«Хацелі, каб я адразу «зліваў», калі хтосьці выкажа сваё меркаванне». Старшыня таварыства ўласнікаў у Мінску расказаў, як з ім «гутарылі» ў КДБ
Пайшлі размовы, што мінскіх старшыняў таварыстваў уласнікаў і ЖКС выклікаюць на размовы ў КДБ, дзе падрабязна распытваюць пра падзеі 2020 года і патрабуюць падпісаць згоду аб супрацоўніцтве. І гэта аказалася праўдай. Аднаго са старшыняў таварыства ўласнікаў у Мінску ўжо выклікалі ў КДБ — ён расказаў Zerkalo.io падрабязнасці візіту.
15.02.2022 / 18:36
Будынак КДБ у Мінску.
Валянцін (імя зменена) узначальвае некалькі таварыстваў уласнікаў ў Мінску. На гутарку ў КДБ яго паклікалі па тэлефоне, а на патрабаванні даслаць афіцыйную паперу заявілі: «Калі не хочаце так, мы самі за вамі прыедзем».
Суразмоўца вырашыў прыйсці самастойна. Гутарка ў раённым аддзяленні КДБ доўжылася прыкладна паўтары гадзіны.
Супрацоўнік, які размаўляў з Валянцінам, спачатку задаваў шмат асабістых пытанняў: дзе ён быў у 2020 годзе падчас масавых акцый, ці ўдзельнічаў у іх, ці затрымлівалі яго сяброў або сваякоў. Цікавіўся, як ён ставіцца да сілавых органаў, да санкцый, ці «жасцілі» сілавікі ў жніўні 2020-га.
— Я казаў, што я звычайны чалавек — працую і нікуды не лезу. Натуральна, адказваў, што нідзе не быў, дома сядзеў і ўсё. Даваў адказы, якія ён хацеў пачуць, а з другога боку, мае словы былі ні пра што.
Потым супрацоўнік КДБ загаварыў пра працу — і сам пералічыў усе таварыствы, у якіх працуе Валянцін.
— Пачаў пытацца, ці ёсць у мяне суседзі, якія дзесьці засвяціліся, былі пад арыштам ці нешта такое. Я кажу, што не ведаю — маю зносіны з людзьмі толькі ў рамках працоўных пытанняў. Пытаўся, ці былі ў нас сцягі на вокнах, дазнаваўся нумары кватэр — адказваю, што ў той час было шмат сцягоў на вокнах, магчыма, і ў нас былі.
Трэці этап гутаркі — прапанова аб супрацоўніцтве. Дакладней, Валянціна проста паставілі перад фактам і прадыктавалі тэкст дакумента.
— Спыталіся: «Маглі б вы нам дапамагаць?» Хацелі, каб я адразу «зліваў», калі хтосьці будзе пытацца пра палітыку, павесіць налепку, сцяг, крыкне лозунг або выкажа сваё меркаванне. Я казаў, што нічым не магу дапамагчы — пры мне такога не было. Ён у адказ: «Настойліва рэкамендую з намі супрацоўнічаць». Хацелі ведаць усё пра людзей: хто чым дыхае, пра што думае.
Мужчыну далі аркуш паперы, дзе ён фактычна пад дыктоўку напісаў, што не мае права распавядаць пра гэтую гутарку і што будзе ўсяляк спрыяць раскрыццю «экстрэмісцкіх фармаванняў». Праўда, пра наступствы недастаткова стараннага спрыяння ў КДБ нічога не сказалі.
— Натуральна, я гэта напісаў, таму што варыянтаў тут асабліва не было. Я ведаю, што некаторыя калегі адмаўляліся хадзіць — іх потым здымалі з пасады, і цяпер там будуць перавыбары старшыняў.
Па словах Валянціна, ягоны выпадак не адзінкавы: кагосьці ўжо выклікалі, нехта яшчэ толькі пойдзе. «Мабыць, гэта будзе насіць масавы характар», — упэўнены суразмоўца.
Калі пачаліся такія «гутаркі», старшыня таварыства ўласнікаў дакладна не ведае, але мяркуе, што некалькі тыдняў таму.
— Але калі я заўсёды буду адстойваць інтарэсы маіх жыхароў, можа нехта іншы і будзе зліваць гэтую інфармацыю. Таму я хачу, каб людзі ведалі пра тое, што адбываецца.
Па словах Валянціна, старшыняў таварыстваў уласнікаў прасілі распавядаць пра «нядобранадзейных суседзяў» і ў 2020 годзе, але тады гэта зыходзіла ад раённай адміністрацыі — проста па тэлефоне казалі, што патрэбныя дадзеныя людзей, на вокнах у якіх вісяць сцягі.
— І я катэгарычна адмаўляўся: можаце хоць звальняць, хоць што, але я на гэта не пайду ніколі ў жыцці. А цяпер яны выйшлі на новы ўзровень.