МАК вынес вердыкт па ўскрытых фактах дзяржаўнай допінг-праграмы Расіі
24.07.2016 / 17:7
У нядзелю адбылося пасяджэнне выканкама МАК, на якім абмяркоўвалася магчымае адхіленне зборнай Расіі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях.
МАК пацвердзіў, што не будзе адхіляць зборную Расіі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях.
Але расійскія лёгкаатлеты, акрамя Дар'і Клішынай, не змогуць выступіць на Гульнях у Бразіліі.
Таксама Міжнародны алімпійскі камітэт пацвердзіў, што рашэнне па допуску расійскіх атлетаў на АГ-2016 будуць прымаць міжнародныя федэрацыі па відах спорту.
18 ліпеня незалежная камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) на чале з Рычардам Макларэнам прадставіла даклад аб выніках расследавання абвінавачванняў у допінгавых махінацыях на Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы. На яго аснове выканкам WADA рэкамендаваў МАК, Міжнароднаму Паралімпійскаму камітэту і ўсім міжнародным спартовым федэрацыям адхіліць расійскіх спартоўцаў ад удзелу ў сваіх спаборніцтвах.
21 ліпеня адбылося пасяджэнне Спартыўнага арбітражнага суда (CAS), на якім быў адхілены пазоў Алімпійскага камітэта Расіі (ОКР) да Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) па справе 68 расійскіх спартоўцаў.