Зборная Беларусі па футболе ўжо традыцыйна прайграла. Гэтым разам Казахстану
У 5-м туры Лігі нацый каманда Георгія Кандрацьева прайграла ў гасцях зборнай Казахстана з лікам 1:2. Гэта ўвогуле першы пройгрыш беларусаў казахстанцам у гісторыі сустрэч іх нацыянальных зборных.
22.09.2022 / 19:09
Казахстан забіў першы гол на 29 хвіліне, напрыканцы першага тайма, ужо ў дададзены арбітрам час Павел Савіцкі лік зраўняў, але на 79-й хвіліне казахстанскі паўабаронца Байхіёр Зайнутдзінаў усталяваў канчатковы лік.
Казахстанскія заўзятары на трыбунах
Беларусы, такім чынам, з двума ачкамі застаюцца на апошнім месцы ў сваёй групе С3 Лігі нацый. Вышэй ім размяшчаюцца Казахстан (13 ачкоў), Славакія (6) і Азербайджан (4). Славакі і азербайджанцы сёння ўвечары гуляюць паміж сабой.
А беларусам застаецца згуляць толькі адзін матч — са славакамі 25 верасня. Ён адбудзецца ў горадзе Бачка-Таполя ў Сербіі, бо зборная Славакіі прынцыпова не захацела прымаць беларусаў у сябе дома «з-за сусветнай палітычнай сітуацыі».
Некалькі дзён таму беларуская зборная прэзентавала сваю новую форму. Але шчасця, як выглядае, не прыносіць і яна.