Эканоміка88

Ці захочуць дзеці гэта насіць? Разабралі новыя калекцыі школьнай формы

Да першага верасня засталося менш за месяц, і беларускія вытворцы традыцыйна прэзентавалі калекцыі школьнага адзення на новы навучальны год. Мы паглядзелі, што прапануюць беларускім школьнікам у сезоне 2026/27, і ацанілі калекцыі з пункту гледжання дызайну, камфорту і практычнасці.

Калаж: «Наша Ніва»

Разабраліся, колькі каштуе сабраць базавы камплект і ці ёсць сярод новай формы рэчы, якія дзеці захочуць насіць не толькі пад ціскам школьнай адміністрацыі.

Не адна форма на ўсіх, але і не поўная свабода

У Беларусі няма агульнай школьнай формы. Навучальныя ўстановы па-ранейшаму самі вызначаюць колер і абавязковыя элементы: недзе гэта толькі значок, гальштук або шаўрон, недзе — цёмна-сіняя камізэлька, а недзе фактычна цэлы камплект.

Форма ад «Калінкі». Фота тут і далей: афіцыйны каталог «Беллегпрама»

Сістэма склалася паступова. З 2022 года навучальныя ўстановы пачалі ўводзіць адзіны элемент адзення дзелавога стылю, у 2023‑м улады гаварылі ўжо пра два элементы. У 2024 годзе асобныя школы ўводзілі значна больш жорсткія камплекты з абмежаванай каляровай гамай і шаўронамі. Купляць іх дазваляецца ў любой краме або шыць індывідуальна, галоўнае, каб рэч адпавядала зацверджаным школай патрабаванням. Таму для сям’і пытанне «ці падабаецца гэтая рэч?» часта другаснае: спачатку трэба даведацца, што менавіта зацвердзіла школа.

Форма ад «Камволя»

Сёлета змянілі і патрабаванні да самой вопраткі. З 13 жніўня 2026 года пачынае дзейнічаць абноўлены стандарт СТБ 2517-2017. Ён уводзіць добраахвотную сертыфікацыю школьнага дзелавога адзення і ўключэнне вытворцаў у спецыяльны рэестр.

Каб трапіць туды, рэчы павінны быць пашытыя ў Беларусі, адпавядаць стандарту, а не менш за палову выкарыстаных тканін і трыкатажных палотнаў павінны паходзіць з Беларусі або Расіі.

Форма ад «Купалінкі»

На канец ліпеня першым у рэестр увайшло пінскае «Палессе». «Камволь», жодзінскі «Світанак» і салігорская «Калінка» прайшлі сертыфікацыю і завяршалі афармленне дакументаў. 

«Камволь»: офісны дрэс-код з першага класа

«Камволь» прапануе вытрыманую ў традыцыйным школьным стылі калекцыю: для дзяўчынак цёмна-сінія сарафаны, жакеты, спадніцы ў дробную складку, белыя блузкі, для хлопчыкаў выбар больш сціплы — штаны, пінжак, камізэлька.

Практычны плюс — некалькі варыянтаў нізу: спадніца, спадніца-шорты, сарафан і штаны. Мінус — большасць асноўных рэчаў мае 63% поліэстру, 35% віскозы і толькі 2% эластычнай ніткі. Такая тканіна звычайна лепш трымае форму і менш камячыцца, але ў цёплым класе можа быць менш камфортнай і прыемнай за тканіну з высокай доляй бавоўны або воўны. Цела ў ёй не дыхае.

«БелКрэда»: строга, якасны склад і толькі для хлопчыкаў

«БелКрэда» прапануе тое, што дарослыя звычайна называюць «салідна»: пінжакі, камізэлькі і класічныя штаны. Ніякіх шырокіх сілуэтаў, кантрасных дэталяў ці гульні з прапорцыямі. 

Затое па складзе гэта адна з найбольш пераканаўчых калекцый: ёсць мадэлі са 100% воўны і камплекты з 41-44% воўны, поліэстрам і лайкрай. Натуральнае валакно — плюс для цепларэгуляцыі, лайкра — для рухомасці, а поліэстр павышае зносаўстойлівасць. Але 100% воўны не заўсёды аўтаматычна азначае камфорт: яна можа калоцца і патрабуе больш далікатнага догляду.

«Калінка»: самая вялікая і модная калекцыя

Калі шукаць рэчы, якія падлетак можа выбраць не толькі пад ціскам адміністрацыі, найбольш шанцаў у «Калінкі». Тут ёсць свабодныя блузкі, шырокія штаны, спадніцы-шорты, сарафаны, кароткія і падоўжаныя жакеты. 

Калекцыя больш нагадвае звычайнае сучаснае адзенне для падлеткаў, прыстасаванае да школьнага дрэс-коду, чым традыцыйную строгую форму. Але за актуальнымі сілуэтамі хаваецца вялікі роскід матэрыялаў.

Блузкі і джэмперы з 70—95% бавоўны выглядаюць разумным выбарам на кожны дзень. У сарафанах, шортах і частцы спадніц доля поліэстру даходзіць да 62—72%, а ў некаторых мадэлях пераважае віскоза. Таму дзве вонкава падобныя рэчы «Калінкі» могуць істотна адрознівацца па камфорце і доглядзе. Віскоза мяккая і лепш прапускае паветра, але можа патрабаваць больш асцярожнага прання, поліэстр прасцейшы ў доглядзе, затое ў цяпле прайграе.

«Світанак»: не самае эфектнае, затое лагічнае

Аснова калекцыі жодзінскага «Світанку» — трыкатажныя камізэлькі, джэмперы, простыя штаны і сарафаны. Візуальна гэта не самая фотагенічная калекцыя, але адзенне выглядае простым і зразумелым: мяккая камізэлька не скоўвае рухаў, рэчы лёгка камбінаваць.

Склад часта на карысць дзіцяці: у камізэльках 95% бавоўны, у джэмперах — 86-100%, у сарафане — 83%. У штанах сінтэтыкі больш — ад 39 да 52%, але ёсць спандэкс. Гэта не гарантыя ідэальнай пасадкі, але на паперы баланс камфорту і практычнасці тут адзін з лепшых.

«Палессе» і «8 Сакавіка»: камізэлька як галоўны герой

«Палессе» фактычна будуе калекцыю вакол верху: камізэлек і жакетаў цёмна-сіняга колеру, частка з якіх аздобленая белай паласой. Выбар фасонаў мінімальны, затое памерная лінейка даволі шырокая — да 194 сантыметраў. Таму тут могуць знайсці рэчы і высокія старшакласнікі.

Ва ўсіх мадэлях 30% воўны і 70% поліакрыланітрылу. Такая сумесь павінна быць цёплай і зносаўстойлівай, але высокая доля акрылу можа спрыяць назапашванню статычнай электрычнасці, а ў перагрэтым класе камізэлька можа аказацца занадта цёплай.

«8 Сакавіка» трымаецца базавых камізэлек, джэмпераў, спадніц і штаноў. Ёсць 100% баваўняныя джэмперы і рэчы, дзе бавоўна спалучаецца з поліэстрам і эластанам. Мінус — частка чорных камплектаў выглядае хутчэй як офісны дрэс-код, чым дзіцячае адзенне.

«Купалінка»: простая база 

«Купалінка» прапануе адну з самых кампактных калекцый: белыя пола і блузкі, цёмныя штаны, спадніцы і джэмперы. Дызайн настолькі нейтральны, што асобнай калекцыяй яго назваць цяжка: хутчэй гэта база, на якую школа прапануе надзець свой шаўрон.

Выбар фасонаў невялікі, але склад выглядае добра і робіць рэчы практычнымі. У джэмперах 92% бавоўны і 8% эластану, таму яны павінны добра прапускаць паветра і не скоўваць рухаў.

Штаны і спадніца пашытыя з тканіны, у якой 70% віскозы, 26% поліэстру і 4% эластану. Такі склад выглядае разумным кампрамісам.

«Бабруйсктрыкатаж»: замест пінжака — бомбер

«Бабруйсктрыкатаж» прапануе невялікую, але цэльную калекцыю. Для хлопчыкаў у ёй ёсць кашуля, штаны, камізэлька і трыкатажны бомбер, які выглядае менш фармальна і павінен менш скоўваць рухі, чым класічны пінжак. Для дзяўчынак — блузка, джэмпер, спадніца і штаны. Большасць мадэляў разлічаная на рост ад 122 да 170 сантыметраў.

Галоўная перавага — склад матэрыялаў. У большасці рэчаў 78% бавоўны, 17—18% поліэстру і 4—5% лайкры. Бавоўна павінна зрабіць адзенне больш прыемным для штодзённага нашэння, поліэстр дапамагае яму трымаць форму, а лайкра дадае эластычнасці.

З выгляду калекцыя даволі кансерватыўная: цёмна-сінія штаны, спадніцы і камізэлькі спалучаюцца з белым або блакітным верхам. Самая сучасная дэталь — бомбер. Астатнія рэчы наўрад ці зацікавяць падлетка дызайнам.

Жлобінская фабрыка: сучасны крой, але склад трэба чытаць

Жлобінская швейная фабрыка прапануе адну з найбольш разнастайных калекцый: тут ёсць укарочаныя камізэлькі, жакеты больш свабоднага крою, шырокія штаны, спадніцы і сарафаны. Вытворца асобна звяртае ўвагу на рэгуляваныя паясы, дадатковыя кішэні і зашпілкі-маланкі. 

Асобныя камплекты дзякуючы прапорцыям выглядаюць сучасней за звыклую школьную класіку, іншыя застаюцца цалкам традыцыйнымі. 

Аднак склад трэба глядзець па кожнай рэчы. Ёсць удалыя мадэлі з 60—71% віскозы, 25—35% поліаміду і 4-5% эластану: яны павінны быць мякчэйшымі і рухомымі. Але ёсць і спадніца з 98% поліэстру. Яна, мусіць, будзе добра трымаць складкі і перажыве шмат мыццяў, але называць яе камфортнай без агаворак не выпадае.

«Славянка»: форма як уніформа

«Славянка» прапануе самую сістэмную калекцыю: ад малодшых школьнікаў да высокіх старшакласнікаў, для дзяўчатак і хлопчыкаў, з пінжакамі, камізэлькамі, штанамі, спадніцамі і сарафанамі. Зручна, калі школе патрэбна аднолькава апрануць вялікую колькасць дзяцей.

Але менавіта тут асабліва відаць канфлікт паміж зносаўстойлівасцю і камфортам: у большасці базавых мадэляў 80% поліэстру і 20% віскозы. Ёсць жакет з 40% воўны — ён выглядае больш дыхаючым і сезонным, але агульная маса калекцыі робіць стаўку на тканіну, якая трымае выгляд і танней абыходзіцца ў штодзённай эксплуатацыі. Візуальна гэта акуратна, аднак частка камплектаў занадта нагадвае карпаратыўную ўніформу.

Спартыўная форма: нарэшце колер 

Пасля дзясяткаў піджакоў і спадніц сіняга і чорнага колеру спартыўная вопратка выглядае амаль бунтам: салатавыя футболкі, блакітныя і ружовыя касцюмы, аранжавыя ўстаўкі. «Світанак», «8 Марта» і «Бабруйсктрыкатаж» прапануюць у асноўным баваўняныя камплекты з эластанам або лайкрай. Для фізкультуры гэта найбольш лагічна.

Не ўсе камплекты аднолькава практычныя. Светла-блакітны касцюм прыгожа выглядае на фота, але ў спартзале хутка запатрабуе мыцця. Чорныя шырокія штаны зручнейшыя для паўсядзённасці, але для бегу ці фізічных практыкаванняў варта праверыць, ці не занадта яны доўгія і свабодныя. 

Колькі ўсё гэта каштуе

У 2026 годзе камплект для хлопчыка з пінжака, двух пар штаноў і кашулі прадстаўнікі галіны ацэньвалі прыкладна ў 300 рублёў без абутку. Пашыраная капсула для дзяўчынкі — дзве блузкі, камізэлька, жакет, спадніца і некалькі пар штаноў — можа каштаваць ужо 400—500 рублёў без абутку. 

З трох рэчаў, цэны на якія ўдалося праверыць у фірменных інтэрнэт-крамах, найбольш бюджэтным выглядае камплект «Свiтанку»: джэмпер, спадніца і камізэлька абыдуцца прыкладна ў 96 рублёў. Аналагічная тройка «Калінкі» — блузка, спадніца і жакет — каштуе амаль 145 рублёў.

Форма ад «Бабруйсктрыкатаж»

Што робяць суседзі

Беларусь рухаецца ў бок большай уніфікацыі, тады як у большасці суседзяў кірунак супрацьлеглы. У Польшчы агульнанацыянальнай абавязковай формы няма, вучань самастойна выбірае адзенне і знешні выгляд. Абмежаванні там тычацца бяспекі і рэчаў, што прапагандуюць нянавісць ці дыскрымінацыю, а не даўжыні кожнага жакета.

У Літве таксама няма адной дзяржаўнай формы: рашэнні прымаюць асобныя школы і іх супольнасці. Там можна ўбачыць і поўныя камплекты, і толькі камізэльку або джэмпер з эмблемай, і ўстановы без формы.

Ва Украіне абавязковую агульнадзяржаўную школьную форму скасавалі яшчэ ў 2019 годзе. У Расіі з 2025 года дзейнічае дзяржаўны стандарт на школьнае адзенне, але ён апісвае якасць і дзелавы характар рэчаў, а не ўводзіць адну мадэль для ўсіх. 

Каментары8

  • Правда?
    08.08.2026
    союз нерушимый республик свободных,
    про советский футляр знаю только я- я тетка 50 годков. А современные дети откуда это знают?
  • Джорджио Армани
    08.08.2026
    Дети, не носите это г-но! Свобода начинается с таких простых вещей как выбор одежды на свой вкус, а вы свободные люди!
  • беспаловские боты
    08.08.2026
    Правда? , словосочетание «советский футляр», может, и не знают, зато отлично знают слова «неудобно», «колется» и «не даёт дышать». А название этому явлению они быстро поймут, когда поймут, КТО и ПОЧЕМУ им эту форму навязывает.

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі40

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Усе навіны →
Усе навіны

Пад лавінай у Кабардзіна-Балкарыі загінулі 13 расійскіх спецназаўцаў5

Уіткафу і Кушнеру прапаноўвалі прыляцець у Беларусь і ехаць ва Украіну з Гомеля. Але яны не захацелі5

Венгрыя высылае адразу 10 расійскіх дыпламатаў. Такога раней не было1

«Гелі пераліваюць у розныя бутэлькі — ад ёгуртаў або ад кефіру». Як і што купляюць і прадаюць беларусы на польскім рынку ў Беластоку2

«Сотні курдаў расказваюць пра сувязь з дачкой прэм'ера Курдыстана. І толькі 1% заяў на прытулак ад мігрантаў у Брытаніі сапраўдныя»19

У Швецыі затрымалі беларуса — ён фатаграфаваў ахоўныя аб’екты. Там вырабляюць ракеты і боепрыпасы2

Анджаліна Джалі наведала баксёрскі клуб у Харкаве2

Расіяне атакуюць пасажырскія цягнікі ва Украіне7

Мурал беларускім пісьменнікам адкрылі ў Касцюковічах1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі40

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць