Бізнэсовец родам з Бабруйска адмовіцца ад свайго гіганцкага аўстралійскага заробку дзеля шанцу атрымаць $35 мільёнаў
Калі шасцігадовы Руслан Коган прыехаў з сям’ёй з Бабруйска ў Аўстралію, у бацькоў было ўсяго $90. Сёння ён адзін з самых багатых людзей у Аўстраліі. Мужчына кіруе буйной кампаніяй інтэрнэт-гандлю і гатовы адмовіцца ад высокага заробку дзеля шанцу атрымаць каля $35 мільёнаў. Расказваем, як ён разбагацеў і чаму нават цяпер працягвае эканоміць на дробязі.

Як паведамляе аўстралійская служба навін 7NEWS, заснавальнік і генеральны дырэктар аўстралійскай кампаніі Kogan.com Руслан Коган хоча кардынальна змяніць сістэму ўласнага ўзнагароджання, фактычна паставіўшы свае будучыя даходы ў залежнасць ад поспехаў кампаніі.
Коган плануе прапанаваць акцыянерам новую схему ўзнагароджання. Ён хоча адмовіцца ад гадавога заробку памерам каля $585 тысяч і перайсці на мінімальную аплату працы ў краіне — каля $35 тысяч на год. Пры гэтым увесь свой новы заробак ён абяцае пералічваць на дабрачыннасць.
Аднак Коганам рухае не толькі жаданне дапамагаць іншым. Замест высокага заробку ён хоча атрымліваць узнагароджанне ў выглядзе правоў на акцыі кампаніі. Такая схема прадугледжвае, што кіраўнік можа бясплатна атрымаць акцыі, калі дасягне вызначаных фінансавых паказчыкаў.
У выпадку Когана ўмова наступная: за пяць гадоў ён павінен падвоіць кошт акцый сваёй кампаніі. Толькі тады зможа скарыстацца правамі на іх атрыманне. Калі яму гэта ўдасца, патэнцыйная ўзнагарода перавысіць $35 мільёнаў.
Новую схему аплаты працы Когана яшчэ павінны ўхваліць акцыянеры кампаніі. Паводле апублікаванага кампаніяй паведамлення, пазачарговы сход запланаваны на 22 кастрычніка 2026 года.
Сам Коган тлумачыць сваю ідэю жаданнем зрабіць так, каб яго асабісты фінансавы поспех непасрэдна залежаў ад поспеху інвестараў.
Нарадзіўся ў Бабруйску, вырас у Аўстраліі
Руслан Коган нарадзіўся ў 1982 годзе ў Бабруйску. У чэрвені 1989 года хлопец разам з бацькамі і сястрой Святланай эміграваў у Аўстралію.

Бацька, які на радзіме працаваў інжынерам і кіраваў буйнымі праектамі, вымушаны быў развозіць піцу, гандляваць на рынку і працаваць на фабрыцы губак. Маці, якая мела медыцынскую адукацыю, прыбірала кавярні і працавала афіцыянткай.
Сям'я прыехала ў Аўстралію ўсяго з $90 і амаль без ведання англійскай мовы. Спачатку Коганы спыніліся ў сваякоў у Мельбурне, а пазней атрымалі кватэру ў сацыяльным жыллі ў адным з прыгарадаў горада.
Яшчэ ў дзяцінстве Руслан захапіўся тэхнікай і прадпрымальніцтвам. У дзевяць гадоў ён сабраў свой першы камп'ютар з недарагіх дэталяў, а таксама пачаў зарабляць на продажы згубленых мячыкаў для гольфа. Хлопчык збіраў іх на мясцовым полі, мыў, раскладваў ва ўпакоўкі ад яек і прадаваў гульцам па 50 цэнтаў. За выходныя, па яго ўласных словах, атрымлівалася зарабіць да $14, якія пераважна траціліся на прысмакі.

У 2004 годзе Коган скончыў Універсітэт Монаша па спецыяльнасці «бізнэс-сістэмы». Пасля працаваў у Bosch, General Electric, Telstra і кансалтынгавай кампаніі Accenture.
Але ў 2006 годзе, ва ўзросце 23 гадоў, хлопец пакінуў стабільную працу і заснаваў у бацькоўскім гаражы інтэрнэт-краму. Як згадвае Руслан, яго маці вельмі засмуцілася, калі ён вырашыў пакінуць стабільную працу і заняцца ўласным бізнэсам. Да таго моманту сын ішоў менавіта тым жыццёвым шляхам, якога яна для яго жадала.
Коган вырашыў прадаваць тэхніку праз інтэрнэт, закупляючы яе непасрэдна ў вытворцаў. Гэта дазваляла абыходзіцца без выдаткаў на ўтрыманне звычайных крамаў і прапаноўваць пакупнікам ніжэйшыя цэны. Пачаў ён з продажу ўсяго дзвюх мадэляў LCD-тэлевізараў.
Бізнэс хутка рос. На трэці год працы продажы Kogan.com дасягнулі $2,1 мільёна, на пяты — $15 мільёнаў, а на сёмы перавысілі $138 мільёнаў. У 2011—2012 гадах Руслана Когана называлі самым багатым чалавекам Аўстраліі ва ўзросце да 30 гадоў. У 2016 годзе яго кампанія выйшла на Аўстралійскую фондавую біржу.
Сёння гэта ўжо не проста інтэрнэт-крама электронікі, а група гандлёвых і лічбавых сэрвісаў. Яна працуе з рознымі катэгорыямі тавараў і прапануе паслугі ў сферы мабільнай сувязі, інтэрнэту, страхавання і іншых напрамках. У фінансавым годзе, які завяршыўся 30 чэрвеня 2026 года, валавы аб'ём продажаў групы перавысіў $690 мільёнаў — на 12% больш, чым годам раней.
Руслан Коган жыве ў Мельбурне з жонкай Настассяй. У пары трое дзяцей: дзве дачкі і сын.
Нягледзячы на шматмільённы капітал, Коган не любіць траціць лішнія грошы. Нядаўна ён апублікаваў у LinkedIn відэа з гасцінічнай ваннай, у якой сам мыў свае рэчы.
«Я проста не магу прымусіць сябе заплаціць $20 за мыццё футболкі, якая каштуе $10», — патлумачыў бізнэсмен.
Сваю ашчаднасць ён звязвае з дзяцінствам і бацькамі, якім пасля пераезду з Беларусі даводзілася лічыць кожны даляр.
Пры гэтым, як прызнаўся Коган, нават пасля наведвання дарагіх рэстаранаў найбольш ён сумуе па хатняй ежы сваёй маці Ірыны. Яго любімыя стравы — курыны суп, катлеты, грэчка, аліўе і наліснікі, якія яна гатуе.
Каментары