Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?
Пасля таго, як Коля Лукашэнка атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі, паўстала лагічнае пытанне — ці пойдзе сын галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ў армію, каб выканаць абавязак перад радзімай?

Якія ў Колі ёсць варыянты?
Коля-памежнік
Калі няма сур’ёзных праблем са здароўем, адзін з самых імаверных варыянтаў для Мікалая пасля таго, як паступленне ў магістратуру перастала даваць адтэрміноўку, — паўтарэнне лёсу старэйшых братоў і самога бацькі, якія служылі ў памежных войсках пасля сканчэння ўніверсітэта.
Пра гэта некалі заяўляў сам Аляксандр Лукашэнка, сцвярджаючы, што і Коля не супраць пайсці па слядах братоў. Ішла нават гаворка пра тое, што Мікалаю было б здорава застацца на працу ў памежных структурах далей. Праўда, тады хлопец быў падлеткам, і на сёння яго жыццёвы фокус вось ужо некалькі гадоў скіраваны ў бок біятэхналогій. Праграму менавіта па гэтым кірунку ад БДУ і Пекінскага ўніверсітэта скончыў Коля ў гэтым годзе.
У афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі-старэйшага апісана, што ён быў прызваны ў армію ў 1975 годзе пасля выпуску з Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Памежныя войскі, па яго словах, ён абраў па сямейнай традыцыі: «усе мае стрыечнікі былі памежнікамі». Дарэчы, менавіта ў войску ў Лукашэнкі пачаліся першыя крокі ў палітыцы — паспрабаваўшы сябе ў крэсле інструктара палітаддзела па камсамольскай працы, ён далей і пайшоў па ідэалагічнай лініі.
Падсумоўваючы, асобная служба актыўных мерапрыемстваў — спецслужба памежных войскаў Беларусі — самая натуральная сцяжынка для Колі.
Тэрмін службы, дарэчы, залічваецца ў тэрмін адпрацоўкі размеркавання пасля атрымання бясплатнай адукацыі.
Але разглядзім і іншыя варыянты.
Коля-ахоўнік
Мікалай Лукашэнка не раз з’яўляўся на публіцы ў форме Службы бяспекі прэзідэнта. Прычым ён пастаянна знаходзіўся ў шэрагах ахоўнікаў.

Маючы вялікі досвед паездак у атачэнні Службы бяспекі, ён мог бы пайсці ў Дэпартамент аховы МУС і падпісаць з імі кантракт — мінімум тры гады адпрацоўкі будзе дастаткова, каб атрымаць «вольную».
Такая ж схема працуе і з іншымі структурамі МУС, з якімі можна падпісаць кантракт пасля спецпадрыхтоўкі.
Варыянт для дэпутатаў
На момант наступных выбараў у парламент у 2029 годзе Мікалаю яшчэ не споўніцца 27 гадоў, якія вызваляюць ад прызыву ў армію. Таму можна будзе перасядзець апошні «небяспечны» этап у дэпутацкім крэсле.
Да гэтага ж адтэрміноўку Мікалаю па жаданні можа падарыць бацька — падпісаўшы спецыяльны ўказ на імя сына. Такая опцыя існуе для кіраўніка дзяржавы ў 32‑м артыкуле закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе».

Варыянт для пацыфіста
Калі ўявіць, што Мікалай заявіць бацьку, што трыманне зброі ў руках пачало пярэчыць яго рэлігійным ці пацыфісцкім перакананням, існуе афіцыйная альтэрнатыўная служба. Яна можа адбывацца, напрыклад, на пасадзе медбрата, супрацоўніка сельскай ці лясной гаспадаркі — тут ужо дапамагае вырашыць Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Для грамадзян з вышэйшай адукацыяй альтэрнатыўная служба цягнецца 24 месяцы.

Варыянт для маладых бацькоў
Згодна з законам, адтэрміноўку ад вайсковай службы і службы ў рэзерве можна атрымаць згодна з сямейным становішчам. У тым ліку, калі ў патэнцыйнага навабранца рызыкуе застацца сам-насам цяжарная жонка. Наўрад ці Мікалай Лукашэнка паспее абзавесціся жонкай «у становішчы» да бліжэйшага жнівеньскага прызыву, але нельга выключаць саму магчымасць.

Варыянт для сядзелак
Самым фантазійным, але ўсё яшчэ працоўным варыянтам застаецца адтэрміноўка па сямейным становішчы праз стан здароўя бацькоў, якім патрэбны пастаянны догляд. Згодна з законам, на вызваленне ад арміі традыцыйна могуць разлічваць грамадзяне з бацькамі-інвалідамі I ці II групы, але магчымыя і іншыя сітуацыі, пры якіх даказваецца неабходнасць прысутнасці дзіцяці побач з хворым татам ці маці.
Праўда, тут гаворка ідзе пра сем’і, у якіх толькі адно дзіця.
Аднак, зноў жа, не забываемся пра наяўнасць спецыяльных указаў.
Каментары