Мы ў адным кошыку з Эстоніяй, Фарэрамі, Кіпрам, Балгарыяй, Казахстанам, Латвіяй, Сан-Марына.

Пасля сканчэння групавога этапу футбольнай Лігі нацый вызначыўся склад усіх кошыкаў напярэдадні лёсавання чэмпіянату Еўропы — 2028, якое пройдзе 6 снежня ў Белфасце.
Зборная Беларусі трапіла ў чацвёрты кошык (самыя слабыя зборныя ў пятым).
Кошык 1: Англія, Партугалія, Францыя, Германія, Іспанія, Бельгія, Нідэрланды, Данія, Грэцыя, Італія, Нарвегія, Харватыя.
Кошык 2: Уэльс, Сербія, Турцыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Аўстрыя, Венгрыя, Паўночная Ірландыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Ірландыя.
Кошык 3: Шатландыя, Косава, Украіна, Польшча, Ізраіль, Румынія, Грузія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Албанія, Ісландыя, Славакія.
Кошык 4: Эстонія, Беларусь, Фарэрскія астравы, Кіпр, Фінляндыя, Малдова, Арменія, Балгарыя, Казахстан, Люксембург, Латвія, Сан-Марына.
Кошык 5: Мальта, Азербайджан, Літва, Андора, Гібралтар, Ліхтэнштэйн.
У пяты кошык трапілі зборныя, якія выступалі ў дывізіёне D Лігі нацый.
Для адбору на Еўра-2028 будзе сфармавана 12 груп (6 па 4 зборныя, 6 па 5 зборных).
Беларусь атрымае ў супернікі па камандзе з кожнага кошыку, апроч зборных з чацвёртага.
Усе 12 пераможцаў груп непасрэдна выйдуць у фінальную частку чэмпіянату Еўропы. Другое месца: 8 найлепшых зборных з 12 таксама непасрэдна кваліфікуюцца на турнір, астатнія чатыры атрымаюць магчымасць згуляць у стыкавых матчах.
Адборачны турнір пачнецца ў сакавіку. Беларусь зноў будзе гуляць хатнія паядынкі на нейтральным полі, і гэта сумна.
Еўра-2028 пройдзе ў Вялікабрытаніі і Ірландыі, але зборныя Англіі, Уэльса, Шатландыі і Ірландыі не атрымалі аўтаматычных пуцёвак на першынство. Яны будуць удзельнічаць у адборачных гульнях на агульных умовах, але трапяць у розныя групы.
Калі краіны-гаспадыні кваліфікуюцца напрамую, дадатковыя месцы ім не спатрэбяцца.
Калі камусьці з іх не ўдасца прайсці адбор, дзве спецыяльныя пуцёўкі атрымаюць дзве найлепшыя паводле рэйтынгу зборныя краін-гаспадынь, якія не кваліфікаваліся непасрэдна.
Каментары