Паміж вакзалам і праспектам Незалежнасці ў Мінску з'явіцца новы будынак
У цэнтры Мінска, паміж чыгуначным вакзалам і праспектам Незалежнасці, плануюць пабудаваць новы шматфункцыянальны будынак. Заказчыкам праекта выступае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, а архітэктурную канцэпцыю распрацаваў інстытут «Белдзяржпраект», піша Domovita.by.

Пад будаўніцтва выдзелілі ўчастак плошчай 0,4054 гектара, гэта значыць крыху больш за 4 тысячы квадратных метраў. Ён знаходзіцца побач з галоўным корпусам БДУ, хімічным і геаграфічным факультэтамі ўніверсітэта. Непадалёк размешчаныя Прывакзальная плошча і станцыя метро «Плошча Леніна». Цяпер гэтая тэрыторыя адносіцца да земляў агульнага карыстання.
Пакуль невядомыя ні дакладная колькасць паверхаў у будынку, ні выгляд яго фасадаў. Візуалізацыі і іншыя матэрыялы праекта абяцаюць апублікаваць да пачатку грамадскага абмеркавання. Архітэктарам трэба ўпісаць новую пабудову ў наяўную забудову цэнтра горада з улікам вышыні, аб’ёму і прызначэння аб’екта, а таксама генеральнага плана Мінска.
Для гэтага квартала пакуль не зацверджаны праект дэталёвага планавання, які вызначае параметры забудовы тэрыторыі. Таму канцэпцыю вынеслі на грамадскае абмеркаванне яшчэ да пачатку праектавання.
Абмеркаванне будзе праходзіць з 26 кастрычніка да 10 лістапада 2026 года ўключна. Усе схемы і ілюстрацыі размесцяць на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні». З 29 кастрычніка да 10 лістапада там таксама будзе даступная анлайн-трансляцыя з прэзентацыяй праекта.
Гараджане змогуць дасылаць свае заўвагі і прапановы ў адміністрацыю Маскоўскага раёна. Гэта можна будзе зрабіць звычайнай поштай па адрасе: праспект Дзяржынскага, 10, або праз электронную пошту [email protected]. У звароце неабходна пазначыць, што ён тычыцца грамадскага абмеркавання.
Пасля завяршэння абмеркавання ўсе атрыманыя меркаванні разгледзіць архітэктурна-горадабудаўнічая рада пры галоўным архітэктары Мінска, а раённая камісія падвядзе вынікі ў заключным пратаколе.
Каментары