70-гадоваму мужчыну пагражае да 15 гадоў за каментары. Распавядаем пра самага пажылога «тэрарыста» з Беларусі

Пра Васіля Дземідовіча стала вядома выпадкова — са спісаў КДБ.

31.08.2022 / 19:36

Васіль Дземідовіч. Фота з сацсетак.

Васіль Дземідовіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Стальбоўшчына, што ў Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. Калісьці гэта буйная, а цяпер — троху заняпалая вёска зусім блізка ад Узды і за 80 кіламетраў ад Мінска.

З 1971 па 1973 год Васіль служыў у войску. Ён праходзіў навучанне ў элітных на той час дэсантных войсках, у інжынерна-сапёрнай часці 11932, якая базіраваліся ў Літве, у пасёлку Гайжуны.

Мужчына доўгі час (прынамсі ў 90-х) жыў у Расіі, у Наўгародскай вобласці. Там ён працаваў юрысконсультам і мае адвакацкую ліцэнзію — дагэтуль ён знаходзіцца ў спісах «Адвакацкай палаты г. Масквы». Ужо ў 2013 годзе ён працаваў юрысконсультам у Мінску, але пасля зноўку нейкі час жыў у Расіі — на 2017 год ён працаваў юрысконсультам у падмаскоўнай Каломне.

Таксама Васіль жанаты, але жонка — грамадзянка іншай краіны і падобна, што яны не жывуць разам. Дзяцей у пары няма.

Мужчына мае «адміністратыўку» па «пратэсным» артыкуле. Судзілі яго на Дзень Волі 2021 года за тое, што вывесіў на сваім доме ў Нясвіжы бел-чырвона-белы сцяг. Тады яго пасадзілі на суткі.

На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Васіль піша па-беларуску.

Але справу на яго завялі не за гэта, а за каментары ў тэлеграме. Каментароў агулам некалькі дзясяткаў. У некаторых з іх Дземідовіч пісаў, што ўсё пачалося з таго, што «ў 1994 годзе грамадзяне не абралі кандыдата навук Пазняка, а абралі са шклоўскага саўгаса» і што чакае сілы НАТА, каб тыя дапамаглі перамагчы народу.

У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў спіс «тэрарыстаў». Наколькі вядома, мужчыну ніхто не дапамагае, бо блізкіх свякоў у Беларусі ў яго няма. Утрымліваюць пенсіянера ў гродзенскай турме. Праз залічэнне ў «тэрарысты» таксама немагчыма рабіць яму грашовыя пераводы.

На пачатку жніўня над мужчынам пачаўся суд ажно па чатырох артыкулах. Гэта «падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369), «абраза суддзі альбо народнага заседацеля» (арт. 391) і «публічная абраза прэзідэнта» (ч. 1 арт. 368). За гэта агулам яму пагражае да 15 гадоў турмы.

Адрас для лістоў:

Дземідовіч Васіль Іванавіч, 1952 года нараджэння. 230023, Турма №1, г. Гродна, вул. Кірава, д.1.

Чытайце яшчэ:

Што вядома пра падлетка, якога адправілі ў калонію за тое, што зняў на відэа расійскую тэхніку?

Мужчынам, якія ішлі на сілавіка падчас антываеннага мітынгу, прысудзілі калонію. Пасля затрымання іх катавалі

«Новая Беларусь — не нешта абстрактнае, не казачная з’ява, яна пачынаецца цяпер». Як жыве студэнт Гарварда Максім Багдановіч

Nashaniva.com