Архіў

Полацак пад маскоўскім панаваньнем

№ 13 (134) 1999 г.


Андрэй ЯНУШКЕВІЧ

Полацак пад маскоўскім панаваньнем

 

15 лютага 1563 году пасьля двухтыднёвай аблогі маскоўскае войска на чале з царом Іванам Жахлівым захапіла старажытны Полацак. На доўгіх шаснаццаць гадоў у Полацкім краі ўсталявалася маскоўская ўлада. Расейскія і савецкія гісторыкі пераконвалі, што маскоўскія ратнікі «вызвалілі горад ад польска-літоўскіх фэадалаў», што яны былі спатканыя прыязным насельніцтвам Полацку, якое толькі і думала пра скарэйшае ўзьяднаньне з усходнім суседам. А як было на самай справе? Пра што сьведчаць дакумэнты?

Ад тых часоў захаваўся адзін вельмі важны дакумэнт – «наказная память» новаму полацкаму ваяводу, якая вызначала асноўныя прынцыпы і мэтады кіраваньня горадам, пералічвала ўсе абавязковыя мерапрыемствы, што мусіла неадкладна правесьці новая ўлада ў горадзе і Полацкім краі.

Маскоўскую ўладу перадусім хвалявала ўзнаўленьне абарончых умацаваньняў і полацкіх замкаў, адбудова пагарэлага гораду. Даволі хутка сьцены былі ўзьнятыя з руінаў, горад жыў, але ўжо іншым жыцьцём. У Полацку ўсталявалі жорсткі прапусковы рэжым для мясцовага люду: «а литовских людей в город, приезжих и тутошних, детей боярских, и землян, и черных людей однолично не пущати». У замку з тутэйшых маглі жыць толькі праваслаўныя сьвятары са сваімі сем’ямі. Уваход ліцьвіноў у фартэцыю дазваляўся на царкоўныя сьвяты, але з надзвычайнымі мерамі бясьпекі з боку маскоўцаў: «а береженье тогды учинити великое в городе», загадвалася мясцовай адміністрацыі. Мяшчанам і шляхціцам, якія жылі ў пасадзкай частцы гораду, катэгарычна забаранялася мець зброю. За жыхарамі ўсталёўваўся сапраўдны паліцыйны нагляд: «и береженье им над теми людми держати великое, и велети смотрети и примечати, не будет ли в них какие шатости и ссылок с литовскими людми». Калі «шатость» выяўлялася, падазроных трэ было адсылаць у Пскоў, Ноўгарад, Вялікія Лукі ці Таропец.

Клапацілася новая ўлада і пра тое, каб схіляць мясцовы люд да ляяльнасьці, асабліва ня рушыць звычаяў. Яна не зьмяніла мытных збораў і памераў падаткаў. Інструкцыя вымагала, каб мясцовае кіраваньне ажыцьцяўлялася з улікам даўняга ладу занятай зямлі: «да с их обычея сперва и судити и управы им в городе давати».

Зусім не давяраючы палачанам, маскоўцы выразна адрозьнівалі сваё прававое становішча ад правоў і абавязкаў мясцовых жыхароў. Новаўсталяваны рэжым бачыў у іх сталую пагрозу для сябе. Царскія ратнікі ў сваёй дзейнасьці былі зусім не падобныя да вызвольнікаў. Жыхарам сёлаў і мястэчак Полаччыны рассылаліся граматы маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага з патрабаваньнем, «чтоб они шли к Полоцку, и правду дали, и государю служыли». Аднак ахвочых прысягаць цару было няшмат. У хуткім часе маскоўцы ажыцьцявілі шэраг карных акцыяў, бо, як потым тлумачылі, «люди Полотцкого повету воеводам непослушны были и воеводы по их вине их казнили».

Вайна і дзеяньні акупантаў прывялі да поўнага гаспадарчага заняпаду зямлі і дэмаграфічнай крызы. У інвэнтары сёлаў Полацкай архіяпіскапіі за 1588 год спрэс спатыкаюцца запісы тыпу «все в пусте» або «вси проч розышлисе». Яшчэ і на пачатку ХVIІ ст. у некаторых вёсках колькасьць жыхароў не дасягнула і паловы таго, што было перад вайной Івана Жахлівага.

Сумныя вынікі ўладараньня маскоўцаў сьведчаць самі за сябе, чым насамрэч была іх улада для Полаччыны, вызваленьнем ці акупацыяй.


Каментары

Цяпер чытаюць

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца1

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Усе навіны →
Усе навіны

Коўл Лукашэнку: Табе трэба быць больш асцярожным, за сталом кепскіх пацаноў застаўся адзін ты30

У СІЗА ў Гомелі быў здзейснены суіцыд

Прэзідэнт Літвы павіншаваў беларусаў з Днём Волі: «Ваша рашучасць і стойкасць натхняюць»5

Мацкевіч збірае палітыкаў на метадалагічную «гульню». Бабарыка едзе, Ціханоўская — пакуль не. Што адбываецца і колькі гэта каштуе?39

Віцебскі праўладны блогер прапануе выдаваць інтэрнэт па даведках3

Былая зорка «Белсата» Сяргей Падсасонны выходзіць замуж за польскага шляхціца69

У Вярхоўнай Радзе Украіны павіншавалі беларусаў з Днём Волі7

Падчас начной атакі ўкраінскіх дронаў у порце Выбарга быў пашкоджаны найноўшы расійскі ледакол1

У Гомелі 17‑гадовы навучэнец каледжа забіў аднагрупніка нажом1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца1

Усе гадаюць, чаму Месяц змяніў сваё месцазнаходжанне на небе. Спыталі ў астранома, што адбываецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць