На поўначы Літвы знайшлі абломкі, якія могуць належаць аб’екту, праз які раніцай абвяшчалі чырвоную паветраную трывогу. Паводле літоўскіх службаў, найбольш імаверна, гэта быў дрон. Яго не збівалі.
Паветраную трывогу адмянілі каля 8‑й раніцы 18 кастрычніка. Аб’ект знік з экранаў радараў, а знішчальнікі НАТА вярнуліся на базу ў Шаўляі, паведамляе BNS са спасылкай на літоўскія службы.
Пазней у Пасваліскім раёне знайшлі дробныя абломкі — на ўзбочыне і ў палях, удалечыні ад жылых дамоў. Асноўныя кампаненты яго яшчэ шукаюць. Паводле кіраўніка Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вільмантаса Віткаўскаса, месца знаходкі супадае з раёнам, дзе аб’ект перасталі бачыць радары. Тэрыторыю ў радыусе каля пяці кіламетраў ачапілі.
Віткаўскас удакладніў, што аб’ект не быў збіты: абставіны яго меркаванага падзення высвятляюцца.
Жыхары паведамлялі пра магутны гук выбуху. Але ці была на борце выбухоўка, пакуль невядома.
Паводле літоўскага войска, аб’ект рухаўся з тэрыторыі Польшчы на поўнач. Праз яго а 6:15 паднялі знішчальнікі НАТА. Аднак праз туман і воблачнасць пілоты не змаглі візуальна ідэнтыфікаваць цэль, таму рашэнне збіваць яе не прынялі.
Раніцай чырвоную трывогу абвяшчалі ў Панявежыскім і Шаўляйскім паветах, жыхароў заклікалі ісці ва ўкрыцці. У Коўне дзейнічаў жоўты ўзровень небяспекі.
Цяпер людзей просяць не набліжацца да знойдзеных абломкаў, не дакранацца да іх і паведамляць пра падазроныя прадметы па нумары 112.
Каментары