У былым палацы Радзівілаў у Дзятлаве пачалася рэканструкцыя. І адразу туды нехта ўбіўся
Невядомыя праніклі ў будынак былога палаца Радзівілаў у Дзятлаве, дзе нядаўна пачалася рэканструкцыя. Пра ўзлом уладальніца палаца Таццяна паведаміла пасля таго, як у сярэдзіне мінулага тыдня прыехала на аб’ект і заўважыла пашкоджанні, піша расійскае агенцтва Sputnik.

Сляды ўзлому засталіся адразу на дзвюх дзвярах. На цэнтральных дзвярах, якія выходзяць у двор суседняй бальніцы, былі пагнутыя завесы замка і падрапаныя дзверы. Заднія дзверы, якія выходзяць да сажалкі, зламыснікі здолелі выбіць прыкладна напалову. Утварылася адтуліна такога памеру, што праз яе без праблем мог пралезці дарослы чалавек.

Уладальніца мяркуе, што спачатку невядомыя спрабавалі адчыніць цэнтральныя дзверы, але не здолелі, пасля чаго перайшлі да задняга ўваходу.
Дакладна ўстанавіць час узлому пакуль не ўдалося. Паводле Таццяны, найбольш верагодна, што гэта адбылося ў выхадныя. У буднія дні непадалёк ад палаца працуе кантрольна-прапускны пункт для ўезду на тэрыторыю бальніцы, дзе знаходзяцца ахоўнікі. У выхадныя там нікога няма, а шлагбаум застаецца адкрытым. Не выключае яна таксама, што зламыснікі маглі дзейнічаць ноччу.

Каб высветліць абставіны, уладальніца выклікала міліцыю. Сілавікі выказалі меркаванне, што ў будынак маглі залезці падлеткі. Пра гэта, у прыватнасці, маглі сведчыць некалькі пустых бутэлек з-пад газаваных напояў, знойдзеных унутры.
Аднак з палаца сапраўды зніклі некаторыя рэчы — малаток і абцугі. Таццяна адзначыла, што гэта недарагія інструменты, але яна занепакоеная тым, што магло б адбыцца, калі б да гэтага часу на аб’ект ужо паспелі прывезці больш дарагое абсталяванне, інструменты і будаўнічыя матэрыялы. У такім выпадку пасля ўзлому яны маглі б таксама знікнуць.
Незадоўга да гэтага ў палацы знайшлі некалькі фрагментаў прыгожага барэльефа, але яны засталіся на месцы. Акрамя таго, падчас разбору адной са сцен рабочы выявіў каля чатырох кілаграмаў стаматалагічнай і чыстай ртуці, якая захоўвалася ў герметычных ёмістасцях. Ртуць пасля забралі супрацоўнікі МНС.
Таццяна не выключае, што зламыснікі маглі шукаць менавіта ртуць. Яна таксама сумняваецца, што пранікненне ў палац было проста падлеткавай забавай.
«Я не думаю, што гэта зрабілі падлеткі дзеля нейкай цікаўнасці. Мне не здаецца, што сучасная моладзь настолькі дурная, каб так нахабна залазіць у прыватную ўласнасць. Хутчэй за ўсё, у палац нехта пранік дзеля нажывы», — сказала ўладальніца.
Таццяна плануе напісаць заяву ў міліцыю і дамагацца, каб вінаватых знайшлі. Яна лічыць, што пакідаць гэты выпадак без наступстваў нельга, бо ў адваротным выпадку ніхто не гарантуе, што нехта зноў не паспрабуе пранікнуць у будынак і не нанясе яму яшчэ большую шкоду.
Сам палац расіянка Таццяна набыла на аўкцыёне за сімвалічную суму — 90 беларускіх рублёў, што адпавядала двум базавым велічыням. Будынак належаў нашчадкам вядомага роду Радзівілаў.
Паводле ўладальніцы, набыць гэты палац было яе марай яшчэ з дзяцінства. Цяпер яна займаецца яго аднаўленнем. У перспектыве, акрамя дэманстрацыйных залаў для наведвальнікаў, у будынку плануюць стварыць кафэ і апарт-гатэль.
Добра захаваныя падвалы таксама плануюць выкарыстаць. Там могуць з’явіцца вінныя склепы, дэгустацыйныя залы або кухня, дзе падчас экскурсій наведвальнікам будуць паказваць, як у даўнія часы гатавалі ежу.
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
Каментары
Пока у Татьяны есть ,вернее были,только молоток и плоскогубцы.
Через три года опять будут продавать.