У Гродне каля Фарнага касцёла запусцілі праекцыйны пешаходны пераход ФОТЫ
У Гродне каля Фарнага касцёла запрацавала першая ў горадзе праекцыйная сістэма для пешаходнага пераходу. Яе ўсталявалі насупраць касцёла і ўжо ўключылі, піша «АвтоГродно».

Пра новае абсталяванне Дзяржаўтаінспекцыя паведаміла 22 верасня. На рэгуляваных пешаходных пераходах на вуліцах Калючынскай і Карла Маркса ўсталявалі дадатковыя светлавыя прылады, якія праецыруюць сігналы пешаходнага святлафора непасрэдна на паверхню тратуара.

Каля Фарнага касцёла на тратуар праецыруюцца зялёная або чырвоная светлавыя лініі. Пры гэтым звычайны святлафор працягвае працаваць у штатным рэжыме, а праекцыя з'яўляецца дадатковым сродкам бяспекі.
Чырвоная лінія размяшчаецца прыкладна за метр ад праезнай часткі. Мяркуецца, што яна можа дадаткова звяртаць увагу пешаходаў на мяжу, за якую не варта заходзіць, і не дазваляць ім падыходзіць занадта блізка да аўтамабіляў. Асабліва гэта можа быць карысным для людзей, якія адхілілі сваю ўвагу на экран тэлефона і не глядзяць наперад.

Раней у Гродне ўжо выпрабоўвалі іншыя светлавыя рашэнні. На вуліцы Ажэшкі працаваў праектар, які выводзіў яркую «зебру» непасрэдна на праезную частку, паколькі там на брукаванцы не наносілі фарбай дарожную разметку. Гэты праект усталявала прыватная кампанія для дэманстрацыі магчымасцяў тэхналогіі, але ад пастаяннага выкарыстання такога рашэння пазней адмовіліся.

Падобныя праекцыйныя сістэмы ўжо выкарыстоўваліся і ў іншых гарадах Беларусі. У Мінску першы такі праектар усталявалі ў 2022 годзе каля парку імя Уга Чавеса. Раней на адным з пераходаў праз вуліцу Леніна сігнал святлафора таксама дубляваўся святлодыёдамі, убудаванымі ў тратуар.

У Гродне на вуліцы Ткацкай каля ўзвышанага пешаходнага пераходу таксама эксперыментавалі са святлодыёдамі, убудаванымі ў асфальт. Яны ярка міргалі ў цёмны час сутак і прыцягвалі ўвагу пешаходаў. Аднак эксперымент не атрымаў працягу, бо сістэма не вытрымала зімовых умоў і выходзіла са строю.
Каментары