У які час лепей снедаць? Навукоўцы далі дакладны адказ
Дыетолагі не сумняваюцца, што сняданак — асноўны прыём ежы падчас дня. Але ў які час лепей за ўсё за яго брацца? Апошняе даследаванне дае адказ на гэтае пытанне.
19.07.2022 / 20:48
Фота: pixabay.com
Даследчыкі з іспанскага ўніверсітэта Мурсіі вызначылі лепшы час для сняданка, абеду і вячэры. Згодна з імі, калі есці менавіта ў гэты час, вы будзеце адчуваць сябе на працягу дня найбольш прадуктыўна, піша goodto.com.
Цікава, што іспанцы вызначылі час для ежы нават з дакладнасцю да хвілін. Згодна з імі, рэкамендавана снедаць пасля 7 гадзін раніцы, калі дакладней, у 7.11. Да абеду раяць прыступаць паміж 12.30 і 13 гадзінамі, найлепшы выбар — 12.38.
Што да вячэры, з ёй іспанцы таксама не раяць затрымлівацца. Яны рэкамендуюць знайсці да яе час паміж 18 гадзінамі і 18.30, калі зусім дакладна — сядайце за стол у 18.14.
Што рабіць, калі вы сава і ніколі ў жыцці не прачняцеся ў 7 раніцы? Тады пастарайцеся снедаць на працягу гадзіны пасля абуджэння. Такі расклад дапаможа трымаць пад кантролем узровень гармонаў голаду і даўжэй адчуваць насычанасць. І яшчэ адно назіранне: калі занадта позна абедаць і вячэраць, гэта можа прывесці да таго, што вы будзеце пераядаць ці выбіраць менш здаровую ежу.
Эксперты не спыніліся на гэтым і вызначылі таксама рэкамендаваны час для перакусаў. Яны раяць распачынаць перакусы ў 11.01, 15.14 і 21.31, а таксама пасля інтэнсіўных трэніровак і заўсёды, калі пасля мінулага прыёму ежы прайшло больш за 4 гадзіны.
У дадатак, важна не прапускаць прыёмы ежы. Напрыклад, пропуск сняданка звязваюць з пагаршэннем у вугляводным абмене і са з’яўленнем лішняй вагі, непатрэбныя кілаграмы пагражаюць і тым, хто прапускае абед ці вячэру. Нарэшце, ёсць даныя, што людзі, якія прапускаюць вячэру, менш спяць ноччу і часцей маюць дрэнныя звычкі накшталт курэння ці злоўжывання алкаголем.