«Белмедпрэпараты» пераходзяць на чатырохдзёнку ў поўным складзе, за выключэннем генеральнага дырэктара

Як стала вядома «Нашай Ніве», «Белфармпрам» загадаў «Белмедпрэпаратам» пераходзіць на чатырохдзённы працоўны тыдзень з 14 чэрвеня як мінімум да канца ліпеня. Дадатковым выхадным становіцца пятніца, аплата работы — «прапарцыйна фактычна адпрацаванаму часу». 

02.05.2022 / 11:41

Распараджэнне, копія якога ёсць у Рэдакцыі, тычыцца амаль усіх аддзелаў прадпрыемства: закупак, продажу і маркетынгу, бухгалтэрыі, кадраў, фармаканагляду, санітарна-прамысловай лабараторыі, вядучых інжынераў і іншых. 

Выключэнне — генеральны дырэктар. 

Прычыны рашэння ў распараджэнні тлумачацца размытай фармулёўкай: «у мэтах аптымізацыі выдаткаў». 

Выхад на работу ў пятніцу цяпер становіцца цэлай гісторыяй: для гэтага трэба аформіць запіску кіраўніка структурнага падраздзялення і ўзгадніць з намеснікам генеральнага дырэктара з абгрунтаваннем выхаду, а таксама ўказаць, на які дзень пераносіцца выхадны ў залік адпрацаванай пятніцы. 

Раней паведамлялася, што «Белмедпрэпараты» сутыкнуліся з цяжкасцямі ў вытворчасці медыкаментаў: па прычыне санкцый адгрузка некаторых прэпаратаў не плануецца ў наступныя месяцы ці наогул у 2022 годзе.

Чытайце таксама: У «Белмедпрэпаратаў» праблемы з выпускам лекаў — уся справа ў санкцыях

Nashaniva.com