Мінчанку са шпіцам высадзілі з аўтобуса — і ўсё па правілах, аказваецца
Гісторыя з мінчанкай здарылася яшчэ ў маі. Яна расказала ў Threads, што яе ўпершыню выгналі з аўтобуса са шпіцам на руках. Дагэтуль жанчына шэсць гадоў так ездзіла — і не было праблем. Цяпер «Мінсктранс» пракаментаваў гэту сітуацыю.

Гендырэктар «Мінсктранса» Канстанцін Галалобаў патлумачыў на АНТ, што сабак і катоў у грамадскім транспарце трэба перавозіць у торбах-пераносках з абсарбавальным дном і пры сабе мець дакументы на жывёліну.
Патрабаванні ўзмацніліся з сакавіка.
«Жанчыне проста пашанцавала, можна сказаць, калі 6 гадоў так ездзіла», — адзначыў ён.
Для пэўных відаў перавозак, па словах Галалобава, можа спатрэбіцца таксама ветэрынарная кніжка з прышчэпкамі.
У «Мінсктрансе» заўважылі, што да іх часам паступаюць скаргі на прысутнасць у салоне людзей з жывёламі. Таму ўладальнікам сабак трэба прытрымлівацца правіл перавозкі. Ці высаджваць пасажыра, калі ён вязе сабаку ці ката проста на руках, вырашае кіроўца.
Каментары