Мужчынам, якія ішлі на сілавіка падчас антываеннага мітынгу, прысудзілі калонію. Пасля затрымання іх катавалі
29 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе агучаны прысуд інжынеру Аляксандру Комару і Андрэю Андрэеву. Андрэя прызналі вінаватым паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. А Аляксандра — паводле арт. 364 Крымінальнага кодэкса (два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму), а таксама — паводле ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у плане «Перамога» (паўгода пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму). Шляхам складання пакаранняў Комара асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Абодва мужчыны не прызналі віну, паведамляе «Вясна».
Прысуд вынесла суддзя Дзіна Кучук.
Мужчын прызналі вінаватым у «гвалце ці пагрозе гвалту» у дачыненні да салдата Крута за тое, што падчас аднаго антываеннага мітынгу 27 лютага 2022 года ў Мінску яны проста ішлі на яго, у той час як той адступаў. Відэа разляцелася па інтэрнэт-крыніцах. Аляксандра Комара затрымалі 3 сакавіка 2022 года.
Катаванні падчас допытаў
Падчас суда стала вядома, што мужчын збівалі пры затрыманні. Паводле версіі абвінавачання, Аляксандр Комар збягаў ад супрацоўнікаў міліцыі. Ён распавёў, што яго затрымалі, калі ён вяртаўся з камандзіроўкі перад домам бацькоў жонкі. Да яго машыны падышлі супрацоўнікі міліцыі, ён папрасіў заглушыць машыну і пайшоў з імі ў бус, дзе яго моцна збілі, а потым на каленях запісалі «пакаяннае відэа», якое адразу выклалі ў інтэрнэт. Ён быў увесь у крыві. Потым яны прыйшлі да яго дадому, ключамі Аляксандра адчынілі дзверы ў кватэру, дзе знаходзілася яго жонка. Комар умыўся дома, але потым яго ўсё адно яшчэ раз збілі праз тое, што ён запэцкаў крывёю машыну. У Жодзіна пасля таго як ён сказаў лекару, што яго збілі пры затрыманні, мужчыну кінулі ў аднамесны карцар памерам прыкладна паўтара метра на тры, дзе было восем чалавек. Ён прастаяў там два дні.
Калі Андрэй распавядаў сваю гісторыю, то рабіў гэта з перапынкамі, бо было цяжка сабрацца. Яго не збівалі, але кінулі на падлогу і пагражалі — у тым ліку, сэксуальным гвалтам, замахваліся на яго, ён стаяў на каленях. Пяць дзён яго не кармілі, а потым таксама кінулі ў карцар. Суддзя слухала ўважліва, але на наступным пасяджэнні запытала, чаму людзі змяняюць свае паказанні і чаму яны не сказалі следчаму, што іх збівалі і пагражалі. Аляксандр Комар сказаў: «Таму што баяўся, што мяне наогул заб’юць».
Аналіз відэа
17 жніўня адбылося чацвёртае пасяджэнне, на якое мусіў прыйсці сведка з боку абвінавачання — 26-гадовы старшы лейтэнант Арцём Міхайлаў з ГУБАЗіКа, які «курыраваў» справу Комара і Андрэева. Меркавана, падчас усіх пасяджэнняў ён слухаў пад дзвярыма залы ўсё, што адбывалася. На шэраг пытанняў па справе бакі хацелі пачуць яго адказы, таму што акрамя таго, што ён з’яўляецца, ён яшчэ рабіў агляд тэлефона. У гэты дзень разглядаўся змест тэлефонаў мужчын. Адзін з адвакатаў замовіў незалежную экспертызу наконт чатаў у тэлеграме, высновы якой не супадалі з высновамі дзяржаўнай экспертызы Міхайлава.
У Аляксандра адабралі тэлефон пры затрыманні, пасля чаго пэўны час тэлефона не было ў справе — абаронца абвінавачанага запытваў, дзе быў апарат увесь гэты час. Калі жонка дасылала паведамленні на тэлефон, яны чыталіся. Неўзабаве перапіска з ёй была выдаленая.
Адзін з абаронцаў правёў экспертызу размешчанага відэа: высветлілася, што яно не арыгінальнае, з падрэзанымі кавалкамі і гукам. Адвакат падрабязна разбіраў дзеянні пацярпелага на відэа, экспертыза апісала яго дзеянні па секундах. Высветлілася, што мужчыны зрабілі ў бок пацярпелага 20 крокаў. У матэрыялах справы са словаў Міхайлава таксама напісана, што яны махалі рукамі і паказвалі жэстамі, як яны будуць біць пацярпелага — хаця на відэа гэтага таксама няма.
Гэта параўналі з білінгам тэлефонаў абвінавачаных, падчас якога выстветлілася, што ў даных ёсць несупадзенні з часам, які апісваў сведка Міхайлаў. Да таго ж абвінавачаныя сцвярджалі, што яны проста гулялі — адзін з адвакатаў выказаў здагадку, што яны паспрабавалі б збегчы з месца «злачынства», аднак паводзілі сябе спакойна, таму што былі ўпэўненыя, што не здзейснілі нічога супрацьпраўнага.
Што распавёў сведка?
Арцём Міхайлаў так і не з’явіўся на шостае пасяджэнне, аднак яго падключылі па відэасувязі: яго твар на экране быў размыты, быў бачны толькі контур. Гэта патлумачылі тым, што ў яго такая праца і «лепш, каб яго не было бачна». Стала вядома, што ён вучыцца ў БДУІР і працуе ў ГУБАЗіКу. Ён звяртаўся да абвінавачаных на ты, на што Андрэй Андрэеў звярнуў увагу суда — пасля гэтага суддзя Дзіна Кучук папрасіла Міхайлава прытрымлівацца правіл. Абвінавачаныя не пазналі Міхайлава, таму адвакаты сталі сумнявацца ў тым, што гэта наогул ён.
Сведка пацвердзіў, што прысутнічаў на першых допытах абвінавачаных. Андрэй Андрэеў спытаўся, у якой частцы пакоя ён знаходзіўся і ў што быў апрануты. Міхайлаў адказаў: каля дзвярэй, хаця абвінавачаны распавядаў, што яму пагражалі ў цэнтры пакоя, а потым ён стаяў на каленях перад сталом. З Аляксандрам адбылося тое самае. Адвакат спытаў, чаму няма пратакола, дзе заыіксавана, як ён выявіў падпіску Комара на план «Перамога». Той адказаў, што ён мусіць быць — хаця яго не было ў матэрыялах справы.
У абаронцаў таксама ўзніклі пытанні наконт таго, дзе Міхайлаў убачыў, што яны паказваюць жэстамі пагрозы Круту, хаця нават экспертыза пацвердзіла, што гэтага не было. Адвакат таксама спытаўся, на падставе якога закона Міхайлаў зняў «пакаянныя відэа» з мужчынамі і выклаў іх у інтэрнэт. Ён адказаў, што не здымаў, хаця быў на допытах. «Магчыма, здымаў нехта іншы, не ведаю», — адказаў старшы лейтэнант.
Таксама Міхайлаў распавёў, што за далучэнне да плана «Перамога» ужо ёсць людзі, якія былі асуджаныя, а адвакат падаваў запыт, згодна з адказам на яго, ніводнага суда яшчэ не адбылося.
На апошнім пасяджэнні цягам трох гадзін разглядалі відэа з тэлефона Аляксандра Комара. Суддзя вырашыла, што яго трэба глядзець на закрытым пасяджэнні. Таксама Дзіна Кучук адхіліла хадайніцтвы адвакатаў наконт правядзення дзяржаўнай экспертызы тэлефона і высвятлення акалічнасцяў знаходжання пацярпелага на вуліцы.
У спрэчках дзяржабвінаваўца папрасіў прысудзіць Андрэю Андрэеву два гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а Аляксандру Комару — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кучук пагадзілася з тэрмінамі і прызначыла мужчынам менавіта такія пакаранні.
-
У Рэчыцы пад палітычны пераслед трапіў адзін з самых паважаных у горадзе дактароў
-
«Дзімка? Дык які ён шпіён? Гэта проста смешна». Знаёмыя памерлага ў калоніі Дзмітрыя Шлетгаўэра расказалі пра яго і яго сям'ю
-
З'явілася інфармацыя пра затрыманні на БЕЛАЗе. Праваабаронцы звязваюць іх з кпінамі з фірмовых ботаў
Каментары