«Гібель пацыентаў з гэтым не звязаная». Піневіч пра інцыдэнт з кіслародам у Віцебску
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч у эфіры тэлеканала СТБ заявіў, што, паводле папярэдніх даных, інцыдэнт з падачай кіслароду на апараты ШВЛ у віцебскай бальніцы не стаў прычынай гібелі людзей.
14.03.2021 / 20:01
Раней загадчык аддзялення рэанімацыі бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Уладзімір Мартаў паведаміў, што мела месца спыненне падачы кіслароду да апаратаў ШВЛ, з-за чаго загінула некалькі чалавек.
Чытайце таксама: «У хірургічным корпусе адключылася падача кіслароду. Сталі паміраць людзі». Доктар расказаў пра трагедыю ў Віцебску
Лукашэнка пра сітуацыю з кіслародам у Віцебску: Калі там палітыка, то значыць трэба на месца чалавека ставіць
«Пытанне з кіслародам — адзін з элементаў, які гучаў. Вось чаму Міністэрствам аховы здароўя ў тым ліку былі накіраваныя высокага ўзроўню спецыялісты, якія не толькі ацанілі магчымасць такога інцыдэнту, але і ў цэлым паглядзелі працу бальніцы. Інцыдэнт, наколькі я разумею, быў. Мы яшчэ будзем яго разглядаць больш падрабязна на ўзроўні лячэбна-кантрольнага савета Міністэрства аховы здароўя. Гэта было ў халодны перыяд часу, калі была нагрузка на кіслародную сістэму. Але, па сцвярджэнні іншых спецыялістаў, гэта было кароткачасовае падзенне ўзроўню патоку кіслароду, якое не паўплывала фатальна».
«Па нашых даных, гібель пацыентаў з гэтай сітуацыяй не была звязана», — сказаў Дзмітрый Піневіч.
Пры гэтым міністр адзначыў, што ўстаноўленыя факты нядбайнага вядзення пацыентаў у аддзяленні пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мартава, парушэнні санэпідрэжыму, «якія, хутчэй за ўсё, прыводзілі да ўнутрыбальнічнага заражэння персаналу, у тым ліку, у «чырвонай зоне».
Датычна пытання падаўжэння або непадаўжэння кантракта з загадчыкам аддзялення Дзмітрый Піневіч падкрэсліў, што наймальнік тут прымае рашэнне самастойна.