Яшчэ адзін суд у Кіеве адмовіўся разглядаць справу затрыманай па падазрэнні ў шпіянажы журналісткі Кардаш
Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева не змог сфармаваць склад суддзяў, якія маюць доступ да сакрэтнай інфармацыі і могуць разглядаць справу беларускай журналісткі Іны Кардаш, затрыманай сёлета ў студзені паводле падазрэння ў шпіянажы, піша Радыё Свабода.

Справу ў пачатку жніўня перадалі ў Пячэрскі раённы суд Кіева. Аднак дату пасяджэння яшчэ не прызначылі.
Раней следства накіроўвала абвінаваўчы акт на разгляд Падольскага раённага суда Кіева. Выбар гэтага суда быў абумоўлены раёнам затрымання Іны Кардаш. Гэта адбылося ў рэстарацыі грузінскай кухні Khachapuri Ta Vyno ў Падольскім раёне ўкраінскай сталіцы.
Аднак суддзі Падольскага раённага суда не змаглі нават пачаць разгляд абвінаваўчага акта, бо яны не мелі доступу да сакрэтнай інфармацыі. Раней і Кацярына Юсупава, адвакатка Іны Кардаш, скардзілася на немагчымасць азнаёміцца з усімі матэрыяламі справы, паколькі шмат з іх пазначаныя грыфам «таемна» і не рассакрэчаныя ў вызначаным заканадаўствам парадку.
Тады Кіеўскі апеляцыйны суд ухваліў рашэнне аб вяртанні справы Іны Кардаш на разгляд у Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева, які, уласна, ухваляў усе рашэнні на стадыі дасудовага расследавання, у тым ліку аб працягу трымання яе пад вартай, арышце маёмасці і гэтак далей.
Іну Кардаш затрымалі сёлета 21 студзеня і выставілі ёй падазрэнне ў шпіянажы на карысць Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі.
На момант затрымання Іна Кардаш ужо працавала ў Каардынацыйным штабе ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Галоўнага ўпраўлення выведкі Міністэрства абароны Украіны. Паводле следства, яна кантактавала з КДБ праз грамадзяніна Беларусі, які «ўсвядомлена для яе ажыццяўляў канфідэнцыйную супрацу са спецслужбамі Беларусі».
Дасудовае расследаванне яе справы завяршылі. Пасля судовага разгляду абвінаваўчага акта на адпаведнасць украінскаму заканадаўству суд павінен пачаць разглядаць справу па сутнасці.
Цяпер Іна Кардаш знаходзіцца ў Кіеўскім СІЗА.
Цяпер чытаюць
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Дзіма, мой мікраскоп за паўмільёна еўра стаіць у тваёй клініцы. Абсталяванне скраў ты». Заснавальнік «Новага зроку» расказаў пра адносіны з сям'ёй Абельскіх
«Да лейтэнанта прыехала маладая жонка, пабачыла, што адбываецца ў зоне, і застрэлілася». Выйшла заключная частка ўспамінаў Рыгора Бярозкіна пра ГУЛАГ і савецкі Мінск
Каментары