Украінская праваслаўная і грэка-каталіцкая цэрквы: Мы салідарныя з людзьмі на Майдане

11.12.2013 / 09:06

Прадстаўнікі духавенства адрэагавалі на падзеі ў ноч на сераду на Майдане ў Кіеве. Неўзабаве пасля таго, як пачаліся «зачысткі» міліцыяй цэнтра Кіева ад барыкадаў мітынгоўцаў, на тэрыторыі Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра (УПЦ Кіеўскага патрыярхату) забілі ў званы.

Акрамя таго, рэакцыю на «расчыстку» Майдану распаўсюдзіў у сваёй заяве Сінод Украінскай грэка-каталіцкай царквы.

«Мы глыбока занепакоеныя дзеяннямі сілавых структур на Майдане пад покрывам ночы. Мы асуджаем дзеянні, якія накіраваны на абмежаванне грамадзянскіх правоў, уключаючы свабоду выказвання і мірнага волевыяўлення грамадзян Украіны.

Мы заяўляем аб нашай падтрымцы і салідарнасці з усімі тымі, хто на Майдане сведчыць пра годнасць сваіх блізкіх і свайго народа. Мы рашуча падтрымліваем мірны характар гэтага грамадскага сходу і заяўляем аб непрыманні любога выгляду гвалту», — гаворыцца ў заяве Сінода УГКЦ.