Меркаванні

«Маёр Драбуцька ненавязліва пацікавіўся, ці не хачу я атрымаць «по е…у». Павел Батуеў у маляўнічых дэталях апісаў сваё зняволенне

40-гадовы электрык з Салігорска Павел Батуеў быў затрыманы ў лістападзе 2021 года за сваю грамадскую актыўнасць. Каб вырвацца з турмы, ён пайшоў на хітрасць: падпісаў дамову аб вярбоўцы. А выйшаўшы, адразу ўцёк. Правёўшы месяц у падполлі, перайшоў мяжу. У сябе ў фэйсбуку ён дэталёва апісаў сваё зняволенне. Следчыя СК, суддзі, афіцэры міліцыі, ахоўнікі ў турме і супрацоўнікі КДБ — кожны з іх робіць сваю частку сістэмнай працы («я ж толькі сваю работу раблю») па катаванні зняволеных, выбіванні патрэбных паказанняў і выкараненні іншадумства. Батуеў апісвае ўсё гэта з уласцівым яму гумарам, але з гэтага паўстае вялікая карціна ўдушаючага працэсу, у які лукашэнкаўская вярхушка ўцягнула тысячы выканаўцаў. Мы бачым і маральную сілу, маральную перавагу тых, хто гэтаму працэсу супрацьстаіць.

Павел Батуеў сустрэўся з дзецьмі пасля месяца зняволення і яшчэ месяца знаходжання ў падполлі, пасля якога ён перасёк мяжу ў Расіі. Фота: Фэйсбук.

23 лістапада 2021 у 17:25 я быў затрыманы ў двары свайго дома, калі ішоў забіраць з дзіцячага садка дачку.

Бралі мяне прафесійна і вокамгненна. Збілі з ног, зашпілілі кайданкі за спінай, нацягнулі на вочы шапку і ужо праз пару секундаў я быў у бусіку, дзе мяне адразу ж пачалі збіваць, патрабуючы пароль ад тэлефона і тэлеграма.

Хто мяне затрымліваў і колькі іх было, я не бачыў, але па «ашчушчэніям» гэта былі не супрацоўнікі салігорскага РАУС.

Нападнікі фізічным уздзеяннем і пагрозамі дапамаглі мне ўзгадаць неабходныя паролі. З іх словаў, тэлеграм аднаго прызнанага экстрэмісцкім пабліка быў зарэгістраваны на маю сім-картку аднаго з замежных аператараў. У мяне з часоў працы ў Польшчы была сім-картка польскага аператара і яны паспрабавалі, даведаўшыся ў мяне нумар, увайсці ў телеграм, але ў іх нічога не атрымалася.

Праз нейкі час у мяне пачалі пытаць пра маю працу, адукацыю і дыплом. Тут я мушу прызнацца ў невялікім злачынстве, здзейсненым мной пятнаццаць год таму. Пасля выбараў (і майго першага адміністрацыйнага арышту) у 2006 годзе мяне выперлі з універа. І я, ніколі так не рабіце, набыў праз інтэрнэт дыплом расійскай ВНУ і спакойненька па ім працаваў усе гэтыя гады. Можна нават сказаць, што за столькі год наяўнасці гэтага самага дыплома я пачаў ідэнтыфікаваць сябе як чалавека з вышэйшай адукацыяй.:) 

Увосень 2021 года я падаў дакументы ў салігорскі выканкам для ўзгаднення мяне ў якасці старышыні таварыства ўласнікаў і нават атрымаў такое ўзгадненне, але падчас гэтых працэдураў супрацоўнікам стала вядома, што мой дыплом не зусім каб сапраўдны.

Мяне прывезлі ў салігорскі РАУС, усё так жа ў кайданках прывялі ў кабінет 315, дзе нарэшце знялі шапку з вачэй. У кабінеце знаходзіліся ці не ўсе супрацоўнікі крымінальнага вышуку, маёр Драбуцька, і намеснік начальніка РАУС падпалкоўнік Канапацкі. Супрацоўнікам, якія мяне затрымлівалі, сказалі, што яны могуць ехаць (гэта яшчэ болей узмацніла мае «ашчушчэнія», што затрымлівалі мяне не мясцовыя).

Мне адразу агучылі, што прысутныя чакаюць ад мяне знішчэння той самай групы. Я паведаміў, што я да гэтай групы не маю аніякага дачыненьня і, адпаведна, знішчыць яе ніяк не магу. Мне пачалі агучваць крымінальныя артыкулы, якія на мяне могуць быць заведзеныя (апроч 380 за падробку дыплома), і тэрміны, на якія я магу сесці. Некалькі разоў падкрэслілі, што ў дачыненні да змагароў у іх абсалютна развязаныя рукі, што любы суддзя дасьць мне столькі, колькі яны папросяць.

Таксама намеснік начальніка агучваў некаторыя дастаткова інтымныя факты майго прыватнага жыцця, а маёр нават гразіўся паказаць нейкія фота маёй жонцы. Таксама пыталі, адкуль у мяне на рахунках столькі грошай (але на пачатку года салігорская падатковая ўжо супастаўляла мае даходы і выдаткі ажно за 10 год).

У гэты самы час у дзвюх кватэрах, што належаць нашай сям’і, адбываліся вобшукі нібыта ў рамках крымінальнай справы, заведзенай за абразу начальніка салігорскага РАУС. Агулам было праведзена ажно 5 вобшукаў. Шукалі нібыта мой фэйкавы дыплом, але забралі толькі тэлефоны, флэшкі, ноўтбук, БЧБ-значок і ўзмацняльнік wi-fi.

У гэты самы час лепшыя інтэлектуальныя сілы салігорскай міліцыi, як умелі, спрабавалі ўсё ж знішчыць ненавісную групу i ад майго імя пачалі пісаць паведамленні адміну пабліка. Калі выйшаў з турмы, пабачыў, што «я» апошні раз быў на VK 26 лістапада, то-бок на трэці дзень пасля затрымання (дарэчы, сам тэлефон павінен быў у той час знаходзіцца ў запячатаным канверце ў следчага СК Міхнаўца, але іногданедазаконаў).

Мабыць, у роспачы ад таго, што такая дэтальна спланаваная аперацыя не дасягнула сваіх мэтаў, супрацоўнікі змянілі мне ў профілі прозвішча з Батуеў на Батутеў. Ну, хоць нейкі вынік.

Пасля ўсіх маніпуляцый з мабільнікам супрацоўнікі міліцыі нарэшце знялі з мяне кайданкі, прынеслі мой тэлефон і паклалі мне ў кішэню, выклікалі панятых, якія аказаліся сутачнікамі з салігорскага ізалятара. Я выклаў тэлефон на стол, міліцыянты паклалі яго зноў у кішэню.

Я быў спрабаваў сказаць, што як бы не ведаю, што за гэты час адбываліся з маім тэлефонам, але ім моцна хацелася зафіксаваць сам факт вымання тэлефона менавіта з маёй кішэні пры панятых, таму маёр Драбуцька ненавязліва пацікавіўся, ці не хачу я атрымаць «по е…у». Я не хацеў, таму факт вымання тэлефона нават зазняў на сваю мабілу адзін з прысутных міліцыянтаў.

Пасля некалькіх гадзін знаходжання ў РАУСе мы такі дайшлі да справы з дыпломам. Я ветліва адмовіўся даваць нейкія тлумачэнні без прысутнасці адваката, пасля чаго з дапамогай некалькіх удараў па маёй галаве маёр Драбуцька мяне пераканаў, што дарма я так.

Запісалі мае тлумачэнні, адкаталі мае пальцы і змясцілі ў ізалятар па 108 артыкуле КК РБ (непасрэдна ўзніклыя падазрэнні ў здзяйсненні злачынства).

За тры дні, што я правёў у ізалятары, мяне некалькі разоў наведаў вышэйзгаданы следчы Міхнавец. Адзін з допытаў фіксаваўся на відэа, а пасля фрагмент гэтага відэа з'явіўся ў адным салігорскім тэлеграм-гаўнаканале, такім сабе лакальным аналагу жоўтых зліваў.

Каб я напоўніцу адчуў увесь смак турэмнага жыцця, на допыты мяне выводзілі так: спачатку адчынялася кармушка, я, трымаючы рукі за спінай, высоўваў іх туды, мне апраналі кайданкі, пасля адчыняліся дзверы, я выходзіў з камеры, мяне заводзілі ў пакой для допытаў, здымалі кайданкі, прымушалі цалкам распрануцца і прамацвалі вопратку. Калі вярталі ў камеру, усё паўтаралася ў адваротным кірунку.

Трошкі пазней чалавек, які сядзеў па «цяжкім» артыкуле і пабачыў гэты цырк, запытаў: «б…, а што у цебя за делюга такая, што мусара так цебя баяцца?»

Праз тры дні, а менавіта на такі тэрмін чалавек можа быць затрыманы па 108 арт. КК РБ, з'явіўся мой следчы і паведаміў, што выпускае мяне пад падпіску аб нявыездзе, вось толькі за пару гадзін да гэтага

«суддзя» Блоцкі, выслухаўшы маляўнічы аповед сяржанта Далаяна аб тым, як я адмаўляўся падпарадкавацца законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ужо прысудзіў мне 15 сутак.

Дарэчы, менавіта на тым судзе я даведаўся, што затрымлівалі мяне супрацоўнікі АМАП. Мае пытанні, навошта супрацоўнікі АМАП праводзілі затрыманне па артыкуле, які не з'яўляецца грамадска небяспечным і чаму мяне нельга было выклікаць у РАУС звычайнай позвай, засталіся без уцямнага адказу.

Пасля «суда» мяне перавялі ў іншую камеру. Там не было туалетнай паперы, таму ўсе мае пратаколы паступова былі выкарыстаныя па прамым прызначэнні.

У першы ж вечар у новай хаце здарыліся непрыемныя прыгоды. Арыштанту, з якім я сядзеў, стала блага, ён пагрукаў у дзверы і папрасіў таблетку. Мент адчыніў кармушку і напшыкаў нам у камеру газу. Добра, што ў хаце вельмі добра працавала вентыляцыя і праз пару хвілінаў ад газу нічога не засталося, але ўражанні не самыя прыемныя.

На паслязаўтра сітуцыя паўтарылася. Я папрасіў ручку ад акна і калі сукамернік яе аддаваў, зазірнуў у кармушку, пазнаў таго самага мента-газавіка і ветліва яму сказаў: «А, это ты, х..ла!». Не абвяргаючы гэтую тэзу, я проста дастаў шапку і прыціснуў яе да твару. Мент зноў напшыкаў нам газу, але гэтым разам зусім мала, бо балон быў амаль пусты. Пачуўшы гэта, мой сукамернік пачаў крычаць, што можа набздзець мацней за гэты балон. Дзякуй Богу, да газавага двубою не дайшло.

Пад вечар нас абодвух перавялі ў іншую хату для затрыманых па крымінальных справах. Увесь свой наступны тэрмін я там і прасядзеў. Праз пятнаццаць сутак я атрымаў яшчэ пятнаццаць, бо капітан Міхед «проізвёл моніторінг сеті інтернет» і выявіў там (у інтэрнэце) мой інстаграм, а ў ім фотаздымак снегавіка з БЧБ-сцягам і «неізвестного мужчіну». Невядомы мужчына — гэта я, а снегавік — гэта снегавік.

Фота было размешчана 11 месяцаў таму, але гэта ніяк не перашкодзіла «суддзі» Рабаму прысудзіць мне чарговыя 15 сутак.

Падчас другога арышту раптам высветлілася, што асабіста мне нельга спаць на ніжняй шконцы, бо мяне, маўляў, кепска бачна па камеры. Камера ў камеры — гэта такая беларуская рэкурсія. Таксама

высветлілася, што мне нельга чытаць. Як пракаментаваў гэта мой сукамернік, «самі тупые і другім развіваться не дают».

Усе гэтыя «нечаканыя» забароны заўсёды здараліся, калі дзяжурным па ізалятары быў начальнік ІЧУ падпалкоўнік Аляхновіч. Ён жа на ранішнім шмоне сказаў мне, што «определённым категоріям ліц запрешчено чітаць».

Даводзілася прыдумляць сабе іншыя заняткі — гульня ў мандавошку, лепка з хлеба, mouse-watching. Апошняе асабліва захапляльна — увечары кладзеш пад умывальнік хлеб ці бульбу і чакаеш, калі вылезе мыш.

Па тым, колькі разоў уначы бразгаюць кармушкі ў іншых камерах, можна было меркаваць, колькі палітычных знаходзіцца ў ізалятары. За мае 33 дні ў няволі там разам са мною знаходзілася ад 3 да 7 чалавек. Гэта ў горадзе з насельніцтвам трошкі большым за 100 тысяч. Камбайн рэпрэсій ганяе ва ўсю моц.

Таксама цікавы факт: ці не ва ўсіх, хто трапляе ў мянтоўню, незалежна ад прычын затрымання правяраюць тэлефон. Натуральна, таварышчаў у пагонах больш за ўсё цікавіць тэлеграм. Прынамсі некалькі чалавек мне пра гэта казалі.

Самі арыштанты цудоўна разумеюць, што робіцца ў краіне, і да палітычных ставяцца нармальна. Людзі, з якімі я сядзеў, у абсалютнай большасці цалкам адэкватныя, часам з пакручастым лёсам, і, нягледзячы на іх багаты крымінальны досвед, у іх таварыстве адчуваеш сябе нашмат больш бяспечна, чым у кампаніі таварышчаў у пагонах. Напэўна, гэта адно з галоўных «дасягненняў» лукашызму.

Падчас другога адміністрацыйнага арышту да мяне некалькі разоў прыходзіў намеснік начальніка РАУС і распавядаў пра мае змрочныя перспектывы. Маўляў, ты і групу на VK вёў экстрэмісцкую, і ў мітынгу ў Мінску ўдзельнічаў, а менавіта ў той дзень там былі «масавыя беспарадкі», і ледзь не артыкул за здраду радзіме табе можна прыматаць. Але перад гэтым па маім інстаграме мне нібыта месяцы з тры можна правесці ў ізалятары за фатаздымкі, дзе прысутнічае наш сцяг.

Але ёсць альтэрнатыва, сказаў намеснік начальніка РАУС. Можна сустрэцца з супрацоўнікам КДБ і, магчыма, ён прапануе альтэрнатыўны варыянт.

У такіх варунках я быў вымушаны пагадзіцца, і такі супрацоўнік з'явіўся на наступны дзень. Вельмі ветлівы дзядзька, якога, каб не абставіны нашай сустрэчы, можна было назваць прыемным суразмоўцам. Паведаміў, што назірае за мной з пачатку двухтысячных, што я вядомы ў горадзе чалавек, медыяперсона (тут я не вельмі зразумеў), што, маўляў, у мяне сувязі за мяжой (тут зусім не зразумеў), і што калі б мы знайшлі агульную мову, было б цудоўна. Узамен я змагу працаваць, як планаваў, старшынёй таварыства ўласнікаў.

Тут я нагадаў пра мой не зусім сапраўдны дыплом, але ён запэўніў, што гэта не праблема. Таксама запэўніў мяне, што ў выпадку згоды на супрацоўніцтва «міліцыя забудет о моём сушчествованіі». Калі ж згоды не будзе…

Гэтыя перспектывы мне ўжо абмаляваў намесьнік начальніка РАУС. Я паспрабаваў даведацца, што я буду павінен зрабіць у адказ, але ўцямнага адказу так і не атрымаў. І вырашыў пагадзіцца на «супрацоўніцтва».

Кадэбіст дастаў ліст і асадку і пачаў дыктаваць «я, імя, прозвішча, абавязваюся супрацоўнічаць, захоўваць у таямніцы, прашу прызначыць мне аператыўны псеўданім». Вось на псеўданіме мне зрабілася смешна і кадэбіст сказаў «да, да, как в кіно».

Тут я спытаўся, ці дадуць мне псеўданім Aston Martin, як у Бонда. Astоn Martin мне не паабяцалі, але сказалі, калі я ўжо ўзгадаў Бонда, так і пісаць «аператыўны псеўданім Бонд». Пад гэтым тэкстам подпіс, дату кадэбіст сказаў не ставіць.

Магу толькі здагадвацца чаму пазначаць дату не трэба было, але лічу важным адзначыць — гэтая размова адбывалася 22 снежня 2021 года

26 снежня 2021 года я выйшаў з ізалятара і адразу ж распавёў блізкім, што зараз я агент Бонд. Праз некалькі дзён мая сям’я выехала з Беларусі ў бяспечнае месца.

Я збіраўся з'ехаць адразу ў тым жа кірунку, але ў салігорскім ізалятары ўсе нары стальныя, а матрацу ў мяне, як і ва ўсіх палітычных, не было, і я вельмі моцна прастыў ды быў вымушаны трохі падлячыцца.

Агучваючы публічна факт вымушанага падпісання мной заявы аб супрацоўніцтве з КДБ, я ў аднабаковым парадку яе разрываю і публічна сведчу, што не збіраюся супрацоўнічаць з гэтай структурай ніякім чынам.

За час, што правёў у статусе агента Бонда, я не падпісаў ніякіх іншых папераў і ніякім чынам не ўступаў ва ўзаемадзеянне з «камітэтам». Праз мае дзеянні не пацярпеў ніхто, апроч мяне і майго гонару.

Пра свой ад’езд з Беларусі больш падрабязна распавесці не магу — на жаль, шмат каму гэтыя шляхі яшчэ могуць спатрэбіцца, але агулам часам нагадвала кіно пра шпіёнаў.

Учора следчы Міхнавец выклікаў «на размову» майго брата і прасіў мне перадаць, што крымінальная справа ў дачыненні да мяне спыненая. Апошняя хітрасць, так бы мовіць.

Чытайце таксама:

Беларус пяць гадоў пражыў на Ямале. Гутарка пра пургу, ненцаў, алкаголь і грошы

«Над мной праводзілі эксперыменты». Пісьменнік Севярын Квяткоўскі расказаў, што з ім адбывалася за кратамі

З бутэлькай пад галавой. Андрэй Дынько апісаў свой турэмны досвед у балючым тэксце

«Людзей дагэтуль працягваюць катаваць». Журналістка Кацярына Карпіцкая расказала пра свой месяц на Акрэсціна

Каментары

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты13

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Усе навіны →
Усе навіны

Халезін паразважаў пра феномен лукашызму: Усе мы здзівімся, як імгненна забудуць пра Лукашэнку24

«З першага ж дня сын вяртаецца дадому пабіты». Беларуска змагаецца з булінгам у польскай школе36

Прэм'ер Славакіі пагражае спыніць пастаўкі электраэнергіі Украіне33

Паглядзелі «Гульню ў кальмара — 2». Ці ўдаўся працяг культавай гісторыі?3

Брытанскі блогер падключыў да вечнай спрэчкі пра беларускую згушчонку сваіх бацькоў. Іх выбар аднагалосны

Мінскага крымінальнага аўтарытэта падазраюць у забойстве 27-гадовай даўніны і педафіліі. І нават трошкі ў палітыцы2

Пайшла ў ліквідацыю вядомая будаўнічая кампанія2

У гістарычны архіў у Гродне прызначылі дырэктара-сілавіка. Ён такі ўжо далёка не першы8

Сярэдняя тэмпература цела людзей зніжаецца10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты13

Чат GPT валодае беларускай мовай не проста добра, а бліскуча. І прымае каманды, і перакладае, і рэдагуе тэксты

Галоўнае
Усе навіны →