Еўрасаюз абмяркоўвае падключэнне Украіны да праграмы абароненай спадарожнікавай сувязі Govsatcom і разлічвае пашырыць яе камерцыйнымі магутнасцямі ў пачатку 2027 года.

Пра гэта паведаміў прадстаўнік Еўракамісіі Томас Рэнье на брыфінгу 14 кастрычніка, адказваючы на пытанне пра альтэрнатыву амерыканскай сістэме сувязі Starlink для Кіева.
«Цяпер мы вядзём перамовы з Украінай пра яе паўнавартаснае падключэнне да Govsatcom», — сказаў Рэнье.
Паводле яго слоў, праграма аб’ядноўвае наяўныя спадарожнікавыя магутнасці дзяржаў ЕС. Ён адзначыў, што Еўропа мае рэсурсы, здольныя дапамагчы Украіне падтрымліваць сувязь.
Наступным этапам павінна стаць падключэнне камерцыйных спадарожнікавых паслуг — у студзені або ў пачатку 2027 года. «Ваенныя паслугі патэнцыйна могуць прадастаўляцца праз камерцыйныя сэрвісы», — патлумачыў прадстаўнік Еўракамісіі. Цяпер Еўракамісія вывучае, як уключыць іх у Govsatcom, адзначыў Рэнье.
Пашырэнне праграмы дазволіць забяспечыць неабходныя паслугі да паўнавартаснага запуску еўрапейскай спадарожнікавай групоўкі IRIS, якая будзе налічваць больш за 300 спадарожнікаў.
Govsatcom працуе са студзеня 2026 года і аб’ядноўвае рэсурсы дзяржаўных спадарожнікаў для абароненай сувязі. Пры гэтым Брусель не ўдакладніў, ці змогуць прамежкавыя рашэнні замяніць магчымасці Starshield — ваеннай сістэмы SpaceX, якой карыстаюцца ўкраінскія сілы.
Каментары