспертызу, і я гэта добра ведаў. Так, думаю, ясна, павязуць у «Навінкі», усё ж лепш, чым у гэтай бетоннай скрыні без вады.

Але гувэдэшнае начальства, якое клубілася ў калідоры і кабінетах, вырашыла інакш.

Ужо пасля я даведаўся, што з залі суда хтосьці адправіў медыям паведамленне, быццам я рэзаў вены, хаця я дакладна сказаў — «рэзаў руку». Пра вены імгненна падхапілі, напісалі пра спробу самагубства. А ў гэты ж самы дзень затрымалі і Бабарыку, таму інфармацыя лінула, як бензін у вагонь. Людзі выйшлі на вуліцы.

А ў мяне знялі на камеру непашкоджаныя запясці і далі міліцэйскае тлумачэнне, што ніякіх венаў Севярынец ня рэзаў.

Канечне, у той жа дзень шрубы, якімі я паласаваў руку, начыста зрэзалі і зашліфавалі.

У камеру пачалі штодня даваць пластыкавую бутэльку з вадой. Краны так і не ўключалі да самага жніўня (думаю, наконт перакрыцця кранаў было ўсё-такі «высочайшее повеленіе», таму проста ўключыць пабаяліся). 

Пачалі выводзіць на гадзіну ў дворык, прычым начальства здымала мой вывад на тэлефон — маўляў, глядзіце, на прагулку яго водзім (відаць, здымалі для еўрапейскіх дыпламатаў).

І, нарэшце, праз колькі дзён нават дазволілі перадаць мне перадачу (у карцар, Карл!).

Пацвердзілася простае правіла: ускрыццё працуе толькі тады, калі пра яго ведаюць на волі. Калі ж інфармацыя ня выйшла за сцены турмы — яна будзе пахаваная там навечна. 

І часам — разам з вязнем», — напісаў Павел Севярынец.

Каментары1

  • Белы
    11.05.2026
    Усе яны адкажуць за катаванні - перад Богам і людзьмі.

Цяпер чытаюць

Вальфовіч пра атаку дронам аўтобуса з дзецьмі ў Бранскай вобласці: Мэта была сутыкнуць Беларусь з Украінай

Вальфовіч пра атаку дронам аўтобуса з дзецьмі ў Бранскай вобласці: Мэта была сутыкнуць Беларусь з Украінай

Усе навіны →
Усе навіны

Жанчына з-пад Баранавіч прыехала ў Мінск і там накінулася на 10‑гадовага хлопчыка7

Беларуска не можа выехаць з Польшчы праз рэдкі спосаб легалізацыі. Каб гэта выправіць, трэба мяняць закон2

Хлопчык, які знаходзіўся на ШВЛ пасля інцыдэнту з беларускім аўтобусам у Бранскай вобласці, ужо дыхае самастойна3

Беларусь уваходзіць у топ-20 краін з самымі таннымі цыгарэтамі3

Мышэй у гарадах усё цяжэй труціць праз адаптацыю да атрут на ўзроўні ДНК1

Сяргей Ціханоўскі перабраўся жыць у Лос-Анджэлес88

Мінскія будаўнікі змайстравалі хатку для вожыкаў, якія пасяліліся побач з месцам работ2

Японскі блогер, які ведае амаль усе мовы свету, сустрэў у Вене Надзею, якая загаварыла з ім па-беларуску ВІДЭА9

У Нацбанку расказалі, колькі беларусы набралі пазык у банкаў

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вальфовіч пра атаку дронам аўтобуса з дзецьмі ў Бранскай вобласці: Мэта была сутыкнуць Беларусь з Украінай

Вальфовіч пра атаку дронам аўтобуса з дзецьмі ў Бранскай вобласці: Мэта была сутыкнуць Беларусь з Украінай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць