Грамадства219219

«З 1991 года наша краіна акупаваная». У інтэрнэт трапіла шакуючае ВІДЭА семінара для беларускіх ідэолагаў

Лектар расказвае пра масонаў і пра тое, што здараецца з дзяўчатамі, якія агаляюць жывот. А таксама адпраўляе на сайт пра «глабальны надыўдзейскі прэдыктар».

Увагу «Нашай Нівы» прыцягнуў выкладчык Інстытута бізнэсу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Іваноў — улетку ён атрымаў ухвальную грамату ад «міністра моладзі ДНР».

Андрэй Іваноў (другі злева) на сустрэчы з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам (у цэнтры) у лістападзе 2017 года.

Калі мы шчыльней зацікавіліся гэтым чалавекам, то выявілі, што ў БДУ ён не працуе ад верасня 2017 года: па словах жонкі, перайшоў на работу ў дзяржаўнае таварыства «Веды», якое мае задачай «удзел у ідэалагічнай рабоце дзяржаўных органаў».

Чытайце: У таварыстве «Веды» адхрысціліся ад скандальнага лектара Андрэя Іванова

З самім Івановым мы звязацца не змаглі, але ягоная жонка сказала, што муж цяпер чытае лекцыі па ідэалогіі для работнікаў райвыканкамаў і аблвыканкамаў.

Што за лекцыі можа чытаць беларускім чыноўнікам аматар «ДНР»?

Пабачыць тыповы ўзор такой лекцыі для гарадскіх ідэалагічных работнікаў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі і сілавых органаў можна на Ютубе. Справа адбывалася ў Нясвіжы ў 2015 годзе, але, мяркуючы па запісах Іванова ў сацыяльных сетках, яго погляды з таго часу не змяніліся.

Паўтарагадзінная прамова лектара насычаная псеўдагістарычнымі байкамі, антынавуковымі сцверджаннямі і месцамі мяжуе з экстрэмізмам.

Пачынаецца семінар для ідэолагаў з заявы, што сёння Беларусь жыве ва ўмовах вайны, «якая яшчэ больш выродлівая, чым тая, калі фашысты палілі вёскі».

Іваноў у актавай зале Нясвіжскага райвыканкама, скрыншот з відэа.

Дык хто ж з кім ваюе?

Спікер спачатку сыпле безасабовымі дзеясловамі накшталт «генацыд ажыццяўляецца», «кантроль праводзіцца», але ўрэшце зрывае маскі, называючы ворагаў — гэта ЗША, Брытанія, іншыя краіны Еўропы. У пацвярджэнне Іваноў перакладае надпіс на даляравай купюры з латыні: «Сусветны парадак назаўсёды».

«Яны спрабуюць утрымаць гэты парадак, але не могуць! Не ведаюць, што рабіць: Ісламскую дзяржаву стварылі, наркатрафік з Афганістана пусцілі праз нашую тэрыторыю, у Еўропе пастановачныя тэракты, на Данбасе вайну запусцілі. Але не атрымліваецца», — адзначае ён.

«Мы заўсёды былі разам — вялікая краіна, потым нас падзялілі і спрабуюць даказаць, што кожны сам за сябе. Нас так перадзяўбуць, як арэшкі. Таму сёння пытанне вельмі сур'ёзнае: дзе мы бачым сваю будучыню? Яе мы мусім бачыць у гістарычным мінулым», — вучыць Іваноў ідэолагаў.

«Тыя, хто скончыў савецкія ўніверсітэты, атрымалі магутную метадалагічную адукацыю, шырокі кругагляд … і такую колькасць вобразаў, што ў любой спецыялізацыі асвойваецца вельмі хутка. А з заходняй Балонскай сістэмай — гэта калі вы назаўсёды прывязаныя да адной прафесіі — ва ўмовах рынку вамі вельмі лёгка маніпуляваць», — запэўнівае ён. Іваноў падкрэслівае, што «Расія заўсёды давала адлуп агрэсарам, якія не маглі зразумець наш сакральны дух».

Правобраз ідэальнага грамадства і эканомікі, паводле Іванова, быў пабудаваны пры Сталіне.

Гэтым яго веданне эканомікі не абмяжоўваецца — ён дэманструе яго ідэолагам на ўзоры з роварамі.

«Давайце ўявім сітуацыю, — кажа ён. — У Нясвіжы стаіць камбінат, які не можа выпусціць тую колькасць ровараў, якая патрэбна вам і вашым гасцям — ну не атрымліваецца! Не хапае магутнасці! Што будзем рабіць? А давайце надрукуем беларускіх рублёў — я вам прапаную — на іх купім цэмент у нас жа, у Касцюковічах! У нас ёсць рабочыя рукі, ёсць зямля пад Нясвіжам. І пабудуем новае прадпрыемства! На свае ж, надрукаваныя грошы! І выпусцім больш ровараў! Што з цаной адбудзецца? Яна ўпадзе, правільна! А нам эканамісты са ступенямі кажуць: «Нельга грошы друкаваць, толькі ў доўг браць можна». А гэта залежнасць краіны ад знешняга эмісійнага цэнтра, гэта каланіялізм! Навошта мы гэта робім? Калі гэтыя ісціны ведаюць мае школьнікі, мае студэнты нават! Чаму мы сёння не ўкладваем свае ўласныя рублі, ні ад каго не залежачы?»

Адказ на дылему Іваноў дае празаічны: «Праблема ў тым, што мы жывем па «Вашынгтонскім кансэнсусе». Пасля развалу Савецкага саюза і акупацыі постсавецкіх краін былі прысланыя сюды дарадцы, якія занялі ключавыя пасады на дзяржаўнай службе, і яны сёння адсочваюць працэсы і спрыяюць таму, каб патрэбныя законы не прымаліся. Карацей, ёсць развітыя краіны: ЗША, Брытанія, іншыя краіны Еўропы, і ёсць «калоніі», якія павінны пытацца, ці можна ім надрукаваць рублі. Ім дазволена браць крэдыты, але не друкаваць свае грошы — існуюць такія схемы наддзяржаўныя. І вы як ідэолагі сёння павінны ўсё гэта ведаць і разумець. Трэба ствараць грамадскае меркаванне, каб яно падказвала нашым гора-эканамістам, калі яны не ведаюць, што рабіць».

Аўдыторыя слухачоў — раённыя ідэолагі, ёсць людзі ў міліцэйскай форме.

Часам Іваноў перарывае сваё выкрыццё сусветнай змовы для інфармавання пра іншыя важныя тэмы. Ад яго ідэолагі даведаліся, што дзяўчыне нельга агаляць жывот — «народзяцца вырадкі». «Каб аднавіць свой біяпалярны энергаабмен пасля келіха віна, трэба інтэлектуальна працаваць тры гады», — тлумачыць Іваноў. «Японскія тэхналогіі спісаныя з савецкіх часопісаў для моладзі», — працягвае ён. «Якія, нафіг, у Еўропе каштоўнасці? Там пустэча», — задаецца рытарычным пытаннем лектар і падсумоўвае, што «з 1991 года краіна акупаваная … Яны чакаюць, калі можна будзе нанесці вырашальны ўдар».

Іваноў папярэджвае, што прысутныя мужчыны павінны быць гатовыя надзець камуфляж і ўзяць у рукі аўтаматы.

Не абыходзіцца без згадак пра сіянізм і «Святую Русь», сакральнае значэнне рускай мовы ў пабудове рускай цывілізацыі.

Такія слайды паказваюць ідэолагам, скрыншот з відэа.

«Вы павінны чытаць гэтыя лекцыі кожны дзень! На тых прадпрыемствах, якія вам даступны, ва ўсіх сацыяльных сетках. Жонка мужу хай чытае», — звяртаецца ён да ідэолагаў і абяцае падказаць «сайты з кніжкамі, дзе можна пачытаць больш падрабязна».

Асабліва іранічна выглядаюць высновы з вуснаў гэтага лектара:

«Чалавек знешне застаецца такім жа, але інфармацыйны стан мяняецца. Наглядзеўся ўсялякіх карцінак, яму сказалі, што там — вораг, і ён пачынае верыць. Так мяняецца лінія паводзін цэлага народа. А калі гадуецца цэлае пакаленне ва ўмовах нянавісці, то яшчэ пакаленне трэба, каб гэта змяніць. І вы ўяўляеце, на якім узроўні цяпер праблемы ў нашых еўрапейскіх суседзяў? Колькі ім пакаленняў трэба?».

Пасля фінальнага слова і апошняй рэкламы становіцца ясна, чым натхняецца Іваноў — ён актыўна піярыць расійскі рух «КОБ» і беларускага «навукоўца» Нікіценку.

Нікіценка фігураваў у нашым рэпартажы пра чарнасоценскую канферэнцыю ў Мінску. Але што такое «КОБ», які раіць ідэолагам Іваноў?

«КОБ» перакладаецца як «Канцэпцыя грамадскай бяспекі». Прыхільнікі гэтай тэорыі вераць у існаванне «глабальнага надыўдзейскага прэдыктара», створанага 3500 год таму 22 старажытнаегіпецкімі «жрацамі-іерафантамі», які кіруе, у тым ліку, і «Сусветным масонскім урадам».

Адметна, што шэраг кніг «КОБа» прызнаныя ў Расіі экстрэмісцкімі. На сайце, які Іваноў раіць пачытаць ідэолагам, можна знасці кнігі з назвамі «Яўрэйскі фашызм», «Старажытнаегіпецкія карані сусветных бедаў», «Майстар і Маргарыта: гімн дэманізму».

Сваю датычнасць да руху «КОБ» Іваноў не хавае і ўсяляк згадвае пра сяброўства ў гэтай секце ў сваіх сацыяльных сетках.

Нарадзіўся і вырас Андрэй Іваноў у Сібіры ў сям'і вайскоўца.

* * *

Удакладнена: Пасля публікацыі артыкула на сайце «Наша Ніва» атрымала ліст ад імя Міністэрства адукацыі. У ім выказваецца меркаванне, што міністр Ігар Карпенка падтрымлівае нефармальныя сувязі з ідэолагам Андрэй Івановым. Ведамства тлумачыць, што здымак быў зроблены падчас прыёму грамадзян.

Мінадукацыі: У чытачоў «НН» можа скласціся памылковае ўражанне, што міністр Карпенка падтрымлівае нефармальныя сувязі з ідэолагам Івановым

https://nn.by/?c=ar&i=203106

Каментары219

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу23

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Усе навіны →
Усе навіны

Прагноз надвор'я на першыя дні зімы1

Бацьку, які адсудзіў дваіх дзяцей у жонкі і вярнуўся з Бельгіі ў Беларусь, судзяць за згвалтаванне непаўналетніх1

Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе4

Прэтэндэнт у прэзідэнты Аляксандр Хіжняк расказаў, што трапіў у 2020 годзе ў «Чорную кнігу»3

Ва Узброеных сілах заявілі, што распрацавалі аналаг Starlink для беларускай арміі13

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO7

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу23

Бондарава абрынулася на музей Янкі Купалы і мастака Сушу

Галоўнае
Усе навіны →