МУС: Журналіст Генадзь Мажэйка быў затрыманы ў Беларусі
Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву адносна затрымання журналіста «Камсамольскай праўды» Генадзя Мажэйкі.
04.10.2021 / 17:17
Як сцвярджаюць у міністэрстве, журналіст хацеў з Расіі вылецець у трэцюю краіну, але пры спробе зрабіць гэта ён даведаўся, што быў прызнаны непажаданым на тэрыторыі Расіі. Таму нікуды вылецець ён не змог і, як сцвярджаецца, вярнуўся ў Беларусь.
— Наколькі нам вядома, грамадзянін Мажэйка выехаў з тэрыторыі Беларусі ў Расійскую Федэрацыю, дзе прадпрыняў спробу вылецець у трэцюю краіну, аднак з улікам прынятага раней расійскімі праваахоўнымі органамі рашэння аб непажаданасці знаходжання на тэрыторыі гэтай краіны ў выездзе з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі яму было адмоўлена і прадпісана выбыць з тэрыторыі дадзенай дзяржавы. Мажэйка ў вызначаным парадку выехаў з тэрыторыі Расіі і прыбыў на тэрыторыю Беларусі, дзе далей і быў затрыманы, — гаворыцца ў афіцыйным каментары МУС.
У выніку Мажэйку затрымалі на тэрыторыі Беларусі ў рамках заведзенай на яго крымінальнай справы па ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) КК.
Раней з'яўлялася інфармацыя, што Генадзь Мажэйка быў затрыманы ў Маскве, дзе знаходзіўся па асабістых справах. Яшчэ 30 верасня бацькі журналіста размаўлялі з сынам па відэасувязі з маскоўскага гатэля.