Рэдкі выпадак: памілаваны беларускі палітвязень пайшоў на вайну супраць Украіны
У свой час Расія дэпартавала ў Беларусь Аляксея Коршуна, хоць ён прасіў прытулку. А цяпер пайшоў ваяваць за яе. «Ганаруся сваім героем! Я буду чакаць, верыць і маліцца», — піша новая расійская жонка Аляксея.

Былы палітвязень Аляксей Коршун, якога ў 2022 годзе Расія выдала беларускім сілавікам, цяпер, мяркуючы па допісах ягонай жонкі ў сацсетках, ваюе на баку Расіі супраць Украіны.
Валгаградская манікюршчыца Анжэла Коршун выклала ягоныя фотаздымкі ў форме расійскага войска з подпісам: «Шалёна ганаруся сваім героем. Найлепшы мужчына на свеце, я страшна цябе кахаю і чакаю хутчэй дадому. Я абяцаю, што буду ўсміхацца і жыць паўнавартасным жыццём. Чакаць, верыць і маліцца! Ты мая самая надзейная апора, ты мой гонар, ты мой герой».
Тэрмін зняволення за каментар пра каранавірус
Аляксею Коршуну 30 гадоў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчына з Оршы, але ў яго самога Укантакце родным горадам стаіць Полацк.
Коршуна арыштавалі ў сакавіку 2021 года за каментар пра каранавірус, напісаны падчас першай хвалі эпідэміі. У тэксце гаварылася, што ўлады хлусяць у статыстыцы захворванняў. Запіс палічылі распальваннем варожасці.
Коршуну прысудзілі 2,5 года калоніі, але яму пашанцавала трапіць пад памілаванне ў верасні 2021 года. Магчыма, улічылі, што яго нявеста толькі-толькі нарадзіла.
Але памілаванні тады былі не такія, як цяпер. Коршуна не зусім адпусцілі дадому, а толькі перавялі на хімію. Палітвязень працаваў грузчыкам у мясцовым сельпо.
Па яго словах, намеснік начальніка хіміі паставіў яму ўльтыматум: альбо па-хуткаму атрымаць парушэнні і вярнуцца ў калонію, альбо ўцякаць з краіны.
Восенню 2021 года Коршун збег. Каб навесці міліцыю на падманны след, ён свой тэлефон падкінуў у аўтобус, што ішоў у іншы канец краіны, а сам паехаў у Віцебск. Наступнага дня без дакументаў ён перасек расійскую мяжу аўтобусам.
Спачатку Коршун асеў у Смаленску, дзе раней жыў з былой дзяўчынай-расіянкай і дзіцём. Потым праваабаронцы з «Байсола» перавезлі яго ў Белгарад, адкуль планавалі пераправіць ва Украіну. Але 24 лютага 2022 года пачалася вайна. Атрымаць прытулак у Грузіі таксама не ўдалося, і Коршун пераехаў у Варонеж, дзе ўладкаваўся ў аўтасэрвіс.

Дэпартацыя
21 чэрвеня 2022 года расійская ДАІ спыніла таксі, у якім ехаў Коршун. Дакументаў у яго не было, а ў пастарунку высветлілася, што ён у вышуку.
Беларус спрабаваў атрымаць прытулак, але атрымаў адмову. У кастрычніку 2022 года Коршуна выслалі самалётам у Мінск.
У Беларусі суд замяніў яму хімію на калонію — але, паводле заканадаўства, неадбыты тэрмін яму скарацілі ўдвая. Незразумела, ці дадалі яму нейкае пакаранне за ўцёкі з хіміі.
Коршун адбываў пакаранне ў калоніі №17 у Шклове. Паводле «Вясны», 20 жніўня 2023 года ён выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Цяпер — у расійскай форме

Пасля вызвалення беларус, мяркуючы па сацсетках, чарговы раз перабраўся ў Расію і адкрыў аўтасэрвіс.
Аднак пазней, па словах Коршуна, у яго ўзніклі праблемы з лёгкімі. Медыкі забаранілі яму займацца аўтамалярнымі працамі. Тады беларус купіў закінуты ўчастак і пачаў будаваць дом. Адначасова ён вёў дачны блог.
Зрэшты, імпэту хапіла ненадоўга. Скончылася ўсё падпісаннем кантракту з расійскай арміяй.
Пакуль што ён жывы.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары