Дзмітрый Балкунец: Без падтрымкі Расіі заробкі ў Беларусі будуць $40—50

абмяркоўвайце!

12.01.2017 / 21:12

На днях на сайце EurAsia Daily з’явіўся артыкул маскоўскага палітолага беларускага паходжання Дзмітрыя Балкунца «Як дзейнасць кіраўніка МЗС Беларусі ўплывае на адносіны Мінска і Масквы». Аўтар выступае з рэзкай крытыкай кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея, абвінавачваючы яго ў падрыхтоўцы змены курса Беларусі. «Наша Ніва» пагутарыла і крыху падыскутавала са спадаром Балкунцом.

«Наша Ніва»: Дзмітрый, на чым грунтуюцца вашы высновы, што Беларусь мяняе свой геапалітычны выбар на карысць Захаду?

Дзмітрый Балкунец: Гэты трэнд прасочваецца цягам апошніх гадоў. Гэтыя вывады можна зрабіць на базе тых матэрыялаў, што друкуюцца на сайце беларускага МЗС. Плюс інфармацыя, што атрымліваецца з аналізу замежнай палітыкі Беларусі за апошнія два гады, кантакты з Захадам. Яшчэ частку інфармацыі я знайшоў на сайце WikiLeaks. Гэта тычыцца канкрэтных размоваў Уладзіміра Макея з замежнымі дыпламатамі.

«НН»: Калі ён яшчэ быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта, правільна?

ДБ: Так. На адной з сустрэч са спадаром Ушацкасам Макей заявіў, што Беларусь разварочваецца ў бок Захаду. На іншых сустрэчах з еўрапейскімі дыпламатамі Макей прасіў у ЕС тры мільярды даляраў у адказ на такі паварот, бо Расія цісне па пытаннях Абхазіі і Асеціі. Сам Лукашэнка казаў, што Беларусі адмаўлялі ў крэдыце, бо краіна не прызнала Абхазію і Асецію. Логіка прасочваецца.

Тры мільярды ніяк не ратуюць беларускую эканоміку. Бо расійскія ўкладанні і датацыі ў Беларусь складаюць каля 10 мільярдаў даляраў. Яшчэ трэба ўлічваць, што Расія дае Беларусі рынак збыту для беларускіх тавараў. Калі мы адкінем усю «нафцянку», то расійскі рынак збыту складае каля 90% ад беларускага экспарту.

Калі Макей думае, што можна проста так развярнуць лодку, то пытанне: што будзе з гэтай прадукцыяй, куды ён яе будзе прадаваць? А другое — адкуль ён будзе браць энергетычныя рэсурсы, каб падтрымліваць эканоміку? І трэцяе: ці гатовая Еўропа плаціць столькі, як Расія, для падтрымкі беларускай эканомікі?

Некаторыя еўрапейскія дыпламаты задаюць мне тыя самыя пытанні. Чаму Мінск разлічвае, што Еўропа будзе спансараваць беларускую эканоміку? Адзін дыпламат, не буду называць яго імя, які адпрацаваў у Мінску шмат гадоў, сказаў: «Я да гэтай пары не разумею, за кошт чаго гэтая эканоміка жыве».

Незалежнасць Беларусі — гэта першасная рэч. Яна павінна заставацца незалежнай і дэмакратычнай краінай. Але пытанне: што зрабіў спадар Макей і Лукашэнка за 22 гады для таго, каб Беларусь стала незалежнай? Рытарычнае пытанне: Беларусь стала незалежнай? Беларусь не змяніла сваю залежнасць ад расійскай нафты ці газу? Ці стала развіваць яна сваю альтэрнатыўную энергетыку?

«НН»: Былі спробы дыверсіфікацыі паставак нафтапрадуктаў з Венесуэлы, Азербайджана. Яны вельмі нервова ўспрымаліся ў Маскве.

ДБ: Венесуэльская нафта каштавала 850 даляраў. Па некаторых дадзеных, гэтыя грошы не былі заплачаныя Венесуэле. Гэта быў узаемазалік за некаторыя праекты і асаблівыя адносіны Чавэса і Лукашэнкі. У той час як расійская нафта з усімі пошлінамі была 500 даляраў. Таму гэты варыянт хутка закрыўся. Беларусь на дадзены момант не мае магчымасцяў знайсці альтэрнатыўныя варыянты, каб утрымліваць эканоміку. Беларусь атрымлівае, напэўна, самы танны ў Еўропе газ.

Калі ўзнікаюць інфармацыйныя скандалы ў сферы энергетычнага супрацоўніцтва, гэта прыводзіць да вельмі негатыўнага ўспрымання краіны ў медыяпрасторы. Беларусь выступае ў ролі нейкай папрашайкі, якая спрабуе атрымаць субсідыі ці грошы на расійскім рынку.

«НН»: Я правільна разумею, што вы падводзіце да думкі, што без Расіі Беларусь сёння не выжыве?

ДБ:

Я прытрымліваюся меркавання, што сённяшнія беларускія эканамічныя рэаліі паказваюць, што беларуская эканоміка не ў стане існаваць без расійскай падтрымкі. Канечне, можа, але заробак у краіне будзе 40—50 даляраў. Паглядзіце, колькі беларусаў едзе на заробкі ў Расію. Па маіх ацэнках, лічба дасягае паўмільёна чалавека. У 2011—2013 гадах было каля 800 тысяч. Менавіта гэта стала адной з прычын ўвядзення бессэнсоўнага падатку на «дармаедаў».

Колькі грамадзян Расіі прыехала на працу ў Беларусі? Калі такія і ёсць, то іх вельмі мала. Беларусь нічога не робіць, каб сысці ад расійскай залежнасці. Калі да ўлады прыйшоў спадар Лукашэнка, то ён сваімі дзеяннямі дамогся міжнароднай ізаляцыi краіны. Не Масква яе ўводзіла. Лукашэнка сваёй палітыкай, і Макей да яе датычны, праводзілі палітыку ізаляцыі.

«НН»: Вы супярэчыце самі сабе. Кажаце пра поўную залежнасць Беларусі ад Расіі і пры гэтым кажаце, што яна паварочваецца да Захаду. Як такое магчыма?

ДБ: Геапалітычна — так, але не эканамічна. Што Беларусь прадае на Захадзе? Нафтапрадукты, больш нічога.

«НН»: То бок пры ўмове сяброўства Беларусі з ЕС нафтапрадуктаў ад Расіі наша краіна ўжо не атрымае?

ДБ: Будзе атрымліваць нафту, безумоўна. Масква не супраць дружбы з ЕС. Праблема ў тым, як сябраваць. Беларусь робіць вельмі недружалюбныя крокі ў дачыненні да Масквы.

«НН»: Можна прыклады?

ДБ:

Калі ласка. Калі Расія ўвяла санкцыі на ўкраінскую прадукцыю, то колькі кантрабанднай прадукцыі ішло праз беларускую мяжу! Гэта рабілася пры згодзе беларускага ўрада.

«НН»: У вас ёсць доказы?

ДБ: Яно не можа інакш ва ўмовах закрытай сістэмы, дыктатарскага рэжыму, незаўважна пастаўляцца праз пагранпераходы. Відавочна, што ёсць факты, якія публікаваліся ў расійскіх СМІ.

Не трэба карміць сябе ілюзіямі, што Беларусь камусьці патрэбная на Захадзе. Лукашэнка як быў неруканепаціскальны на Захадзе, так і застаецца. Макей, безумоўна, робіць вялікую працу па выхадзе з ізаляцыі. Тое ж рашэнне па візах, я толькі яго падтрымліваю, але яно спазнілася гадоў на пятнаццаць. Не Масква ж у гэтым вінаватая. Дзе факты ізаляцыі Беларусі з боку Масквы? Масква хіба ўмешваецца ў працэсы ўнутры краіны? Масква выбары фальсіфікуе? Ці Мінск? Фактаў шмат, але ў беларускіх СМІ, асабліва апазіцыйных, яны падаюцца інакш. Беларусь ніхто не чакае на Захадзе.

«НН»: Чакаюць Албанію, Боснію, без Балгарыі, мабыць, проста не пражывуць. І толькі Беларусь нікому не трэба, правільна?

ДБ: Я больш чым упэўнены, што, апроч беларусаў, Беларусь нікому не патрэбная. Не трэба думаць, калі Беларусь развернецца ў бок Еўропы, то жыццё істотна палепшае. Апроч беларусаў, ніхто парадак у нашым доме не навядзе, дэмакратыю ніхто не ўсталюе.

«НН»: Хіба з гэтым нехта спрачаецца? Дайце магчымасць беларусам самім вырашаць свой лёс. За апошнія паўгода Беларусь рабіла дружалюбныя крокі ў дачыненні Расіі не раз: сцяг у Рыа, жалоба аб разбітым самалёце, ухваленне праекта дамовы Мытнага кодэкса ЕАЭС.

ДБ: Безумоўна, Расія застаецца стратэгічным саюзнікам, Беларусь з’яўляецца часткай Еўразійскай эканамічнай прасторы. Як Казахстан, Арменія, Кыргызстан, Расія.

Не трэба падсілкоўваць сябе ілюзіямі ў дачыненні ЕС, асабліва з тымі трэндамі, што там адбываюцца — Брэкзіт, чаканае напружанне ў сувязі з і магчымым выхадам Францыi і Італіi. Еўрасаюз наўрад ці будзе гатовы прымаць новых членаў і партнёраў.

«НН»: Наўрад ці вы будзеце адмаўляць, што Масква ўкідвае немалыя грошы ў палітычныя сілы, якія выступаюць супраць адзінства ЕС — у Францыі, Венгрыі, Чэхіі і іншых краінах.

ДБ:

Я прывяду іншы факт. Брусэль зацвердзіў бюджэт па дыскрэдытацыі Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта шматмільённы бюджэт на напісанне ўсялякіх антыеўразійскіх публікацый. Гэты дакумент я бачыў і можна яго проста знайсці ў інтэрнэце. Ёсць табу на супрацоўніцтва з Еўразійскім саюзам.

Існуе канкурэнцыя двух саюзаў. І Беларусь знаходзіцца ў геапалітычнай арбіце Масквы. Калі будуць спробы выцягнуць Беларусь з гэтай арбіты, то зрабіць будзе крайне цяжка. Паглядзіце, якія сайты чытаюць беларусы — рускамоўныя сацыяльныя сеткі, «Рамблер», «Мэйл.ру». Паглядзіце, якія каналы глядзяць беларусы. За 20 гадоў Беларусь не стварыла якасных медыяпрадуктаў, якія б карысталіся папулярнасцю ўнутры краіны. Глядзяць «Малахаў-плюс», Салаўёва і іншыя аліўе-шоу. Таму што сваіх якасных і цікавых прадуктаў на ТБ не з'явілася. Адкуль яны возьмуцца ва ўмовах праблем са свабодай слова?

«НН»: Вось і зноў, вы кажаце пра геапалітычную арбіту Масквы, але палохаеце нейкім разваротам.

ДБ: Так. Але спадар Макей праводзіць контрпрадуктыўную палітыку па дыскрэдытацыі беларуска-расійскіх адносін. Вось арыштаваныя публіцысты, я лічу, што некаторыя з іх пісалі адкрытыя глупствы, але гэта не нагода іх арыштоўваць.

«НН»: Не Макей жа іх арыштоўваў.

ДБ:

Па маёй інфармацыі, Макей браў удзел у лабіраванні арышту гэтых людзей. Яны пісалі ў тым ліку пра палітыку Макея і разварот на Захад. Прачытайце даклад спадарыні Ананіч, яна напісала, што гэтыя людзі ўносілі разлад у расейска-беларускае сяброўства, а таксама, што яны крытыкавалі рэжым. Яны былі арыштаваныя не за антырасійскія настроі, а за крытыку ўлады. Калі антырасійскія настроі, то давайце арыштуем Арсена Сівіцкага. Яны разам з Царыкам зрабілі даклад пра тое, што расійскія танкі прыедуць у Мінск. Навошта гэта робіцца? Чаму яны не арыштаваныя? Мы ж саюзнікі па АДКБ з Расіяй.

Выходзіць, у Беларусі няма ніякай лібералізацыі. Раней арыштоўвалі адных журналістаў і палітыкаў, а цяпер іншых.

 У расійска-беларускіх адносінах ёсць крызіс даверу і яго трэба абмяркоўваць на ўзроўні грамадскіх арганізацый, а не толькі чынавенства. Для расіян Беларусь існуе недзе далёка, яна не стаіць на першасным месцы. А для беларусаў Расія якраз на галоўных ролях.

Беларускае пасольства ў Маскве не займаецца прасоўваннем беларускай культуры ў Расіі. Штогод у Маскве ў парках праводзяцца сотні нацыянальных святаў, і ніводнага беларускага я не бачыў. Пасла амаль ніхто не ведае. Ён твар краіны, ён павінен быць навідавоку.

Цудоўная Каця Кібальчыч, якую года паўтара назад вы вельмі жорстка пакрытыкавалі на сайце «Нашай Нівы», яна запускала курсы «Мова ці кава» ў Маскве, і яны да гэтага часу тут кожны тыдзень праходзяць. Летась яна запусціла цудоўны праект па прасоўванні беларускай кухні ў Маскве. Толькі гэтым пасольства павінна займацца, а не прыватныя асобы. Толькi такімі праектамі павінна амбасада займацца. Гэта сусветная практыка. Замест гэтага яны пішуць кляўзы і паклёпы ў расійскія медыя, каб мне і іншым экспертам закрылі доступ да эфіру. Некалькі разоў расійскія журналісты скардзіліся мне пра гэта ў эфіры. Iм не падабаецца, што ў расійскіх СМІ гучыць іншы пункт гледжання.

«НН»: Вяртаючыся да Макея, вам не здаецца, што вы дэманізуеце гэтую асобу? Пытанне ж не толькі ў Макею, а ва ўсёй сістэме, якая паступова мяняецца.

ДБ:

Макей з’яўляецца адным з ідэолагаў гэтай сістэмы, іграе адну з першых скрыпак. Гэта не толькі мае домыслы, але і набліжаных да Макея чыноўнікаў, з якімі я маю кантакты. Ну хто, Кабякоў хіба гэтым будзе займацца? Кабякоў — тэхнічны прэм’ер-міністр. Быў цудоўны прэм’ер Сяргей Сідорскі, калі адчулі, хай ён і баязлівы крыху, што ў Сідорскага могуць быць нейкія амбіцыі, то яго адправілі працаваць у Маскву. Ён тут цудоўна пяць гадоў ужо жыве.

«НН»: Не так даўно быў цікавы матэрыял пра маёмасць яго сям’і.

ДБ: Імаверна, гэта так, і гэта яго права. Потым была фэйкавая інфармацыя, што Сідорскага хочуць вярнуць у Мінск. Прыкладна як цяпер «Хартыя» запускае міф аб тым, што Масква шукае замену Лукашэнку. Масква не будзе гэтага рабіць і дасылаць вясельнага генерала, бо яго не прымуць палітычныя эліты. Ва ўмовах закрытасці сістэмы, калі на лаве запасных лічаныя людзі, якія могуць змяніць Лукашэнку, гэта вельмі небяспечна для Беларусі. Пры тым выпадку, калі з Лукашэнкам нешта здарыцца, то нас чакае грызня ў істэблішменце.

«НН»: Пры гэтым вы пішаце, што Макей рыхтуе антыканстытуцыйную змену ўлады.

ДБ: Заходнія краіны разглядаюць Макея як змену Лукашэнку, якая пасуе ім. Лукашэнка не можа на сёння прыбраць Макея. Бо Макей ёсць саломінкай, правадніком яго інтарэсаў на Захадзе, таму Лукашэнка ў патавай сітуацыі. Калі Макей робіць спробы дыялогу з Захадам, то часткай эліт гэта вітаецца. Лукашэнка хоча выйсці з ізаляцыі, таму імкнецца праводзіць больш ліберальную палітыку. Дабром для яго сталі падзеі ва Украіне, Захад змяніў пасля гэтага сваё стаўленне да Беларусі, яна перастала ўспрымацца апошняй дыктатурай Еўропы, хоць сама Беларусь ніякіх зменаў не праводзіла. У краіне па-ранейшаму адсутнічаюць выбары, няма легітымнага парламента, судовай сістэмы. Чаму цяпер Беларусь перастала быць дыктатурай? Беларусь хочуць выкарыстаць у геапалітычнай гульні Захаду і Расіі.

«Наша Ніва»: Вы шмат кажаце, што выступаеце за паляпшэнне адносін Беларусі і ЕС, але не ў шкоду Расіі. Як гэта вам бачыцца?

ДБ: Беларусь і Расія маюць больш-менш скаардынаваную замежную палітыку. Расія не супраць паляпшэння адносін, яна не супраць спрашчэння візавага рэжыму. Гэтыя праблемы Мінск павінен рашаць самастойна. Расія прымала рашэнне пра ўвядзенне санкцыі супраць еўрапейскай прадукцыі і мела на гэта права. Беларусь гэтым скарысталася, і фактаў кантрабанды было дастаткова шмат. Калі мы гаворым аб саюзніцкіх адносінах, то не трэба займацца разводкай адзін аднаго. Дамовіцца заўсёды можна. Узнікае недавер паміж партнёрамі.

«НН»: Пастаўка ў Расію італьянскіх персікаў пад відам беларускіх не з’яўляецца фактам паляпшэння беларуска-еўрапейскіх адносін.

ДБ: Гэтыя ж тавары пастаўляюцца пры дамоўленасці паміж фінансавымі групамі. Граніца беларуская не празрыстая, пад кантролем спецслужбаў. Нельга прывезці нешта закрыта. Калі мы бачым, што экспарт груш і яблык расце ў разы. Паглядзіце спіс самых багатых людзей Беларусі. Многія з іх на чым разбагацелі? Нафта і кантрабанда. Гэтая гісторыя цягнецца яшчэ з 90-х гадоў. У сярэдзіне 2000-х беларускія ўлады займаліся адкрытым рэйдарствам на дарозе, канфіскоўвалі цэлыя караваны грузавікоў, з-за надуманых прычын. Так саюзнікі і партнёры не паводзяць сябе. Гэта здрада.

Масква прапаноўвала на тэрыторыі Беларусі вайсковую базу. У расійскіх медыя паведамлялі пра дасягнутыя дамоўленасці. А потым спадар Лукашэнка сказаў, што нічога не чуў. Масква ж не на пустым месцы распрацавала праект дакументаў. Адной з умоваў зняцця санкцый супраць Мінска, было неразмяшчэнне базы. Чаму Варшава можа размяшчаць на сваёй тэрыторыі ракеты ў рамках дамоўленасці з НАТО, а Мінск не можа ў рамках АДКБ змяшчаць?

«НН»: Не дамовіліся, бывае.

ДБ: Літва змяшчае танкі і ракеты, а Беларусь чаму не можа? Значыць, Беларусь павінна сказаць, што мы не згодныя з такімі ўмовамі, давайце іх мяняць, ці выходзіць з АДКБ. Лукашэнка ўсюды крычыць, што ён грудзьмі будзе абараняць Маскву. А калі здарыцца, ён будзе абараняць Уладзівасток або іншыя землі як саюзнік па АДКБ? А як ён паводзіць сабе ў адносінах да Нагорнага Карабаха?

«НН»: Здаецца, Лукашэнка не быў супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскіх самалётаў. Ён хацеў, каб на іх лёталі беларускія вайскоўцы, у якіх хапае кваліфікацыі, а не расійскія.

ДБ: А калі амерыканцы размяшчаюць свае Узброеныя сілы на тэрыторыі Еўропы? Хто каму плаціць, той і спрабуе гуляць. Не Літва ж плоціць ЗША, а ЗША — Літве.

Скандалы, што з’яўляюцца ў прэсе наконт аншлюсу, цалкам надуманыя. Я думаю, што ў будучыні Еўрасаюз і Еўразійскі саюз знойдуць пункты судакранання. Гэта было б здарова і правільна.

У снежні ў Маскве праходзіў трэці Еўразійскі эканамічны кангрэс, на якім была Таццяна Караткевіч з Андрэем Дзмітрыевым, іх крытыкавалі за тое, што паехалі ў сталіцу імперскай Расіі. Там было 800 удзельнікаў, аграмадная колькасць еўрапейскіх бізнэсменаў. Адным са спонсараў была Італія. Некаторыя краіны Еўрасаюза асобна дамаўляюцца аб супрацоўніцтве з ЕАЭС. Не трэба цкаваць народы і краіны. Але дыктатура, якая існуе ў Беларусі, не дазваляе развіваць Беларусі сваю мову, культуру і традыцыі.

Шлях Беларусі — дэмакратыя і рынкавая эканоміка, свабода слова і плюразм меркаванняў, выдатныя адносіны з усімі краінамі-суседзямі. Але не цаной здрады партнёрам і саюзнікам. Я ўпэўнены, што найбліжэйшыя гады зменяць краіну.

Гутарыў Зміцер Панкавец