Беларускі пашпарт — «аўсвайс», Лукашэнка — «гаўляйтар»: гомельскі блогер праводзіць у Мінску семінары пра тое, што ўсе мы — грамадзяне БССР
01.02.2018 / 10:45
У поле зроку «Нашай Нівы» трапіў канал аднаго гомельскага блогера — Яўгена Пупырына: спачатку ён здымаў відэа з крытыкай Аляксандра Лукашэнкі, потым узяўся за Уладзіміра Пуціна.
Але якія палітычныя погляды можа адстойваць чалавек, які раздае парады гледачам, як не служыць у войску, «легальна» не плаціць крэдыты, падаткі і ўнёскі у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, як «засцерагчы дзяцей ад самаўпраўнасці дактароў Беларусі, якія робяць ім прышчэпкі»…? — за пашыраныя кансультацыі ён нават бярэ грошы.
Пупырын, фота са старонкі УКантакце. Нарадзіўся ў Расіі ў 1992 годзе, стала жыве ў Гомелі.
Як высветлілася, у Беларусі існуе цэлы рух актывістаў, якія лічаць сябе жыхарамі БССР. Свае сходкі яны праводзяць у Мінску, арандуючы залы і запрашаючы ўдзельнікаў праз інтэрнэт.
І той Пупырын — рухавік «аднаўлення БССР».
У інтэрнэце можна знайсці шмат відэа з канферэнцый у Мінску, дзе перад аўдыторыяй выступаюць адэпты БССР. Вось адна з іх.
Пра што там расказваюць?
Першым выступае Пупырын са словам, што «ўсё пачнецца з нас, бо ў Беларусі трэба тры-чатыры гадзіны, каб з любога краю краіны прыехаць у сталіцу, а ў Расіі гэты працэс зацягнецца».
Кіраўніка краіны пры гэтым называюць «гаўляйтарам», але пераказваць усю прамову Пупырына не мае сэнсу — у агульных рысах ён даводзіць, што «ўсіх падманваюць»: на яго думку, пасведчанне аб нараджэнні, выпісанае да 1991 года, ёсць аўтаматычным грамадзянствам СССР. Калі ж вы нарадзіліся пасля (як сам Пупырын), то пасведчанні аб нараджэнні бацькоў нібыта анулююць вашае беларускае грамадзянства.
Далей мадэратар сустрэчы перадае слова свайму аднадумцу неахайнага выгляду — «таварышу Аляксандру Бобрыку».
Бобрык прадстаўляецца «упаўнаважаным па правах чалавека БССР да навядзення на гэтай тэрыторыі канстытуцыйнага ладу» і падкрэслівае, што ён не хацеў прымаць гэтую пасаду, бо «і без яе мае ўладу», але, маўляў, давялося.
Аляксандр Бобрык, «упаўнаважаны па правах чалавека БССР», дагэтуль працаваў у вадаканале. Скрыншот з іншага відэа
Бобрык адразу пачынае расказваць, што Рэспублікі Беларусь не існуе, дэманструе ён гэта на ўзоры свайго беларускага пашпарта.
«Пашпарт Рэпублікі Беларусь — гэта аўсвайс [так называўся дакумент, які нацысты выдавалі на акупаных тэрыторыях за часамі Другой сусветнай вайны — «НН»], вы для іх [уладаў] — не людзі. Адкрываем старонку з фота, там пячатка памерам 30 міліметраў замест 40, а такія пячаткі ставяцца на пропускі ці пасведчанні. Значыць, гэта не пашпарт — яго можна выкінуць, а спецпропуск для перасоўвання па часова акупаванай тэрыторыі. Хто яго падпісваў? Я не здзіўлюся, калі гэта робіць прыбіральшчыца», — расказвае «таварыш Бобрык».
Ён таксама апелюе да «рымскага права», згодна з якім запіс ініцыялаў у беларускім пашпарце азначае, што яго ўладальнік пазбаўлены ўсіх правоў.
Вішанька на торце бобрыкаўскіх разваг — парада, як засцерагчыся ад хваробаў.
«Як мы захворваем? Я патлумачу на сабе: я выходжу на вуліцу, а вірусаў там вельмі шмат. Глядзіце, да мяне падлятае вірус і пытаецца: «Ві — рус?». «Я — рус», адказваю. І ён далей пайшоў, мяне не чапае. А калі ты не рус — то прывітанне, дарагі! Гэта дзейнічае», — кажа ён.
Бобрык запэўнівае, што дзякуючы ягоным лістам з пасады знялі Марыяну Шчоткіну і Аляксандра Косінца. І тлумачыць, што Камітэтам дзяржаўнай бяспекі насамрэч кіруе сын Аляксандра Лукашэнкі.
«Супраць нас вядзецца вайна, і мы як грамадзяне аплачваем гэта. Яны рыхтуюцца за нашыя грошы і вядуць вайну», — кажуць адэпты БССР. Яны раяць прысутным не прызнаваць сваё беларускае грамадзянства, а называць сябе грамадзянамі СССР: «як тады яны з вас штосьці спагоняць, калі вы не грамадзянін фірмы пад назвай Рэспубліка Беларусь?».
Пупырын пры гэтым расказвае гісторыю, як не плаціў крэдыт за тэлефон, а «таварыш Бобрык» — як пазбегнуў нейкіх працэдур у ваенкамаце. Пупырын дадае, што ўсе дакументы ў Беларусі — падробныя, а суддзі — нелегітымныя.
Гэтыя актывісты называюць «аднадумцам» экс-выкладчыка БДУ Андрэя Іванова, які адзначыўся тым, што нейкі час чытаў лекцыі беларускім ідэолагам пра масонскую пагрозу.
Чытайце таксама: «З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў
Застаецца незразумелым, чаму, напрыклад, каб арганізаваць у сталіцы сустрэчу з нацыянальна-арыентаваным гісторыкам, трэба прайсці пільны кантроль, а шарлатаны, якія адмаўляюць дзяржаўнасць краіны, у якой жывуць, робяць гэта лёгка.