Аўтар павільёна ў Аляксандраўскім скверы спраектаваў дзясяткі чыгуначных вакзалаў ва ўсёй Беларусі. А стаў завочна вядомым толькі дзякуючы мінскай байцы пра архітэктара, пакрыўджанага на заможнага заказчыка.

У 1912 годзе насельніцтва Мінска пераваліла за сто тысяч чалавек, і гарадская ўправа на чале са Станіславам Хржанстоўскім распачала маштабную мадэрнізацыю інфраструктуры. У горадзе пракладваліся новыя камунікацыі, ішла падрыхтоўка да запуску электрычнага трамвая, а раку Нямігу пачалі хаваць у бетонны калектар.

Востра паўстала і санітарнае пытанне ў цэнтры. Першы грамадскі туалет на шэсць месцаў у Мінску з'явіўся толькі ў 1892 годзе на Ніжнім Рынку (сёння раён плошчы 8 Сакавіка), пазней падобны пабудавалі ў Губернатарскім садзе (цяпер парк Горкага). Аднак яны былі драўлянымі.

Зімовы гарадскі тэатр, сёння вядомы як Купалаўскі, быў адкрыты ў 1890 годзе і не меў уласных прыбіральняў, а прымітыўныя драўляныя кабінкі на вуліцы абуралі публіку. Каб не псаваць эстэтыкі Аляксандраўскага сквера, улады абвясцілі конкурс на праект мураванага павільёна, які выглядаў бы як эстэтычны архітэктурны аб'ект.
Дзякуючы архіўным пошукам даследчыка Уладзіміра Дзянісава ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ўдалося вызначыць імя аўтара праекта. Ім стаў 40‑гадовы інжынер-архітэктар Генрык Генэла.
Праект каштаваў гарадскому бюджэту 5300 рублёў. Будынак атрымаў высокі цокаль, складаны ламаны дах, аздоблены фігурнымі франтонамі і венецыянскае трохстворкавае акно. Дах накрылі дарагой марсельскай чарапіцай, а сцены дэкаравалі ляпнінай. Унутры прастору падзялілі на дзве часткі: санітарную зону і пакой для вартаўніка, дзе паставілі класічную рускую печ з плітой. Падлогу выклалі чорна-белай тэракотавай пліткай фабрыкі «Dziewulski i Lange», а сантэхніку замовілі ў фірмы «Mor i Merellis».


Інжынерным прарывам для дарэвалюцыйнага Мінска стала падземная частка: сцёкі траплялі ў спецыяльны рэзервуар, абсталяваны лакальнай станцыяй біялагічнай ачысткі, пасля чаго асенізатары раз на два тыдні вывозілі адфільтраваны асадак у бочках.
Будаўніцтва пад кіраўніцтвам падрадчыка Мойшы Гатоўскага пачалося ў жніўні 1912 года, але праз бесперапынныя восеньскія дажджы аб'ект давялося закансерваваць да вясны. Павільён урачыста прынялі ў эксплуатацыю 1 верасня 1913 года, пасля падключэння да гарадской электрасеткі. Уваход каштаваў 3 капейкі.
Забыты дойлід беларускіх вакзалаў

Нягледзячы на значны ўнёсак у айчынную архітэктуру імя Генрыка Генэлы практычна не сустракаецца ў даведніках. Паводле даследавання Беларускага інстытута спадчыны, будучы архітэктар нарадзіўся 5 жніўня 1872 года ў мястэчку Таганча на Кіеўшчыне ў спаланізаванай італьянскай сям'і, чые продкі аселі ў Рэчы Паспалітай да яе падзелаў.
Закончыўшы рэальнае вучылішча ў Кіеве, Генэла паступіў у Рыжскую палітэхніку, дзе вучыўся ў 1895—1906 гадах і ўваходзіў у студэнцкую карпарацыю «Вэлецыя». Атрымаўшы дыплом інжынера-архітэктара, ён накіраваўся на службу ў Мінскае губернскае праўленне. Поўны спіс яго мінскіх праектаў таго перыяду дагэтуль чакае даследавання.

Пасля 1917 года архітэктар пераехаў у Вільню, пасяліўся на Антокалі. 1 красавіка 1920 года ён узначаліў Аддзел будынкаў Віленскай дырэкцыі дзяржаўнай чыгункі Польскай Рэспублікі. Да яго далучыліся выбітныя дойліды Тадэвуш Раствароўскі і Гіпаліт Грынцэвіч.

У 1921—1927 гадах гэты калектыў фактычна з нуля стварыў міжваенную чыгуначную сетку Заходняй Беларусі, аднаўляючы знішчаныя ў Першую сусветную вайну станцыі. Ім належыць аўтарства больш чым сарака вакзалаў, сярод якіх станцыі ў Берасці, Пінску, Жабінцы, Кобрыні, Скідзелі, Наваельні, Ражанцы, Мастах, Аранчыцах, Дарагічыне, Багданаве, Ваўкавыску, Слоніме, Росі і Свіслачы.
Паколькі архіўная дакументацыя аддзела страчана, вызначыць індывідуальны ўнёсак кожнага архітэктара складана. Аднак дакладна вядома, што Генэла і Грынцэвіч з'яўляюцца суаўтарамі станцыйнага комплексу ў Стоўбцах (1926) — адной з найлепшых рэалізацый польскай чыгуначнай архітэктуры таго часу.

У 1920‑я гады Генэла таксама спраектаваў драўляную прыстань Таварыства акадэмічнага веславання ў Вільні (1926) і драўляны касцёл Святой Ганны ў Яшунах (цяпер Салечніцкі раён Літвы), які пабудавалі ў 1929 годзе.


З 1 красавіка 1928 года ён працаваў у варшаўскай Дырэкцыі дзяржаўных чыгунак. Сярод яго прац таго перыяду — станцыя Зулаў (1935) на лініі Падброддзе — Лынтупы, пабудаваная спецыяльна для абслугоўвання турыстаў, якія наведвалі мемарыяльны запаведнік на месцы нараджэння Юзафа Пілсудскага.

Падчас Другой сусветнай вайны Генэла прынцыпова адмовіўся працаваць на акупацыйныя ўлады, выконваючы толькі прыватныя замовы. Пасля здушэння Варшаўскага паўстання 1944 года быў прымусова вывезены з горада.
Пасля вайны 73‑гадовы пенсіянер вярнуўся на службу, каб да канца жыцця аднаўляць разбураную польскую чыгунку. Памёр Генрык Генэла ў 1948 годзе ў Варшаве, пахаваны на Брудноўскіх могілках.
Мінскі міф з Пецярбурга?
Шырокай публіцы будынак у Аляксандраўскім скверы вядомы выключна дзякуючы гарадской байцы. Згодна з легендай, заможны пан замовіў у архітэктара праект раскошнай сядзібы, але адмовіўся яму плаціць. У адказ дойлід нібыта за ўласныя грошы ўзвёў у цэнтры горада дакладную паменшаную копію панскага дома і размясціў там грамадскі туалет, каб зганьбіць замоўцу.
Як звяртае ўвагу тэлеграм-канал «Спадчына», гэты вандроўны сюжэт з'яўляецца літаральнай адаптацыяй пецярбургскага фальклору. У расійскай сталіцы існаваў больш маштабны міф пра купца Георгія Аляксандрава, які ў 1902 годзе нібыта рабіў прапанову маладой баранэсе, але атрымаў здзеклівую адмову. Каб адпомсціць, купец наняў архітэктара Аляксея Зазерскага будаваць прыбіральні ў выглядзе копій яе загараднай вілы проста пад вокнамі арыстакраткі. Калі жанчына пераязджала, купец будаваў чарговую «вілу» пад яе новымі вокнамі — так у Пецярбургу нібыта з'явіліся ажно тры прыгожыя туалеты, а баранэса была вымушаная ўцячы ў Маскву.
Мінская прыбіральня, узведзеная праз дзесяць гадоў пасля пецярбургскіх падзей, проста ідэальна ўпісалася ў гэты гатовы сюжэт. Як адзначае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, у гісторыі гэтага будынка не было ніякай драмы — яго ўзвялі таму, што ў суседнім тэатры першапачаткова проста не было ўласнага туалета, які быў жыццёва неабходны культурнай публіцы.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
ха-ця.. ка-жуць, што ў Версалі ў часы Людовіка ХІV падчас баляў культурная публіка спраўляла патрэбу за шторамі і дзвярыма