Японія ў 20 разоў павысіла зборы для замежнікаў, якія хочуць атрымаць ДНЖ
У ліпені Японія ў пяць разоў павысіла візавыя зборы для ўсіх замежнікаў — упершыню за 50 гадоў.

Японія павысіла зборы для замежнікаў, якія хочуць жыць у краіне: кошт афармлення пастаяннага дазволу на жыхарства вырас у 20 разоў — да 200 000 ен (1 270 даляраў, або 3800 беларускіх рублёў), піша Бі-бі-сі.
Зараз тыя, хто прэтэндуе на пастаяннае пражыванне, таксама павінны адпавядаць новым патрабаванням адносна даходу, пенсійных адлічэнняў і ведання японскай мовы.
У пачатку гэтага тыдня каля іміграцыйных аддзяленняў утварыліся доўгія чэргі: заяўнікі імкнуліся паспець падаць дакументы да павышэння збораў. Галоўнае іміграцыйнае бюро Токіа паведамляла пра час чакання больш за сем гадзін.
Павышэнне збораў — частка шэрагу змяненняў у іміграцыйнай палітыцы Японіі пры прэм'ер-міністарцы Санаэ Такаіці. Яны накіраваныя на кіраванне імкліва растучай колькасцю замежнікаў у краіне.
У ліпені Японія ў пяць разоў павысіла візавыя зборы для ўсіх замежнікаў — упершыню за 50 гадоў. Улады заявілі, што гэта неабходна, каб «урахоўваць інфляцыю і ваганні абменнага курсу».
Нягледзячы на тое, што іміграцыя застаецца палітычна адчувальным пытаннем, а японская іміграцыйная палітыка — даволі абмежавальнай, старэнне насельніцтва краіны прымушае яе ўсё больш спадзявацца на замежных работнікаў для ліквідацыі дэфіцыту працоўнай сілы.
Колькасць замежных рэзідэнтаў у Японіі на канец 2025 года перавысіла 4,12 мільёна, што стала рэкордам і азначае рост на 9,5% у параўнанні з папярэднім годам. Аднак гэта прывяло і да росту трывогі ў грамадстве з нагоды іміграцыі і сацыяльных зменаў.
Такаіці зрабіла пытанне кіравання іміграцыяй адным са сваіх ключавых прыярытэтаў пасля ўступлення на пасаду ў кастрычніку мінулага года.
Каментары