Чыгуначніка пасадзілі за тое, што ён пераслаў фота цягніка, які разбіўся аб прычэп з гноем
Сёння з'явілася інфармацыя, што польская фірма адмовілася рамантаваць выраблены ў Польшчы беларускі цягнік, які ў сакавіку мінулага года разбіўся аб прычэп з гноем паміж Рудзенскам і Міханавічамі. Краязнаўца з гістарычнай Глыбоччыны Кастусь Шыталь у сувязі з гэтым згадаў вядомы яму сумны факт, звязаны з той аварыяй.
16.01.2023 / 21:32
«У гісторыі з цягніком, які разбіўся аб прычэп з гноем, ёсць адна сумная дэталь. За перасылку гэтага фота пасадзілі Валянціна Самасюка, работніка Баранавіцкай дыстанцыі пуці.
Да яго прыйшлі, калі трэслі ўдзельнікаў чыгуначных чатаў. І знайшлі перапіску з чалавекам, якога сілавікі лічаць адмінам канала «Сообщество железнодорожников Беларуси».
Там была якраз гэтая фотка. Якую Валянцін сам зрабіць не мог, бо ён працаваў у ПЧ у Баранавічах, а машына стаяла ў ТЧ у Лідзе.
Дарэчы, Валянцін не быў актывістам. Ён са скепсісам ставіўся да спробаў страйку і сабатажу на чыгунцы. Але шалёна цікавіўся чыгуначным транспартам, вёў тэматычную суполку УКантакце, быў удзельнікаў чатаў пра чыгунку, любіў фатаграфаваць цягнікі.
Валянціну прышылі артыкул 361-4 «Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці». Колькі гадоў яму далі і ў якой калоніі ён сядзіць — невядома», — піша Кастусь Шыталь.