Сон пасля ежы: наколькі гэта здаровая звычка?

Падрамаць пасля абеду — прыемная звычка. Сон аднаўляе не толькі цела, але і розум, таму ён і з’яўляецца такой важнай часткай жыцця кожнага чалавека. Але наколькі карысная для нашага цела такая сіеста?

27.12.2022 / 21:12

Фота: Pixabay.com

Дзённы сон ратуе шмат каго ад стомленасці і стрэсу пасля некалькіх гадзін працы. Штодзённы паспех таксама часта выклікае бяссонныя ночы, якія мы пры магчымасці кампенсуем сном удзень, тлумачыць onet.pl.

Тым не менш, спаць пасля ежы можа быць не найлепшым рашэннем. Мала хто думае, якія працэсы ў такім выпадку адбываюцца ў арганізме чалавека. У першую чаргу варта звярнуць увагу на працэс стрававання, які пры такім адпачынку запавольваецца.

Калі чалавек ляжыць, гэта перашкаджае стрававальнаму працэсу і запавольвае рух змесціва страўніка па далейшых частках стрававальнай сістэмы.

Гэтая затрымка выклікае павелічэнне сакрэцыі страўнікавага соку, што прыводзіць да рэфлюксу і пякоткі. Акрамя таго, багата людзей, каму ўласцівая звычка падрамаць пасля абеда, скардзяцца на запоры, уздуцце жывата і газы.

Калі трошкі падрамаць пасля ежы, гэта не абавязкова нашкодзіць вам, але важна выконваць некалькі важных правілаў.

Па-першае, звяртайце ўвагу на час сну. Не варта класціся спаць адразу пасля таго, як вы моцна паелі, бо сон запавольвае абмен рэчываў. Стрававальная сістэма павінна спачатку ператравіць ежу і выкарыстаць пры гэтым накопленыя запасы энергіі. Таму перад запланаваным сном варта пад’есці, але крышку, і потым пачакаць да сну хаця б паўгадзінкі.

Па-другое, важна і тое, колькі вы збіраецеся спаць удзень. Эксперты раяць абмежаваць сябе 20 хвілінамі сну. У такім выпадку вы не дойдзеце да фазы глыбокага сну, але здолееце хутка аднавіцца і набрацца энергіі на рэшту дня. Але памятайце, што прадрамаць менш за 10 хвілін нічога не дае.

Каб сон быў максімальна якасным, выбірайце для яго правільнае месца. Упэўніцеся, што ў пакоі для сну цёмна — напрыклад, апусціце жалюзі або захініце шторы. Таксама звярніце ўвагу на пасцелю і матрац: цвёрдая паверхня добра ўплывае на хрыбет, а добрыя падушкі і коўдры паляпшаюць якасць сну.

Сон удзень, аднак, мае і некаторыя мінусы. Даследаванні сведчаць пра тое, што гэтая звычка можа парушаць сутачныя рытмы: тыя, хто спіць удзень, часам скардзяцца на праблемы са сном, у тым ліку на бяссонніцу і начныя абуджэнні. Таксама медыкі звяртаюць увагу, што сон пасля абеду павышае рызыку развіцця цукровага дыябету ІІ тыпу.

Чытайце таксама:

«Цяпер я разумею, якім быў дурнем». «Тэрапія не адразу дае эфект». Чатыры рэальныя беларускія гісторыі пра дэпрэсію

Хочаце палепшыць сон? Старайцеся пазбавіцца гэтай звычкі

На спіне, жываце ці на баку? Навукоўцы назвалі найлепшыя позы для сну

Nashaniva.com