Грамадства

Мінпрыроды хоча, каб раённыя чыноўнікі не забаранялі купацца ў вадаёмах без тлумачэння

У Докшыцкім раёне на амаль 100 вадаёмаў дазволеных месцаў толькі два — абсурд.

Фота:AP Photo Mindaugas Kulbis

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падрыхтавала праект пастановы Савета міністраў «Аб дзейнасці ў галіне аховы і выкарыстання вод». Праект і абгрунтаванне да яго апублікаваныя на партале forumpravo.by. Пастанова павінна ўступіць у сілу 1 студзеня 2027 года разам з новай рэдакцыяй Воднага кодэкса.

Чатыры месцы для купання на 102 рэкі і вадаёмы

У абгрунтаванні міністэрства прызнае, што мясцовыя ўлады забараняюць купанне без адзінага падыходу і ў асноўным не тлумачаць, чаму.

Як прыклад прыводзяцца тры раёны. У Докшыцкім раёне з насельніцтвам 19 630 чалавек вызначаныя толькі чатыры месцы для купання. Купацца ў іншых месцах забаронена. Пры гэтым, паводле дзяржаўнага воднага кадастру, у раёне 55 вадацёкаў і 47 вадаёмаў. Хто купаецца ў іх па-за чатырма дазволенымі месцамі, рызыкуе атрымаць адміністрацыйную адказнасць.

У Асіповіцкім раёне з насельніцтвам 42 273 чалавекі пакінулі два месцы для адпачынку на вадзе. Купацца ў іншых месцах таксама забаронена. Усяго ў раёне 40 вадацёкаў і 41 вадаём.

У Рэчыцкім раёне ў студзені 2024 года вызначылі два месцы для адпачынку, а купацца забаранілі ў 23 вадацёках і 13 вадаёмах. Усяго ў раёне 44 вадацёкі і 53 вадаёмы. Паводле міністэрства, гэта стварае «нявызначанасць» са статусам астатніх.

Міністэрства спасылаецца на ратавальнікаў: людзі тонуць найперш не праз стан вадаёма (няроўнае дно, хуткую плынь, круты бераг), а праз ап'яненне, пераацэнку сваіх сіл і жаданне «прадэманстраваць сваю смеласць». У 2025 годзе з 50 чалавек, якія патанулі непасрэдна падчас купання, 68% былі п'яныя. Калі гінуць непаўналетнія, адной з галоўных прычын застаецца тое, што дарослыя пакінулі іх без нагляду.

Паводле міністэрства, калі з'явяцца дадатковыя месцы для купання, раёны стануць больш прывабнымі для турыстаў, а на існуючыя месцы адпачынку будзе менш нагрузкі.

Што будзе лічыцца небяспечным

Праект уводзіць пералік крытэрыяў небяспекі для жыцця і здароўя. На іх падставе мясцовыя ўлады змогуць забараняць або абмяжоўваць купанне, плаванне на лодках і забор вады для гаспадарча-пітных патрэб. Небяспечным для купання і забору вады будзе лічыцца выкарыстанне:

  • вадаёмаў, дзе якасць вады не адпавядае гігіенічным нарматывам;
  • абводненых кар'ераў, меліярацыйных каналаў, сажалак-капанак і тэхналагічных вадаёмаў;
  • вадаёмаў у санітарна-ахоўных зонах аб'ектаў, якія ўздзейнічаюць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе, а таксама ў ахоўных зонах электрасетак;
  • месцаў бліжэй за 100 метраў ад партоў, прычалаў і гідратэхнічных збудаванняў, а таксама суднавага ходу і месцаў бліжэй за 50 метраў ад яго мяжы;
  • месцаў бліжэй за 1000 метраў ад выпуску гаспадарча-бытавых і вытворчых сцёкаў і бліжэй за 500 метраў ад выпуску ліўневых сцёкаў;
  • раёнаў, дзе прагназуюць небяспечныя з'явы надвор'я аранжавага і чырвонага ўзроўню.

Забароны змогуць уводзіць на ўвесь вадаём або на яго частку, часова або бестэрмінова. Стан вадаёмаў павінны будуць ацэньваць не радзей за раз на год, да пачатку купальнага сезона, а таксама пазапланава.

Вадаёмы ў арэнду

Новы Водны кодэкс дазваляе здаваць вадаёмы або іх часткі ў арэнду для адпачынку, спорту і турызму. Паводле абгрунтавання, гэта робіцца ў межах дзяржаўнай стратэгіі прасоўвання «нацыянальнага турыстычнага брэнда».

Арандатарам можа быць толькі юрыдычная асоба.

Не дазволяць здаваць у арэнду частку вадаёма, да якой прылягае адзіны або адзіны добраўпарадкаваны падыход да вады. Таксама нельга будзе браць у арэнду рыбалоўныя ўгоддзі і месцы пражывання відаў з Чырвонай кнігі. Асобнай нормы пра свабодны доступ людзей да вадаёма, арандаванага для адпачынку, у праекце няма. Такую норму дадаюць толькі ў правілы арэнды сажалак і кар'ераў для рыбагадоўлі: там арандатар не зможа перашкаджаць людзям падыходзіць да вады, але зможа забараніць лавіць рыбу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Усе навіны →
Усе навіны

У прэзідэнты Францыі вырашыў балатавацца пяціразовы алімпійскі чэмпіён1

Колькі беларусаў загінула на вайне з Украінай? Больш за 1600, але наколькі больш?37

Хакейнае «Дынама» закрыла сваё кафэ ў мінскім гандлёвым цэнтры1

У Беларусі выпусцяць навагодняе марожанае са смакам святочных напояў

Расійскія хакеры ўзламваюць смартфоны нават праз надзейныя сайты. Адзіная страхоўка: абнаўляць праграмнае забеспячэнне1

Памерла народная артыстка Беларусі Святлана Вуячыч

Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч атрымаў польскае грамадзянства67

Украінскія ратавальнікі паказалі фота наступстваў дзённай атакі дронаў на Кіеў

Брат дарадцы Зяленскага Міхаіла Падаляка загінуў у Запарожскай вобласці, ваюючы за Расію21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму7

Расіянін месяц лётаў па Беларусі на машыне так, што атрымаў больш за 20 штрафаў на круглую суму

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць