У Аб'яднаны пераходны кабінет уключылі Таццяну Зарэцкую — беларуску, якая трапіла ў спіс Forbes
У Кабінеце Таццяна Зарэцкая будзе займацца пытаннямі фінансаў і эканомікі.
09.09.2022 / 18:59
У складзе Кабінета Таццяна Зарэцкая, як заяўлена, будзе займацца наступнымі пытаннямі:
- Прыцягваючы напрацоўкі і экспертызу эканамічных групаў, распрацоўваць стратэгію і планаванне на пераходны перыяд. Гэта значыць прыцягненне ў Беларусь капіталу з ЕС і ЗША, перадача ведаў, чалавечага капіталу, свежых законапраектаў у фінансавай і эканамічнай галінах новаму ўраду;
- Прадстаўляць Кабінет і дэмакратычную Беларусь на міжнароднай фінансавай арэне, каб наладжваць адносіны з ключавымі прадстаўнікамі;
- Весці перамовы па праграмах развіцця з двухбаковымі і шматбаковымі партнёрамі, кантраляваць і забяспечваць іх рэалізацыю;
- Каардынаваць распрацоўку фінансавага, валютнага, бухгалтарскага і бюджэтнага заканадаўства;
- Складаць і забяспечваць бюджэт Кабінета.
Таццяна Зарэцкая — заснавальніца і СЕА кампаніі Laava Tech, якая займаецца аўтаматызацыяй і скарачэннем энергаспажывання. Мільянерка, рэзідэнтка спісу Forbes «30 да 30». Таксама яна ўвайшла ў штогадовы спіс выбітных наватараў да 35 са ўсяго свету ад МІТ — прэстыжнага Масачусецкага тэхналагічнага інстытута. Яе стартап Laava Tech мае кліентаў у Еўропе, Кітаі, ЗША.