34‑гадовага афіцэра-ідэолага з Гродна адправілі ў калонію па палітычнай справе
Павел Кізюк служыў у 74‑м асобным палку сувязі і абараніў магістарскую па псіхалогіі вайскоўцаў. Раней праваабаронцы паведамлялі, што яго судзяць за «здраду дзяржаве», але ў выніку мужчыну прызналі вінаватым паводле іншага артыкула.

Паўлу Кізюку 34 гады, ён родам з Гродзенскага раёна — у 2009 годзе скончыў Індурскую сярэднюю школу. Пасля паступіў на агульнавайсковы факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі, які скончыў у 2013 годзе па спецыяльнасці «Ідэалагічная работа ва Узброеных сілах».
У 2022 годзе ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце Кізюк таксама абараніў магістарскую дысертацыю па псіхалогіі — даследаваў узаемасувязь сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі і эмацыйнага інтэлекту ў салдат тэрміновай службы.
Мужчына служыў у Гродне ў 74‑м асобным палку сувязі Заходняга аператыўнага камандавання. Як мінімум у 2020 годзе ён меў званне капітана і займаў пасаду намесніка камандзіра батальёна сувязі па ідэалагічнай рабоце.

Паўла Кізюка арыштавалі 5 красавіка 2025 года. Раней праваабаронцы «Вясны» меркавалі, што Кізюка пачалі судзіць за здраду дзяржаве.
Аднак паводле даных з «тэрарыстычнага» спісу КДБ у выніку прысуд быў вынесены паводле артыкула 361 КК — заклікі да санкцый. Верагодна, падчас следства абвінавачанне перакваліфікавалі або ўдакладнілі.
Дакладны тэрмін пакарання невядомы, але гаворка ідзе пра калонію.
Дома Кізюка чакае жонка.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ-
«Там і туалеты з дзіркай у падлозе, і вокны не зачыняюцца». Студэнтка-беларуска патлумачыла, чаму ў Францыі моладзь выйшла на пратэсты
-
У Мінску да Новага года паставяць 33 ёлкі
-
У Гродне заваблівалі на адкрыццё KFC бясплатнымі бутэлькамі для вады і чызбургерамі за 1 капейку. І людзі ламануліся па халяву
Каментары