«Для падрыхтоўкі да новага адкрыцця спатрэбіцца тыдзень». У Мінску пачалі закрываць «Віталюры»
Карэспандэнт выдання Blizko.by заўважыў, што адна з крам «Віталюр» у Мінску ўжо закрылася і паспрабаваў даведацца, што з астатнімі і які іх далейшы лёс.
16.01.2023 / 20:43
Раней ужо паведамлялася, што кампанія «Віталюр» сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі, звязанымі перадусім з запазычанасцю перад пастаўшчыкамі. Выхадам з сітуацыі стала дамоўленасць з групай кампаній «Санта Рытэйл» аб здачы ў арэнду гандлёвых плошчаў.
«У ходзе падрыхтоўкі здзелкі ў цяперашні час намі праводзіцца д'ю-дыліджанс сеткі «Віталюр», — паведаміла Blizko.by прэс-сакратарка «Санта Рытэйл» Алена Бабкіна. — Мяркуецца, што працэдура пераходу будзе рабіцца паступальна, каб забяспечыць магчымасць пакрокавага пагашэння запазычанасцяў ТДА «Віталюр» перад пастаўшчыкамі і арганізаваць працу крам гандлёвай сеткі ў звычайным рэжыме».
Паводле інфармацыі Людмілы (імя зменена па просьбе гераіні), перад Новым годам у маладзечанскім філіяле кандытарскай фабрыкі «Слодыч», дзе яна працуе, супрацоўнікам выдалі падарункавыя сертыфікаты на суму 150 рублёў у прадуктовую краму «Віталюр». Так сетка вырашыла пагасіць фабрыцы запазычанасці за пастаўкі.
Калі ж праз тыдзень пасля Новага года Людміла вырашыла часткова скарыстаць сертыфікат, у краме яе папярэдзілі, што астатнюю суму яна павінна выдаткаваць да 22 студзеня бягучага года, бо ў супрацоўнікаў гандлёвай сеткі гэта апошні працоўны дзень.
У аддзеле развіцця сеткі «Віталюр» пацвердзілі інфармацыю аб закрыцці магазінаў па тэхнічных прычынах:
«Цяпер праходзіць перадача аб'ектаў іншаму аператару, таму крамы будуць паступова закрывацца згодна з графікам, але пакуль мы не можам яго апублікаваць — іншы аператар яго яшчэ не ўзгадніў. Але закрытыя яны будуць нядоўга. Каб падрыхтаваць іх да новага адкрыцця, спатрэбіцца каля тыдня».