«Мне матам тлумачылі, хто ў гэтай краіне доктар, а хто — не»: анколаг Пятроўская расказала пра сваё затрыманне пасля выхаду з «Ладэ»
26.01.2021 / 22:17
Мы ўжо пісалі пра Надзею Пятроўскую, якая раней кіравала аддзяленнем ў дзіцячай анкалогіі. Яна вельмі балюча ўспрыняла падзеі ў краіне і сышла з работы са шчыльным графікам.
Чытайце таксама: «Я больш не магу»: загадчыца аддзялення РНПЦ дзіцячай анкалогіі звольнілася, бо не можа нармальна працаваць ад хваляванняў за калег
Сёння яна выйшла на волю пасля трох сутак на Акрэсціна: яе затрымалі на праспекце Пераможцаў 23 студзеня.
Доктарка нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аказала актыўны супраціў супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.
У пратаколе пазначана, што Надзею затрымалі ў 16:55. Але як высветлілася на судзе, у 16:50 доктарка толькі выйшла з працы. А праз 10 хвілін у тэлеграм-каналах ужо з'явілася відэа яе затрымання на пустой вуліцы. Ніякага мітынгу побач не было.
Суддзя адправіў справу на дапрацоўку.
Як усё было, Пятроўская расказала «Нашай Ніве».
«У 16:45 я адпусціла апошняга пацыента, потым апранулася і выйшла з медыцынскага цэнтра. Пайшла па вуліцы, вачыма ў экран тэлефона — перапісвалася з таварышам.
Але бачыла, што на пешаходнай зоне стаяць аўтазакі і побач людзі ў чорным. І тут мне машуць рукой: «Стой, дзе стаіш».
Я спыняюся, хаваю мабільнік, а ад мяне яго патрабуюць. Я аддаю. «Разблакуйце!» — «Не, не буду». — «Тады хадземце».
Мяне завялі ў аўтазак, там чатыры ці пяць чалавек у форме і некалькі затрыманых асобаў нейкай усходняй знешнасці, якія вельмі ціха сядзелі.
Мне сказалі аддаць заплечнік, абшукалі, расшпілілі паліто, усё ў вельмі няветлівай форме. Я абурылася, што я не адмаўляюся падпарадкоўвацца іх патрабаванням, але трэба рабіць па законе: я жанчына, мяне абшукваць могуць жанчыны. Трэба выконваць законнасць.
Гэта выклікала іх незадаволенасць і пагрозы гвалту, якія не рэалізаваліся, але ўспрымаліся рэальна.
Я ж звярталася да іх на «вы», казала, што нічога кепскага не рабіла, нічога не парушала, мне сказалі: «Дзевушка, не пагаршайце свайго становішча», — і адвезлі ў РУУС.
Я была ўпэўная, што паколькі на праспекце Пераможцаў шмат камер, я хутка дакажу неправамернасць свайго затрымання. Як жа я памылялася! Прачытала пратакол — непадпарадкаванне, удзел у масавым мерапрыемстве. Я яго не падпісала, мяне адправілі на Акрэсціна.
Гэта былі не лепшыя дні ў жыцці, я паставілася да гэтага як да прыгодаў.
Прывезлі мяне гадзіне аб 11-й вечара. Стаўленне не магу сказаць што звышжорсткае, але непрымальнае. Нельга так абыходзіцца з невінаватымі людзьмі, якія не ўяўляюць небяспекі.
Не разумею, навошта на іх крычаць матам.
Напэўна, я паводзіла сябе не адпаведна месцу, калі сказала, што я доктар і патрабую да сябе паважлівага стаўлення. У адказ пачула доўгую мацерную тыраду пра тое, хто ў Беларусі доктар, а хто — не.
Рэчы забралі, было вельмі холадна ў камеры. На 6 коек было 13 чалавек, спалі па двое — гэта магчымасць сагрэцца.
Для жанчын гігіены ніякай, ды што там, нават ні матрасаў, ні бялізны — спалі на голых дошках. Набліжэнне ночы — прадчуванне пакутаў, бо ўдаецца заснуць на паўгадзіны, а потым спускаешся з нар да батарэі грэцца.
Праўда, у кампаніі з 12 жанчын заўсёды знойдзецца, чым заняцца.
Мы правялі вельмі прадуктыўна два дні, умудраліся трымацца малайцом, але калі пачаліся суды і пачалі даваць суткі, дзяўчаты вельмі расстройваліся. Але я сказала: давайце не дамо ім атрымаць асалоду ад нашых слёз — не плачам.
Мяне судзілі апошняй. Аказваецца, адвакат вельмі хутка даведалася пра маю сітуацыю, знайшла ўсе відэа- і фотадакументы, і іх, да майго здзіўлення, разглядзелі ў судзе.
Было відаць, што ніякага мерапрыемства няма, што сведка казаў няпраўду, я была адна, на вуліцы было пуста, пры затрыманні супраціўлення не аказвала — суддзя адправіў справу на дапрацоўку. Але мяне пакінулі яшчэ на ноч і выпусцілі толькі сёння, на трэція суткі».